Злёт сабраў сяброў

- 12:13Выхаванне, Рознае

Адкрыццё 17-га рэспубліканскага злёту юных ратавальнікаў-пажарных адбылося 10 верасня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Для ўсіх школьнікаў верасень — гэта старт для пакарэння новых вяршынь. Для дзяцей з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных верасень — гэта злёт у НДЦ “Зубраня”, магчымасць паказаць свае таленты, прадэманстраваць веды і ўменні, сустрэцца з сябрамі, атрымаць яркія і незабыўныя ўражанні.
У гэтым годзе мерапрыемства сабрала больш за 200 юнакоў і дзяўчат. Дзеці з усіх абласцей Беларусі, Мінска і ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС на працягу трох тыдняў не толькі спаборнічаюць, удзельнічаюць у конкурсах, але і атрымліваюць навыкі, неабходныя ў жыцці, і, канечне ж, выдатна адпачываюць.
Арганізатары злёту ў гэтым годзе падрыхтавалі для дзяцей насычаную і цікавую праграму. А пачалася яна з музычнага конкурсу, па ўмовах якога кожная каманда прадстаўляла на суд журы і гледачоў песню-хіт пра бяспеку. Самым яркім прызнана выступленне ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС.
Наступным этапам сталі спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце. У выхадныя на базе Камандна-інжынернага інстытута МНС дзеці-спартсмены дэманстравалі сваё майстэрства ў пераадоленні 100-метровай паласы з перашкодамі, пажарнай эстафеце, пад’ёме па штурмавой лесвіцы. І тут абсалютнымі пераможцамі сталі ліцэісты.
— Мая першая спроба на “штурмоўцы” была няўдалай, — дзеліцца ўражаннямі член каманды ліцэя пры Гомельскім інжынерным істытуце МНС Павел Мядзведзеў, — магчыма, паўплывала хваляванне. Падтрымка трэнера і сяброў мне вельмі дапамагла. Жэня Арцюх, выпускнік нашага ліцэя (у гэтым годзе ён стаў чэмпіёнам свету ў практыкаванні “Пераадоленне 100-метровай паласы з перашкодамі”), быў з намі падчас спаборніцтваў, і яго прысутнасць часткова надала мне сілы і ўпэўненасці. Дзякуй усім, хто ў мяне верыў!
Дарэчы, гомельскія ліцэісты сталі пераможцамі яшчэ ў адным конкурсе — “Агляд строю”. Усе рыхтаваліся да яго загадзя, трэніраваліся. Чаканячы крок, роўнымі шэрагамі прайшлі юныя ратавальнікі-пажарныя, дэманструючы выпраўку і зладжанасць каманды.
Па словах капітана каманды ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Жэні Хомчанкі, яны не разлічвалі на лёгкую перамогу, бо сапернікі ў іх заўсёды былі моцнымі. Успомніліся словы педагогаў інстытута МНС пра тое, што выйграваць трэба годна — гэта значыць быць не проста лепшымі, а на прыступку вышэй за ўсіх астатніх.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця 17-га рэспубліканскага злёту юных ратавальнікаў-пажарных прысутнічаў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка. У шчыльным графіку кіраўнік выратавальнага ведамства знайшоў час павітаць удзельнікаў і раздзяліць з імі станоўчыя эмоцыі. Генерал-маёр унутранай службы пажадаў лідарам маладзёжнага руху добрага настрою і ўмення дасягаць у жыцці пастаўленых мэт і вышынь.
Акрамя таго, ад імя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ад сябе асабіста галоўны ратавальнік краіны павіншаваў увесь калектыў і, канечне ж, дырэктара “Зубраняці” Надзею Генадзьеўну Ануфрыеву з выдатнай датай — 45-годдзем стварэння дзіцячага цэнтра і ўручыў нагрудны знак “За ўзаемадзеянне”. Юбілейны медаль “160 год пажарнай службе” Уладзімір Вашчанка ўручыў намесніку міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васілю Будкевічу і падзякаваў за доўгае і плённае супрацоўніцтва. А юныя ратавальнікі ў гонар юбілею паднеслі дырэктару “Зубраняці” вялікі торт са свечкамі. Са святочным канцэртам для гасцей і ўдзельнікаў выступіла народная артыстка Ірына Дарафеева.
Злёт у “Зубраняці” — адно з самых любімых і доўгачаканых мерапрыемстваў юных ратавальнікаў. Наперадзе яшчэ многа конкурсаў, спаборніцтваў. Пажадаем усім дзецям дасягнення пастаўленых мэт, станоўчых эмоцый і, канечне ж, перамог!

Іна ЧУГАЙ.