Зімовыя забавы для ўсіх

Нарэшце мы дачакаліся зімы! Чысты белы снег, гурбы, беласнежная покрыва на зямлі — усё гэта так падымае настрой! І ўсё, што трэба для гульняў, ужо ёсць на вуліцы. Самае галоўнае — ёсць снег.

Настаўнікі фізічнай культуры, арганізоўваючы фізкультурна-аздараўленчую работу ў зімовы перыяд, ведаюць, што дзеці вельмі любяць зіму, і не толькі з-за навагодніх і калядных святаў. Бо толькі зімой можна пакатацца на лыжах і каньках, скаціцца з ледзяной гары, ладзіць баі снежкамі!

Для правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў у зімовы перыяд школа мае добрую спартыўную базу: вялікая тэрыторыя для катання на лыжах, санках, гульняў у снежкі, лепкі снегавікоў. Восенню гэтага года пабудавалі сваімі сіламі хакейную каробку плошчай 800 кв. метраў. У дастатковай колькасці ў школе маецца зімовы спартыўны інвентар: канькі, лыжы.

З прыходам зімы на ўроках фізічнай культуры і ў пазаўрочны час навучэнцы пачалі актыўна катацца на лыжах. Пасля ўрокаў, асабліва вечарам, на каток і лыжню прыходзяць навучэнцы з сябрамі і бацькамі. Хіт усіх зімовых забаў для дзяцей — майстраванне снегавіка або катанне з горак. Катаюцца не толькі на лядзянках і ватрушках, але, як у старыя добрыя часы, прыстасоўваюць для гэтага і абрэзкі лінолеума, і кавалкі кардонных скрынак.

Ну, і якая ж зіма без снежных баёў? Дзеці з задавальненнем гуляюць у “Узяцце снежнага гарадка”. Снежныя сцены будуюцца хутка, галоўнае — не здаць крэпасць “ворагу” і не дазволіць камандзе саперніка зламаць крапасныя сцены.

Прыцягвае ўвагу гараджан на зімовых вячэрніх прагулках і тэрыторыя школы, якая святочна аформлена.

Такія зімовыя забавы даспадобы дзецям, а самае галоўнае — спрыяюць умацаванню здароўя.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 3 Ашмян.