“Зімовы маршрут” працягваецца!

Эстафету рэспубліканскага патрыятычнага праекта прымае аграгарадок Асінторф Дубровенскага раёна.

На Віцебшчыне праект “Зімовы маршрут” стартаваў 24 студзеня ў Наваполацку з урачыстага мітынгу і акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Першая палатка” ў гонар будаўнікоў-першапраходцаў. У склад зводнага атрада “Першы крок” увайшлі лепшыя прадстаўнікі студэнцкіх атрадаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Учора маладзёжныя лідары правялі працоўныя акцыі па прыбіранні снегу ў мемарыяльным комплексе “Рыленкі” Дубровенскага раёна і ў парку Воінскай славы горада Дуброўна, наведалі раённы гістарычна-краязнаўчы музей, аказалі адрасную шэфскую дапамогу адзінока пражываючым пажылым людзям, у тым ліку Надзеі Катляровай і Веры Касянковай, якая ў гады Вялікай Айчын­най вайны была малалетнім вязнем фашысцкага канцлагера. Навучэнцаў сярэдняй школы №1 Дуброўна студэнцкі дэсант запрасіў паўдзельнічаць у асветніцкай конкурсна-гульнявой праграме з абмеркаваннем пытанняў прафарыентацыі і дзейнасці БСА,пераваг і бяспекі сучаснай атамнай энергетыкі, а затым — на сустрэчу, прысвечаную захаванню гістарычнай памяці аб героях Вялікай Перамогі,інтэрактыўныя заняткі па культуры здаровага ладу жыцця і майстар-класы па народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Заключным яркім акордам насычанага па­дзеямі дня стаў выдатны канцэрт, дадзены студатрадаўцамі ў Дубровенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці.

Наступны пункт “Зімовага маршруту” — аграгарадок Асінторф. Праграма сённяшняга дня ўключае працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля помніка асінторфскімпадпольшчыкам у вёсцы Буда і вайсковага пахавання “Брацкія могілкі” ў Асінторфе, дапамогу пажылым людзям, а таксама ўрачыстую лінейку, конкурсы, гульні, інтэрактыўныя заняткі і майстар-класы з навучэнцамі Асінторфскай сярэдняй школы Дубровенскага раёна,экскурсію ў мясцовы музей воінскай і працоўнай славы, канцэрт у сельскім Доме культуры. Заўтра ў рамках праекта зводны студэнцкі атрад наведае Оршу, вёскі Юрцава, Пішчалава Аршанскага раёна; 29 сту­дзеня — Талачын. Арганізатарам праекта выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і органаў выканаўчай улады.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным камітэтам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.