Змена расце ў выпрабаваннях

- 12:55Навіны рэгіёнаў

Каманда Гомельскай вобласці заваявала 1-е месца па выніках работы XVI Рэспубліканскага палявога лагера “Ратавальнік 2021”.

За званне лепшых на працягу чатырох дзён змагаліся ўдзельнікі шасці абласных каманд, Мінска і ліцэя МНС. Удзельнікі прайшлі шмат выпрабаванняў, паказаўшы свае творчыя здольнасці, спрыт, розум, кемлівасць і хуткасць. Конкурсная праграма складалася з усталявання палаткі і развя­дзення вогнішча за пэўны час, праходжання турыстычнай паласы, афармлення і прэзентацыі палатачнага гарадка, аказання першай медыцынскай дапамогі, спаборніцтва па стральбе, а таксама дэманстрацыі творчых талентаў.

Кожны дзень удзельнікі выкладваліся па поўнай, каб атрымаць запаветныя балы. Узнагароды лепшым уручыў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Андрэй Юржыц. Дарэчы, па выніках усіх спаборніцтваў 2-е месца ў выхаванцаў ліцэя МНС, а на 3-м — каманда Брэсцкай вобласці.

Як адзначыў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях, такія мерапрыемствы важныя і для супрацоўнікаў МНС, бо гэта выдатная магчымасць выгадаваць дастойную змену, перадаць веды моладзі, а таксама падзяліцца сваім вопытам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.