Змены карэкціровачныя, але відавочна неабходныя

Паважаныя чытачы! Мы пачынаем новы праект, галоўнымі героямі якога стануць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі нашай краіны. Мы будзем знаёміць вас з новымі праектамі і ініцыятывамі галіновага ведамства, а таксама расказваць пра вырашэнне яго спецыялістамі злабадзённых праблем.
Першым суразмоўцам гераіняй нашага праекта ветліва пагадзілася стаць намеснік міністра адукацыі кандыдат педагагічных навук Раіса Станіславаўна СІДАРЭНКА, якая засяродзілася на некаторых аспектах развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

— Раіса Станіславаўна, мінулы год быў багаты на розныя падзеі і ініцыятывы, але самымі яркімі, на ваш погляд, сталі…
— Так, сапраўды, падзей было шмат, але калі мы пачынаем гаварыць пра сістэму агульнай сярэдняй адукацыі, то найперш хочацца сказаць пра нашых алімпіяднікаў-міжнароднікаў, удзельнікаў міжнародных інтэлектуальных турніраў і конкурсаў, якія робяць гонар нашай адукацыі на сусветнай арэне і пацвярджаюць высокі ўзровень якасці агульнай сярэдняй адукацыі.
Так, у міжнародных прадметных алімпіядах у 2014 годзе прынялі ўдзел 54 прадстаўнікі рэспублікі, з іх 38 былі ўзнагароджаны медалямі (2 — залатымі, 21 — сярэбранымі, 15 — бронзавымі). На Міжнародным турніры юных матэматыкаў каманда Рэспублікі Беларусь удастоена залатых медалёў, на турніры юных фізікаў — бронзавых, на Міжнароднай канферэнцыі краін Еўрапейскага саюза беларускія навучэнцы ўдастоены спецыяльных прызоў за праекты, якія тлумачаць ідэю бесперапыннага росту ролі навукі і тэхнікі ў сучасным грамадстве.
Яшчэ адным важным момантам для развіцця і ўдасканалення агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца рэалізацыя праекта па аснашчэнні школьных кабінетаў сучасным вучэбным абсталяваннем. Для ўмацавання і абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы кабінетаў фізікі і стварэння ўмоў для поўнага і якаснага выканання практычнай часткі вучэбных праграм з 2013 года ажыццяўляецца цэнтралізаванае аснашчэнне кабінетаў фізікі.
У 2014 годзе вучэбнае абсталяванне было пастаўлена ў 220 вучэбных кабінетаў фізікі, кожны з якіх быў абсталяваны 202 найменнямі сродкаў навучання, вучэбнага абсталявання і мэблі. На гэтыя мэты выкарыстана 91 511, 3 млн рублёў. Пастаўкі айчынных вытворцаў склалі 87% ад кошту кабінетаў. У 2015 годзе будзе працягнута работа па напаўненні кабінетаў фізікі і запланавана пачаць аснашчэнне кабінетаў хіміі.
Акрамя таго, у межах выканання галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Электронныя адукацыйныя рэсурсы” на 2012—2014 гады распрацаваны (на аснове мультымедыйных рэсурсаў) інтэрактыўныя модулі электронных вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах. Плануецца, што ў самы бліжэйшы час пачнецца размяшчэнне гэтых рэсурсаў у адкрытым доступе.

— Сёння ў цэнтры ўвагі педагагічнай грамадскасці — пытанне профільнага навучання, але перанос мінулых напрацовак на рэаліі сённяшняга дня немагчымы.
— Мы разумеем, што вяртанне профільнага навучання не можа быць простым пераносам раней напрацаваных матэрыялаў. Патрэбны новыя як арганізацыйныя, так і метадычныя рашэнні. Для рэалізацыі профільнага навучання неабходна наяўнасць двух складнікаў — высокакваліфікаваных настаўнікаў, здольных да якаснай рэалізацыі профільнага навучання, і адпаведнай матэрыяльна-тэхнічная базы.
Цяпер мы займаемся правядзеннем комплексу мерапрыемстваў па нарматыўным прававым, навукова-метадычным і арганізацыйна-кіраўніцкім забеспячэнні профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, якое па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уводзіцца з 1 верасня гэтага года. Падводзім вынікі двухгадовай работы па выкладанні прадметаў на павышаным узроўні, а таксама эксперымента па апрабацыі вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання (праводзіцца ў 17 установах).
Плануецца, што да пачатку навучальнага года будзе праведзена серыя семінараў з настаўнікамі, якія прыступаюць да рэалізацыі профільнага навучання. Ёсць ідэя арганізацыі летніх школ перадавога вопыту.

— А якія змены чакаюць вучэбныя праграмы?
— Зараз мы працуем над унясеннем змяненняў у тыпавы вучэбны план, пераглядам праграмы па вучэбных прадметах з мэтай устанаўлення адноснай завершанасці другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Мы адыходзім ад лінейнага прынцыпу структуравання вучэбных праграм і пераходзім да лінейна-канцэнтрычнага (5—9, 10—11 класы). Пры пераглядзе праграм ліквідуем дубліруючы матэрыял, асаблівую ўвагу ўдзяляем пытанням пераемнасці зместу адукацыі.

— Раіса Станіславаўна, яшчэ адно хвалюючае пытанне: як будзе завяршацца базавая адукацыя?
— У бягучым навучальным годзе мы праводзім эксперымент па незалежнай атэстацыі. Заканчэнне эксперымента па незалежнай атэстацыі вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі дапаможа ў прыняцці рашэння аб мэтазгоднасці рэалізацыі гэтай мадэлі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Але незалежная атэстацыя — гэта перспектыва. Сёння мы прапрацоўваем варыянты механізму залічэння вучняў у 10-я профільныя класы.
І тут жа хочацца падкрэсліць, што названыя змены не стануць рэвалюцыйнымі. Мы паступова будзем ажыццяўляць тыя карэкціроўкі, якія выцякаюць з вопыту функцыянавання нашай сістэмы. Яны прадыктаваны часам і відавочна неабходны для павышэння якасці адукацыі.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *