Зімовы гарадок цудаў

На зімовых канікулах для хлопчыкаў і дзяўчынак сярэдняй школы № 5 Навагрудка гасцінна расчыніў дзверы аздараўленчы лагер “Зімовы гарадок цудаў”.

Сем дзён адпачынку ў зімовым гарадку былі насычаныя і не дазвалялі сумаваць. Два атрады “Памочнікі Дзеда Мароза” і “Снегавікі” змагаліся за права першымі дабрацца да плошчы Снежнай Каралевы і атрымаць ганаровае званне пераможцы. Пачалося зімовае падарожжа з завулка “Давайце пазнаёмімся”. Маленькія жыхары цудоўнага гарадка адразу дамовіліся: “Будзем сябраваць!”.

У першы дзень адпачынку выхаванцы зімовага гарадка былі захоплены агульнай справай: выбіралі старшыняў атрадаў, распрацоўвалі правілы і законы сумеснага адпачынку, стваралі лагатыпы кожнага з атрадаў.

Увесь час няўрымслівых маленькіх жыхароў гарадка чакалі новыя цуды. У казачнае падарожжа па вуліцы “Навагодняя” выхаванцаў запрасіў Іван Царэвіч і яго сябры. Вясёлыя карагоды каля навагодняй ёлкі, цікавыя гульні са Снегавіком, пачастункі Матухны Зімы дадавалі святочнага настрою.

Кожны дзень на праспекце “Зімовыя старты” дзеці з задавальненнем каталіся на лыжах, каньках, ляпілі снегавікоў, гулялі ў зімовыя гульні.

Так паступова крочылі выхаванцы зімовага гарадка да галоўнай рэзідэнцыі Снежнай Каралевы. На прыпынках “Па слядах Снежнай Каралевы” дзеці малявалі, ляпілі казачных герояў, будавалі вежы з незвычайных матэрыялаў. А яшчэ глядзелі казкі і мультфільмы, чыталі, разгадвалі крыжаванкі, танцавалі і спявалі.

Цікава адпачылі жыхары цудоўнага гарадка. А самае галоўнае — дружнай камандай атрады “Памочнікі Дзеда Мароза” і “Снегавікі” трапілі на плошчу Снежнай Каралевы. На ўрачыстым закрыцці лагернай змены дзеці былі ўзнагароджаны граматамі, салодкімі прызамі і падарункамі.

Змена ў аздараўленчым “Зімовым гарадку” скончылася. Дзеці, іх бацькі і педагогі школы адзначылі, што зарад бадзёрага настрою і здароўя ў час адпачынку атрымалі ўсе.

Аляксандра МУРЫЧАНКАВА,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера сярэдняй школы № 5 Навагрудка.