Змяненні — абгрунтаваныя

Рэспубліканскі савет рэктараў прайшоў на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У пасяджэнні прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Адным з пытанняў пасяджэння была выпрацоўка форм узаемадзеяння ўніверсітэтаў з грамадскім аб’яднаннем “Веды”. Са сваімі прапановамі выступіў старшыня аб’яднання Вадзім Францавіч Гігін. Ён азнаёміў прысутных са структурай аб’яднання, сутнасцю дзейнасці і запланаванымі напрамкамі ўзаемадзеяння. Міністр падкрэсліў, што работа аб’яднання “Веды” павінна быць накіравана найперш на адукацыйныя ўстановы, бо асноўная яго дзейнасць асветніцкая.

У сваім выступленні Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на некаторых навацыях Кодэкса аб адукацыі. У прыватнасці, міністр адзначыў, што новая рэдакцыя кодэкса дае больш правоў установам адукацыі і больш абавязкаў. Так, для аператыўнай карэкціроўкі зместу падрыхтоўкі спецыялістаў (у сувязі з патрабаваннямі эканомікі, якія хутка мяняюцца) з класіфікатара будуць выключаны напрамкі спецыяльнасці і спецыялізацыі.

Тыпавая вучэбна-праграмная дакументацыя замяняецца на прыкладную, якую ва ўніверсітэтах будуць выкарыстоўваць толькі ў якасці ўзору рэалізацыі зместу адукацыйнага стандарту.

“Застаюцца 3 віды ўстаноў вышэйшай адукацыі: інстытут, акадэмія (кансерваторыя), універсітэт. У праекце кодэкса “пасляўніверсітэцкая адукацыя” (аспірантура, дактарантура) заменена на “навукова-арыентаваную”. Гэта больш правільна, таму што пасля УВА можна не толькі вучыцца ў аспірантуры і дактарантуры, але і праходзіць перападрыхтоўку, павышаць кваліфікацыю або займацца на навучальных курсах. Прадугледжана, што навучанне ў аспірантуры будзе працягам вучобы ў магістратуры”, — адзначыў міністр.

Разам з тым, прапануецца скараціць і аптымізаваць існуючыя віды устаноў. На­прыклад, уводзіцца адзінае найменне устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледж. Пры гэтым прафтэхвучылішчы працягнуць работу, але ўсе каледжы змогуць пры наяўнасці рэсурсаў рэалізоўваць праграмы як прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прадугледжваецца скарачэнне тэрміну атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Так, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ў дзённай форме ён складзе ад 6 месяцаў да аднаго года (цяпер — ад года да 2 гадоў).

Новай рэдакцыяй кодэкса прадугледжваецца развіццё дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання адукацыі. Раней яна была ўсяго толькі разнавіднасцю завочнай.

“Асаблівая ўвага ў праекце будзе ўдзелена сацыяльнай абароне навучэнцаў і выпускнікоў. Дзеючыя нормы дапоўнены. Так, выпускнікам, якія навучаліся на платнай аснове і звярнуліся па накіраванне на працу, будзе прадастаўляцца статус маладога спецыяліста. У тэрмін абавязковай работы па размеркаванні можа залічвацца перыяд ваеннай службы па кантракце і альтэрнатыўнай службы”, — падкрэсліў міністр.

Далей былі агучаны прынцыпова новыя падыходы да правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўступнай кампаніі.

Пачынаючы з красавіка 2023 года для выпускнікоў 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прапануецца ўвя­дзенне выніковага экзамену ў выглядзе сумяшчэння выпускнога экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы. Выпускны экзамен па замежнай мове прапануецца не праводзіць, а па гісторыі Беларусі перанесці з 11-га класа ў 9-ы і праводзіць яго, як і раней, у вуснай форме.

“Такая адзіная форма правядзення іспыту дазволіць зменшыць нагрузку на навучэнцаў 11 класаў, выключыць суб’ектыўны падыход пры ацэньванні вынікаў, а таксама стане своеасаблівым індыкатарам якасці атэстата выпускніка. У сваю чаргу цэнтралізаванае тэсціраванне захоўваецца як асноўная форма правядзення ўступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Яно даказала сваю эфектыўнасць, станоўча ацэньваецца грамадствам, характарызуецца адсутнасцю карупцыйных рызык”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Таксама захоўваюцца ўнутраныя ўступныя выпрабаванні пры прыёме на асобныя спецыяльнасці (творчыя, філалагічныя, сельскагаспада­рчыя, у галіне фізічнай культуры і спорту), на скарочаную форму атрымання вышэйшай адукацыі на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Акрамя таго, у кодэксе істотна пашыраны магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя — заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым населеным пункце рэспублікі.

У выніку этапы ўступнай кампаніі ў цэлым захаваюць сваю паслядоўнасць: залічэнне на ўзровень вышэйшай, затым сярэдняй спецыяльнай і на завяршальным этапе — прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.