Зімовыя траўмы ў цёплае надвор’е

З-за чаго яны ўзнікаюць і як іх пазбегнуць?

Няма снегу, няма марозу, значыць, няма і спецыфічных зімовых траўм? Здавалася б, вывад лагічны. Так, ды не зусім. Па-першае, навагоднія і калядныя святы не абыходзяцца без выкарыстання піратэхнікі, па-другое, аматары зімовых відаў спорту выязджаюць за снегам і лёдам у іншыя краіны і, здараецца, вяртаюцца з траўмамі, атрыманымі на гарналыжных курортах, па-трэцяе, галалёд і туман пры няўстойлівым надвор’і нікуды не знікаюць, тым больш што сіноптыкі гавораць аб магчымасці марознага надвор’я праз пэўны час. Ну а дзеці, калі ўжо на горцы не пакатаешся, шукаюць іншых забаў…

— Галалёдная траўма зімой і ў час пераходу ад цяпла да холаду прэваліруе над усімі іншымі траўмамі, — гаворыць траўматолаг-артапед вышэйшай катэгорыі прыёмнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Андрэй Аляксандравіч Ярашэвіч. — Больш за 40% зімовых траўм лю­дзі атрымліваюць з-за падзенняў на абле­дзянелых тратуарах. З іх на першым месцы ўдары (таксама каля 40%), на другім — пераломы рознай лакалізацыі — кісці, пазваночніка і г.д. У пацярпелых да 18 гадоў часцей за ўсё здараюцца расцяжэнні, на другім месцы — пераломы. Сярод асоб працаздольнага ўзросту траўматызм, канечне, куды больш высокі, бо гэтыя лю­дзі актыўней перамяшчаюцца, што звязана з работай — яны скла­даюць 63% ад усіх, хто атрымлівае траўмы зімой.

Людзі, якім ужо споўнілася 60 і больш гадоў, траўміруюцца не так часта — іх 10% па рэспубліканскай статыстыцы, прычым прыкладна палову іх траўм складаюць удары і пашкоджанні звязак.

Зімой павялічваецца і нагрузка на ўрачоў. Так, частка людзей, якія выязджалі ў доўгія святочныя выхадныя ў месцы, дзе ёсць снег, пакатацца на лыжах, вярнулася дадому з недалечанымі траўмамі. Спецыяліст РНПЦ траўматалогіі і артапедыі адзначае, што з наступствамі зімовага адпачынку ў цэнтр што­дзень звяртаюцца па 3— 4 чалавекі, прычым траўмы ў многіх пацыентаў  сур’ёзныя.

— Хочацца звярнуць увагу ўсіх, хто выязджае на экстрэмальныя віды адпачынку: вельмі ўважліва стаўцеся да афармлення страховак, — дадае А.А.Ярашэвіч. — Бываюць выпадкі, калі людзі едуць на гарналыжны курорт, напрыклад, у Закапанэ зусім без страхоўкі — маўляў, там жа свае людзі, славяне, дапамогуць, калі што. А вяртаюцца потым з вялікімі цяжкасцямі, з няпоўным аб’ёмам аказанай дапамогі. У нас жа зімовы сезон, можна ска­заць, яшчэ наперадзе, прафілактычную работу весці не позна, асабліва сярод дзяцей і бацькоў: нага­даць пра небяспеку цюбінгаў і г.д.

Пры гэтым спецыяліст заўважае, што, нягледзячы на нетыповае надвор’е і амаль поўную адсутнасць снегу падчас зімовых канікул, зваротаў у РНПЦ з траўмамі ў дзяцей было нямала, як і пасля канікул. Дзеці пры адсутнасці снегу забаўляюцца іншым чынам: па некалькі зваротаў у дзень бывае з-за траўм, якія яны атрымліваюць на батутах. А батут — гэта спартыўны снарад, скачкі на якім патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі. У непадрыхтаваных дзяцей пры такіх забавах здараюцца пашкоджанні пазваночніка, з-за якіх у далейшым узнікаюць праблемы паставы, больш ранняе прагрэсіраванне пэўных узроставых захворванняў.

Памятайце:

нельга трымаць запалены піратэхнічны выраб у руках; накіроўваць яго ў бок людзей; нахіляцца над запаленым вырабам, над вырабам, якіспрацаваў; старацца запаліць яго зноў, запускаць піратэхніку ў месцах, дзе сабраліся людзі, пры моцным ветры; дазваляць дзецям выкарыстоўваць такія вырабы; выкарыстоўваць іх у памяшканнях; насіць піратэхніку ў кішэнях. Варта таксама набываць піратэхнічныя вырабы ў спецыялізаваных магазінах, патрабаваць сертыфікат якасці на рускай або беларускай мове, вывучаць інструкцыю, запускаць піратэхніку далёка ад дамоў і машын. Памятайце пра гэтыя правілы, калі вырашыце адзначыць феерверкам 14 лютага або 8 Сакавіка, дзень нараджэння ці іншае свята.

Урач-камбустыёлаг (спецыяліст па лячэнні траўм ад апёкаў і выбухаў) Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі кандыдат медыцынскіх навук Яўген Віктаравіч Жылінскі дадае да гэтай карціны іншыя штрыхі — халадовыя траўмы і траўмы, атрыманыя пры карыстанні піратэхнічнымі вырабамі. Што да апошніх, то тут характэрна: прафілактычная і асветніцкая работа дае плён, пацыентаў з траўмамі, атрыманымі з-за піратэхнікі, з кожным годам становіцца ўсё менш, прычым менш і цяжкіх траўм. Так, з пачатку гэтага года ў бальніцы дапамагалі толькі аднаму дзіцяці з тэрмічным апёкам, атрыманым з-за выбуху петарды ў руках, дапамога была аказана амбулаторна.

У мінулым годзе, дарэчы, у бальніцу былі гаспіталізаваны толькі 4 пацыенты з апёкамі і іншымі траўмамі, якія яны атрымалі з-за выкарыстання піратэхнікі. Цяжкіх траўм у такіх выпадках таксама ўсё менш, але важна памятаць: часта гэта траўмы твару, рук, і нярэдка яны прыводзяць да інваліднасці, патрабуюць складанага рэканстукцыйнага аперацыйнага ўмяшання на працягу 2—4 месяцаў. Нават пасля нязначнага апёку канечнасцей з-за выбуху высокатэрмічнага рэчыва функцыя гэтай канечнасці можа не вярнуцца ў поўным аб’ёме. Карацей, сто раз падумайце: а яно вам трэба, тым больш калі той, хто збіраецца наладзіць феерверк, паспеў адзначыць свята алкаголем?

Прынамсі, пры падрыхтоўцы да навагодніх і калядных свят Дзяржпрамнагляд, міліцыя не выявілі парушэнняў правіл перавозу  піратэхнікі, як і пры падрыхтоўцы масавых мерапрыемстваў, продажы гэтых вырабаў. Пажараў за час мінулых свят з-за піратэхнікі таксама не здарылася. Так што траўміраванне, якое ўсё ж узнікае, — вынік няўважлівасці і бесклапотнасці тых, хто выкарыстоўвае піратэхніку. На сярэдзіну студзеня з пачатку свят па краіне з-за такой прычыны былі траўміраваны 60 чалавек, з іх 22 дзіцяці.

Што да абмаражэнняў і пераахаладжэнняў, то з пачатку гэтага года на сярэдзіну студзеня ў бальніцы хуткай дапамогі дапамагалі двум пацыентам з абма­ражэннямі і аднаму — з пераахала­джэннем. Так, і ў адносна цёплае надвор’е можна атрымаць такія праблемы, асабліва пры высокай вільготнасці і моцным ветры. Ужо пры тэмпературы +4 градусы пры доўгім знаходжанні на адкрытай прасторы ўзнікае рызыка пераахаладжэнняў, халадовых траўм, напрыклад, пра нашэнні цеснага абутку. А для пажылых людзей, з праблемамі здароўя (цукровы дыябет і іншыя захворванні) небяспека ўзрастае. Безумоўна, яна павялічваецца і для тых, хто злоўжывае алкаголем, псіхатропнымі рэчывамі, мае расстройствы паводзін, а значыць, можа заблудзіць, доўга ба­дзяцца па вуліцы. А яшчэ пры ўзнікненні праблем важна своечасова звярнуцца па дапамогу, каб урачы здолелі цалкам вярнуць пацыента да паўнацэннага жыцця.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.