Яркія зімовыя ўражанні засталіся ў нашых школьнікаў пра дні, праведзеныя ў аздараўленчым лагеры “Зімовая казка”, які працаваў у час зімовых канікул на базе Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.
Змена праходзіла ў выглядзе марафона “Зімовай сцежкай малой радзімы”. Уся работа лагера грунтавалася на гульнявой мадэлі падарожжа. Вандруючы па розных сцежках, дзеці даведаліся шмат новага пра сваю малую радзіму, наведалі школьны гісторыка-краязнаўчы музей, храм святога лекара і велікамучаніка Панцеляймона, сустрэліся з мясцовымі ўмельцамі, сталі ўдзельнікамі акцый “Цуды на Каляды” і “Калядная рукавічка”, фотакросінгу “Адзін дзень з жыцця маёй малой радзімы”, наведалі раённую цэнтральную бібліятэку ў рамках раённага праекта “Да суседзяў”.
Але самы яркі след у сэрцах пакінула паездка ў вёску Залейкі. Дзеці наведалі культурна-турыстычны аб’ект “Сядзіба дзеда Зімнікі і бабы Завірухі” і сталі ўдзельнікамі навагодняга інтэрактыўнага спектакля-казкі пад адкрытым небам “Прыгоды ў навагоднім лесе”. Для большасці гэта быў першы візіт да Дзеда Мароза. Перш чым увайсці праз галоўную браму на запаветны падворак, нас сустракалі героі любімых казак, з якімі давялося прайсці розныя выпрабаванні
Вось яна, доўгачаканая сустрэча! Вось ён — Чараўнік! Дзядуля вітае гасцей, цікавіцца, адкуль прыехалі, і знаходзіць для гасцей добрыя словы і жарты. Далей — групавое фота.
Усяго толькі сем дзён доўжылася наша “Зімовая казка”. Дзейнасць лагера была накіравана на стварэнне добрага настрою ў дзяцей. А для добрага настрою патрэбныя цікавыя справы. Таму, арганізуючы работу, неабходна было паклапаціцца, каб дзецям было камфортна, цікава.
Святлана БЫЧКОЎСКАЯ,
дырэктар лагера “Зімовая казка”.