Зінаіда Пянькова: у навучанні і выхаванні трэба абапірацца на свае спрадвечныя традыцыі

- 15:12Образование

Настаўніца, кіраўнік, парламентарый, грамадскі дзеяч. За больш чым паўстагоддзя працоўнага стажу Зінаіда Пянькова займала розныя пасады. Але заўсёды з душой і энтузіязмам працавала на карысць роднай краіны і людзей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Няпросты лёс

Па біяграфіі Зінаіды Васільеўны можна пісаць кнігу ці здымаць фільм. У яе жыцці было шмат знакавых момантаў. Хапіла і цяжкасцей, страт.

— Дзяцінства прыйшлося на цяжкія пасляваенныя гады. Не абмінула і сірочая доля: таты не стала неўзабаве пасля майго нараджэння. Расла ў вёсцы на Гомельшчыне, на выхаванні ў бабулі з дзядулем. Разам з сястрой паехала вучыцца ў школу-інтэрнат у Рэчыцы. Расставанне з роднымі далося няпроста. І цяпер памятаю, з якой радасцю чакалі прыездаў дзеда з няхітрымі гасцінцамі, як па суботах спяшаліся дадому. Трэба было ісці сем кіламетраў праз лес, але мы не баяліся: ба­дзёрасці надавалі думкі аб магчымасці пабачыцца з сям’ёй, — падзялілася ўспамінамі суразмоўніца.

Школьніцай Зінаіда Пянькова ад­рознівалася працавітасцю і актыўнасцю. Была адной з лепшых вучаніц, удзель­нічала ва ўсіх грамадскіх мерапрыемствах. Сваю бойкасць, ініцыятыўнасць захавала і ў студэнцтве.

— Пасля доўгіх роздумаў наконт прафесіі вырашыла пайсці ў педагогіку. Вучылася на фізмаце тагачаснага Віцебскага педагагічнага інстытута. Было нялёгка, падтрымкі не чакала, разлічвала толькі на сябе. Днём вучылася, а па начах падпрацоўвала вартаўніком на будоўлі. Аднак нямала было і светлых па­дзей. Менавіта студэнцтва падарыла сустрэчу з будучым мужам. Адправілася на педагагічную практыку ў адну з віцебскіх школ, дзе завуч Іван Андрэевіч курыраваў маю работу. Так і пазнаёміліся. Больш за пяць дзесяцігоддзяў дзелім ­адзін лёс на дваіх. Абодва дасягнулі істотных вынікаў на прафесійнай ніве, з’яўляемся ўладальнікамі ганаровага звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, — паведаміла Зінаіда Васільеўна.

Узорная праца

У Магілёў Зінаіда Пянькова прыбыла маладым педагогам па размеркаванні. Варыянтаў працаўладкавання ў студэнткі-выдатніцы было шмат. Але з усіх прапаноў яна выбрала горад на Дняпры, які сёння лічыць другой малой радзімай.

— Першыя свае ўрокі памятаю ў пад­рабязнасцях. Выкладаць давялося ў 11 класе. Вучні былі ўжо даволі дарослымі: каб прыйсці да паразумення з імі, давялося пастарацца. Падлеткі рознымі спосабамі правяралі мае вытрымку і цярпенне, задавалі каверзныя пытанні — гэта было своеасаблівае тэсціраванне на прафпрыдатнасць. Выбудаваць кантакт з навучэнцамі дапамаглі шчырасць і неабыяка­васць. Сёння, сустракаючыся з моладдзю, нястомна паўтараю: калі сталі педагогамі — працуйце не па шаблоне, любіце дзяцей, будзьце для іх узорам для пераймання, — расказала Зінаіда Васільеўна.

З такім падыходам да работы Зінаіда Пянькова хутка дасягнула прафесійных поспехаў. Вучні паказвалі цудоўныя вынікі ў вучобе, заваёўвалі пераможныя дыпломы на алімпіядах. За тры гады Зінаіда Васільеўна змагла ­стаць адным з наймацнейшых настаўнікаў фізікі ў горадзе. У ёй убачылі патэнцыял, перспектыўнасць і прызначылі намеснікам дырэктара. Адбылося гэта ў канцы 80-х.

— Зусім нечакана мяне выбралі дырэктарам сярэдняй школы № 30. Гэта быў цікавы, насычаны час. Пераступала школьны парог раніцай, а дадому сыходзіла познім вечарам: клопатаў было мноства. Усюды старалася наладзіць работу належным чынам. Упор рабіла на пазакласную занятасць. Арганізоўвала для дзяцей бальныя вечары, дыскатэкі, экскурсіі, тэатральныя пастаноўкі, масавыя спартыўныя турніры. Школа стала сацыя­культурным цэнтрам мікрараёна, паказчыкі ў адукацыйнай дзейнасці дазволілі атрымаць статус гімназіі. Але самае галоўнае, што мне ўдалося, — зрабіць настаўнікаў, дзяцей і бацькоў аднадумцамі. Любыя праблемы і задачы мы вырашалі разам. Гэта і дазваляла ўстанове эфектыўна функцыянаваць, — адзначыла Зінаіда Пянькова.

На адзінства і згуртаванасць Зінаіда Васільеўна рабіла стаўку і падчас работы начальнікам упраўлення адукацыі гарвыканкама. Пад яе кіраўніцтвам былі сцёрты межы паміж настаўнікамі розных раёнаў горада, наладжана ўзаемадзеянне паміж навучальнымі ўстановамі. Прыярытэтам яна лічыла павышэнне якасці навучання і прафесійнага майстэрства педагогаў. Па ініцыятыве Зінаіды Пяньковай быў да­дзены старт правядзенню конкурсаў “Настаўнік года”, “Лепшы выхавальнік дзіцячага сада”.

Грамадская актыўнасць

Значнае месца ў біяграфіі Зінаіды Васільеўны займае дэпутацкая дзейнасць. Яна неаднойчы выбіралася ў Магілёўскі гарсавет дэпутатаў, прадстаўляла інтарэсы грамадзян у Вярхоўным Савеце, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

— З дэпутацтвам звязаны шэраг яркіх успамінаў. Так, калі ўваходзіла ў склад Вярхоўнага Савета дванаццатага склікання, прымала непасрэдны ўдзел у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Тады, у 1990—1995 гадах, парламент працаваў не на пастаяннай аснове. Дэпутаты збіраліся на сесіі для прыняцця заканадаўчых актаў. Я была ў камісіі па адукацыі. Дзякуючы барацьбе за кожны артыкул, закон аб адукацыі атрымалася зрабіць адпаведным запытам педагогаў, дзяцей і бацькоў. Ключавыя пасылы таго дакумента цяпер адлюстраваны ў Кодэксе аб адукацыі, — заўважыла Зінаіда Пянькова.

Дагэтуль у страі

Працаваць Зінаідзе Васільеўне давялося і ў Міністэрстве замежных спраў, і ў пасольстве Беларусі ў Расіі. Праз гады яна вярнулася ў любімы горад. Зараз гэтай неверагоднай жанчыне 75 гадоў. Але, нягле­дзячы на паважаны ўзрост, яна дагэтуль у страі. Узначальваючы гарадскую арганізацыю Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, з натхненнем займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, павышэннем узроўню сацыяльнага абслугоўвання пенсіянераў. Паралельна працягвае дэпутацкую дзейнасць.

— Летась зноў была выбрана ў гарсавет дэпутатаў. Давер людзей імкнуся апраўд­ваць: садзейнічаю вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, уношу пасільны ўклад у арганізацыю культурных мерапрыемстваў, — патлумачыла Зінаіда Пянькова.

Плённая праца Зінаіды Васільеўны неаднаразова адзначалася. Яна з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Магілёва, унесена ў Кнігу славы вобласці, узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

— І ў дэпутацкай рабоце, і на высокіх дыпламатычных пасадах ніколі не абмінала ўвагай сферу адукацыі. Прыемна назі­раць за дасягненнямі адукацыйнай галіны, ба­чыць, як навучальныя ўстановы развіваюцца ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі грамадства, — падкрэсліла Зінаіда Пянькова. — Важным лічу і тое, што, укараняючы пазітыўны знешні вопыт, мы ідзём уласным шляхам. У навучанні і выхаванні трэба абапірацца на свае спрадвечныя традыцыі, інакш вырасціць патрыётаў і свядомых грамадзян не атрымаецца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара