У прыродзе на зімовы перыяд ластаўкі ляцяць на поўдзень, а ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці дзіцячы аздараўленчы лагер «Ластаўка» з радасцю сустракае дзяцей зімой.
На базе лагера са снежня расчыніла вароты сядзіба Дзеда Мароза. На працягу двух тыдняў працы больш за 500 дзяцей і іх бацькоў з задавальненнем акунуліся ў навагоднюю атмасферу казачнага лесу. Ля чарадзейнай брамы сядзібы гасцей сустракаюць лясныя героі і стрэлачкі-сяброўкі, якія вядуць па «Сцежцы казак», на станцыях якой рады наведвальнікам казачныя персанажы. Баба Яга загадвае дзецям цікавыя загадкі, Снежная Каралева са сваім памочнікам Снегавіком ў працэсе гульні замарожваюць і адмарожваюць наведвальнікаў, Лесавічок прапаноўвае паўдзельнічаць у гульні «Снегобол», Падчарка з казкі «Дванаццаць месяцаў» размяркоўвае гасцей на групы паводле назвы месяца іх нараджэння і прапануе пагрэцца ля казачнага вогнішча, Заяц скача з гасцямі па снежных купінах і пераадольвае чароўны лабірынт, апошнімі сустракаюць гасцей Кашчэй Бессмяротны і Кікімары, яны прапануюць пакінуць на ёлцы жаданняў ліст Дзеду Марозу і паўдзельнічаць у навагоднім флэшмобе. Далей у актавай зале праходзіць прадстаўленне “Цуды пад Новы год”. Не менш цікавым момантам знаходжання ў сядзібе з’яўляецца наведванне фітабара і дэгустацыя фірменных ластаўчыных аладак. Акрамя гэтага ўсе жадаючыя могуць пакатацца на лыжах па тэрыторыі лагера, наведаць гульнявыя атракцыёны.
З радасцю сустрэнем новых наведвальнікаў у сядзібе Дзеда Мароза!
Вольга ДЭМБОЎСКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.