Па ўзроўні смяротнасці хворых у большасці краін свету анкалагічныя захворванні знаходзяцца на другім месцы пасля сардэчна-сасудзістых. Такую статыстыку прадастаўляе Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Таму перад медыкамі і навукоўцамі ўсяго свету востра стаіць праблема лячэння ракавых хвароб.
Лабараторыя структурна-хімічнай мадыфікацыі поліцукрыдаў і лекавых сродкаў на іх аснове ў складзе навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ (НДІ ФХП) амаль усе свае намаганні канцэнтруе на вынаходніцтве менавіта супрацьпухлінных прэпаратаў. Так, апошнія 5 гадоў калектыў лабараторыі займаецца распрацоўкай лекаў, якія дапамогуць хвораму, што перанёс аперацыю на выдаленне злаякаснай пухліны, не сутыкнуцца з хваробай другі раз.
Вынікамі навуковай работы сталі прэпараты “Тэмадэкс” і “Праспідэлонг”. Іх распрацоўкай займаліся і займаюцца (работа над прэпаратам “Тэмадэкс” выходзіць на фінальную стадыю; “Праспідэлонг” яшчэ чакаюць клінічныя выпрабаванні) як сталыя, так і маладыя навукоўцы. Сярод новага пакалення вучоных — Сяргей Саламевіч, аспірант хімічнага факультэта БДУ, малодшы навуковы супрацоўнік НДІ ФХП і адначасова вядучы інжынер-хімік службы лекавых сродкаў прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ”, і Дзяніс Адамчык, малодшы навуковы супрацоўнік НДІ ФХП, намеснік дырэктара па фармацэўтычнай дзейнасці прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ”. За ўдзел у распрацоўцы гэтых прэпаратаў на V Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” ім было прысуджана 3 месца.
Гель, здольны знішчыць метастазы
І “Тэмадэкс”, і “Праспідэлонг” — гэта парашкі, якія пры разбаўленні фізрастворам ці вадой утвараюць гель. І адзін, і другі прымяняюцца для правядзення лакальнай хіміятэрапіі хворых са злаякаснымі пухлінамі. Толькі “Тэмадэкс” выкарыстоўваецца пры злаякасных пухлінах галаўнога мозга, а “Праспідэлонг” — пры пухлінах страўніка ці вобласці брушыны.
Схема прымянення прэпаратаў наступная. Калі хвораму выдаляецца пухліна, на яе месца наносіцца гель. Пасля гэтага рана зашываецца. Задача прэпарату — знішчыць хворыя клеткі, якія засталіся, бо выдаліць усе ракавыя клеткі хірургічным спосабам надзвычай цяжка.
“Ідэя стварэння прэпаратаў сумесная, як медыкаў, так і вучоных навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ. “Тэмадэкс” і “Праспідэлонг” распацоўваліся ў межах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы, таму на распрацоўку прэпаратаў былі атрыманы дзяржаўныя грошы”, — расказаў Дзяніс Адамчык.
Прэпараты ў першую чаргу разлічаны на беларускіх пацыентаў. Аднак у планах выхад і на рынкі краін СНД.
“Тэмадэкс”…
У склад прэпарату “Тэмадэкс” уваходзіць вядомая субстанцыя “Тэмазаламід”, на аснове якой робяцца прэпараты самага высокага ўзроўню. Так, існуе амерыканскі аналаг беларускаму прэпарату. Праўда, каштуе ён 15—18 тысяч долараў. Для параўнання: “Тэмадэкс” абыдзецца пацыенту прыблізна ў 350 долараў.
“Тэмадэкс” паказаў добрыя вынікі падчас клінічных даследаванняў, якія праводзіліся на базе Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі і РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Было ўстаноўлена, што працягласць безрэцыдыўнага перыяду (ракавая хвароба па прычыне метастазаў часта вяртаецца) павялічваецца больш чым у два разы, павялічваецца і працягласць жыцця пацыентаў”, — адзначыў Дзяніс Адамчык.
“Тэмадэкс” абсалютна бясшкодны. Неабходная доза прэпарату ў 10 разоў ніжэйшая за дозу лекаў пры традыцыйнай хіміятэрапіі, — адзначыў малады навуковец.
Прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ” ўжо падрыхтавала першую пробную партыю “Тэмадэксу”. Плануецца, што ў 2015 годзе прадпрыемства “Белмедпрэпараты” выпусціць першую прамысловую партыю гатовай лекавай формы.
“Прэпарат ад пачатку і да канца выключна наша айчынная распрацоўка. Гэта дазволіць у будучыні засцерагчы нашу краіну ў лекавым плане, нягледзячы на хваляванні на сусветных рынках”, — адзначыў Дзяніс.
…і “Праспідэлонг”
Як ужо згадана, “Праспідэлонг” выкарыстоўваецца пры пухлінах страўніка ці вобласці брушыны. Супрацьпухлінным рэчывам, якое ўваходзіць у склад прэпарату, з’яўляецца праспідын — цытастатык, вядомы яшчэ з 60-х гг. XX ст. Што тут новага, скажаце вы? Праспідын значна менш таксічны ў параўнанні з іншымі цытастатыкамі, аднак у яго ёсць сур’ёзны недахоп: ён вельмі хутка выводзіцца з арганізма.
“Мы “замацавалі” цытастатык на гель. Калі праспідын уводзіць ін’екцыйна, перыяд паўвывядзення складае 50 хвілін, гадзіну. У складзе “Праспідэлонгу” ён зможа “працаваць” тыдзень і нават больш”, — расказаў Сяргей Саламевіч.
Даклінічныя выпрабаванні праводзіліся ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Калі праспідын уводзіўся ін’екцыйна, выжывалі максімум 50—60% жывёл з пухлінамі. У тых, якіх лячылі “Праспідэлонгам”, была адзначана стапрацэнтная выжывальнасць.
“Гэта добрыя вынікі. Можна меркаваць, што і клінічныя выпрабаванні будуць станоўчымі”, — падзяліўся Сяргей Саламевіч.
Клінічныя выпрабаванні прэпарату пачнуцца з 3 квартала 2015 года і будуць праходзіць 2 гады. Калі ўсё пройдзе так, як плануецца, то ў 2017 годзе прэпарат з’явіцца ў анкалагічных клініках.
Трошкі асабістага
Наўрад ці маладыя вучоныя думалі, што будуць займацца навуковымі даследаваннямі, тым больш распрацоўкай прэпаратаў, здольных выратаваць не адно жыццё. Іх шлях у навуку быў не самы звычайны.
“Першакурснікам я часам наведваў трэнажорную залу ў студэнцкім інтэрнаце. Займацца пайшоў і ў той дзень, калі абход інтэрната рабіў тагачасны дырэктар студэнцкага гарадка Павел Міхайлавіч Бычкоўскі. Калі ён даведаўся, што я вучуся на хімічным факультэце, то нечакана для мяне пацікавіўся, ці не хачу я займацца навукай (Павел Міхайлавіч сам працаваў у лабараторыі). Я быў вельмі здзіўлены, аднак, параіўшыся з бацькамі, вырашыў паспрабаваць”, — расказаў Дзяніс Адамчык.
“Належнае трэба аддаць і загадчыцы лабараторыі структурна-хімічнай мадыфікацыі поліцукрыдаў і лекавых сродкаў на іх аснове Таццяне Лукінічне Юркштовіч. Яна не пабаялася даверыць нам удзел у навуковых даследаваннях. Хацела, каб і маладыя прымалі ўдзел у распрацоўках і заставаліся працаваць далей”, — працягнуў Дзяніс.
У лабараторыю запрасілі і Сяргея Саламевіча. Дарэчы, хлопцаў шмат што звязвае. Абодва яны з вёскі Азёры Гродзенскага раёна. У абодвух у школе выкладала хімію Вольга Мікалаеўна Купрыенка, якая, па словах маладых людзей, прывіла ім любоў да прадмета. Дзякуючы ёй хлопцы станавіліся пераможцамі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
У студэнцкія часы Дзяніс і Сяргей жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце. Зараз працуюць у адной лабараторыі і разам займаюцца распрацоўкай жыццёва важных у літаральным сэнсе слова прэпаратаў.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.