Зімовыя бегавыя гульні ў дапамогу дзецям з інваліднасцю

- 11:14Выхаванне

У Беларусі з 9 па 11 лютага пройдуць зімовыя бегавыя гульні — маштабныя прабежкі (у красоўках, на каньках, лыжах і нават на трэнажорах) у дапамогу дзецям з інваліднасцю. Кожны кіламетр, які будзе пераадолены ўдзельнікамі акцыі на вуліцы або ў памяшканні, кампанія Velcom перавядзе ў рублі і накіруе на дабрачынныя мэты.

У першай зімовай ініцыятыве #velcombegom змогуць прыняць удзел беларусы ва ўсім свеце. Бегаць у дапамогу дзецям можна як па вуліцы, так і дома або ў спартзале на бегавой дарожцы. Сваімі кіламетрамі могуць дзяліцца як прафесійныя атлеты, так і аматары бегу. Усе ўдзельнікі забегу будуць умоўна падзелены на дзве каманды. У першую ўвойдуць тыя, што бегаюць на вуліцы, у парку ці лесе, у тым ліку лыжнікі і канькабежцы. Да другой аднясуць усіх, хто адольвае дыстанцыі на бегавых дарожках, эліпсоідах і стэперах. Кожны кіламетр бегуна з каманды-пераможцы кампанія Velcom перавядзе ў два рублі, з другой каманды — у рубель.

Для ўдзелу ў акцыі трэба з 9 па 11 лютага прабегчы любым зручным спосабам, пасля чаго сфатаграфаваць вынік на экране трэнажора ці зафіксаваць яго з дапамогай фітнес-дадатку. Скрыншот дадатку або здымак экрана трэнажора з указаннем даты і кіламетражу неабходна выкласці ў сацыяльныя сеткі з хэштэгамі #velcombegom і #взале (для тых, хто бегае ў памяшканні) або #velcombegom і #наулице (для тых, хто бегае на вуліцы). Уклад кожнага ўдзельніка будзе ўлічаны незалежна ад таго, колькі і дзе ён прабяжыць.

“Зімовы бегавы праект такога фармату праводзіцца ўпершыню, — паведаміў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслаў Смірноў. — Сімвалічна ён стартуе адначасова з XXIII зімовымі Алімпійскімі гульнямі ў Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя). Такім чынам, кожны жадаючы можа сваім бегам падтрымаць нашых алімпійцаў. Сацыяльная ініцыятыва таксама заклікана стымуляваць да паўнацэннага забегу тых, хто зараз займаецца ў спартзале на бегавых трэнажорах. Мы імкнёмся паказаць, што бегаць карысна ў любую пару года”.

Напярэдадні акцыі, 7 лютага, у мінскім парку Dreamland прайшоў першы ў краіне аздараўленча-жартоўны забег у валёнках. Яго дыстанцыя склала 1 кіламетр. Першыя 50 бегуноў, якія прайшлі рэгістрацыю на забег, бясплатна атрымалі на старце валёнкі і змаглі пакінуць іх сабе пасля фінішу. Акрамя таго, усе ўдзельнікі жартоўнага забегу частаваліся гарачым чаем.

Сабраныя ў выніку зімовых бегавых гульняў сродкі Velcom пры падтрымцы Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь накіруе Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнату для дзяцей з парушэннямі зроку і Маладзечанскай санаторнай школе-інтэрнату для дзяцей, хворых на скаліёз. Грошы плануецца выдаткаваць на пераабсталяванне стадыёна і далучэнне дзяцей з інваліднасцю да паралімпійскага спорту.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.