Змены без рэформ

- 10:43Адукацыйная прастора

Не так даўно на грамадскае абмеркаванне былі вынесены змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі. Яны закранаюць усе аспекты адукацыйнай дзейнасці. Усюды па краіне педагогі дэталёва вывучалі абноўлены дакумент, выказвалі свае заўвагі і прапановы. Не засталося ўбаку ад гэтага і магілёўскае настаўніцтва.

Знаёмства з вопытам работы ў навучальных установах Бабруйска.

У Бабруйску адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, асновай якога стала абмеркаванне будучых новаўвядзенняў у Кодэкс аб адукацыі. Мерапрыем­ства аб’яднала дэпутатаў, начальнікаў раённых і гарадскіх упраўленняў, аддзелаў па адукацыі Магілёўскай вобласці, кіраўнікоў навучальных устаноў. Удзел у пасяджэнні прынялі таксама намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, старшыня цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч і інш.

Бабруйск невыпадкова быў выб­раны месцам правядзення пася­джэння. Як заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, у гэтым горадзе шмат навучальных устаноў, дзе на высокім узроўні прадстаўлена дашкольная, агульная сярэдняя, спецыяльная і дадатковая адукацыя.

Пераканацца ў гэтым удзельнікі пасяджэння маглі ў ходзе азнаямлення з арганізацыяй работы гарадскіх сярэдняй школы № 34 і ясляў-сада № 84. Ва ўстановах — самая сучасная матэрыяльная база, а ў прыярытэце іх дзейнасці — якасць навучання і арыентацыя на развіццё здольнасцей кожнага навучэнца. Такіх жа прынцыпаў работы прытрымліваюцца і ў іншых навучальных установах горада. Нядзіўна, што асобныя пытанні заканадаўчага рэгулявання дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі разглядаліся на пасяджэнні з улікам вопыту работы канкрэтна ўстаноў адукацыі Бабруйска.

Прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці Магілёўскай вобласці былі адзначаны ўзнагародамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Дарэчы, Кодэкс аб адукацыі ў новай рэдакцыі ўжо знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Змяненняў у ім плануецца дастаткова многа, але кардынальных або рэвалюцыйных новаўвядзенняў у сістэме адукацыі не будзе. Гэты момант асабліва падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

— Па кожным узроўні адукацыі адбудуцца пэўныя змяненні, якія абумоўлены часам і неабходнасцю ўдасканалення працы. Напрыклад, прадугледжваецца змяншэнне колькасці відаў дашкольнай адукацыі, прымяненне дыстанцыйных тэхналогій у агульнай сярэдняй адукацыі — усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў цяперашняй рэдакцыі кодэкса. У абноўленым дакуменце з’явяцца і новыя артыкулы. Так, з адкрыццём Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка паўстала неабходнасць адрэгуляваць яго дзейнасць. Яна будзе прапісана ў раздзелах аб дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Важна, што Міністэрства адукацыі зацікаўлена ў абмеркаванні праекта Кодэкса аб адукацыі не толькі з дэпутатамі, але і непасрэдна з педагогамі-практыкамі, з тымі, хто працуе на месцах. Гэта дапамагае дэталёва абмеркаваць кодэкс новай рэдакцыі, прааналізаваць пытанні, якія ўзнікаюць, і па неабходнасці ўнесці адпаведныя карэктывы, — падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.

Прадукцыйным, зацікаўленым выдаўся і дыялог у Бабруйску. Начальнікі шэрага ўпраўленняў Міністэрства адукацыі падрабязна расказалі пра запланаваныя змяненні, а прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці Магілёўшчыны падзяліліся сваімі прапановамі і меркаваннямі.

Праект абноўленага кодэкса не ўтрымлівае палажэнняў, якія мо­гуць прынцыпова змяніць грамадскія адносіны ў сферы адукацыі. У ім заканадаўча замацаваны тыя нормы, якія ў цяперашні час рэалізуюцца на практыцы. Цэлы комплекс змен прадугледжаны менавіта на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Так, адным з прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі вызначаны прынцып інклюзіі. Пры гэтым інк­люзія будзе разглядацца не толькі як навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэты прынцып закладваецца забеспячэнне роўнага доступу да атрымання адукацыі для ўсіх навучэнцаў з улікам разнастайнасці асаблівых індывідуальных адукацыйных патрэб і здольнасцей кожнага дзіцяці.

Будзе ўстаноўлена магчы­масць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове. Гэта вынік рэалізацыі эксперыментальнага праекта па стварэнні гасразліковых дзіцячых садкоў і гасразліковых груп, які паказаў, што на гэта ёсць запыт бацькоў. Пашырыцца спектр паслуг дадатковай адукацыі, якія аказваюцца дашкольнымі ўстановамі. Гэтаму паспрыяе прадастаўленне ім права рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі. Пэўную канкрэтызацыю атрымае пункт, які тычыцца адлічэння дзяцей з дашкольных устаноў адукацыі. Будуць упарадкаваны віды дашкольных устаноў. Усе ўстановы агульнага прызначэння атрымаюць назву “дзіцячы сад”, адпаведна ўстановы з санаторным ухілам — “санаторны дзіцячы сад”. Такі від устаноў, як дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, захаваецца.

Колькасць відаў устаноў скароціцца і на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. З цяперашніх 25 плануецца выключыць 13. Законапраектам прадугледжана абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі, уносяцца змяненні ў працягласць навучальнага года, у фіксаваную напаўняльнасць класаў. Адметна, што па жаданні законныя прадстаўнікі змогуць афармляць дзіця ў першы клас і да дасягнення ім шасцігадовага ўзрос­ту на 1 верасня. Па гэтай змене ў кодэкс на пасяджэнні разгарнулася сапраўдная дыскусія. Магілёўскія педагогі выказаліся за тое, каб з 5 гадоў дзіця магло ісці ў 1 клас толькі пры наяўнасці адпаведнага заключэння медыка-псіхолага-педагагічнай камісіі, якое будзе пацвярджаць яго гатоўнасць да пачатку навучання ў школе.

Змяненняў у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будзе шмат. Але на пасяджэнні неаднойчы гаварылася пра тое, што ні адно з іх не стане рэфарматарскім, якое карэнным чынам мяняе функцыянаванне сістэмы. Абноўлены дакумент ужо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі. На яго атрыманы станоўчыя заключэнні па выніках праведзенай абавязковай юрыдычнай экспертызы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.