Змяніць парадыгму навучання дапамогуць інфармацыйныя тэхналогіі

- 15:48Рознае, Якасць адукацыі
Горад Іўе, што на Гродзеншчыне, з 4 па 5 сакавіка прымаў гасцей на Рэспубліканскім семінары “Праектаванне і арганізацыя адзінай інфармацыйнай прасторы як умовы эфектыўнага кіравання якасцю адукацыі”. У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых і гарадскіх выканкамаў, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі і раённых метадычных аб’яднанняў, якія курыруюць пытанні інфарматызацыі і выкладання вучэбнага прадмета “Інфарматыка”. Таксама былі запрошаны прадстаўнікі ІТ-кампаній і кампаній-вытворцаў камп’ютарнай тэхнікі.
Па шляху інфарматызацыі

Уладзімір Мікалаевіч Паддубскі, кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, выступаючы перад удзельнікамі семінара, адзначыў, што пытанні, вынесеныя ў назву мерапрыемства, былі і будуць актуальнымі ўчора, сёння і заўтра:
— Працэсы, якія адбываюцца ў ХХІ стагоддзі, і ў інфармацыйным грамадстве наогул, і ў рамках глабальнага свету, і ў рамках нашай краіны, і ў рамках пэўнага рэгіёна не могуць быць не актуальнымі. Таму што за новымі тэхналогіямі, перш за ўсё інфармацыйнымі, будучыня. Сёння змяняецца сама парадыгма навучання. Мы паступова вымушаны пераходзіць ад класна-ўрочнай сістэмы да іншых форм работы. Перш за ўсё — гэта адукацыя, калі не кожную хвіліну, то кожную гадзіну. І сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў гэтым плане павінны нам дапамагчы і дапамогуць.
Уладзімір Мікалаевіч акцэнтаваў увагу на новай канцэпцыі інфарматызацыі адукацыі, якая была прынята ў мінулым годзе. Ён зазначыў, што калі раней інфарматызацыя разглядалася з пункту погляду колькасці (закупленай тэхнікі, вучняў на адзін камп’ютар і г.д.), то зараз інфарматызацыю трэба разглядаць з іншага боку. Так, класы ўкамплектоўваюцца, але тэхніка хутка старэе: купленая сёння, праз два гады яна ўжо не дазваляе вырашаць сучасныя задачы ў адукацыі. Таму вельмі важна максімальна выкарыстоўваць магчымасці тых гаджэтаў, якія ёсць у саміх дзяцей. Неабходна арганізаваць працэс навучання такім чынам, каб уключыць усю гэтую масу тэхнічнага абсталявання ў працэс адукацыі.
Не засталося без увагі і пытанне стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы. Тут існуе шмат нявырашаных пытанняў. Але работа ў гэтым напрамку ідзе актыўна. У цяперашні час, як заўважыў У.М.Паддубскі, рэалізуецца праект па пераводзе ўсіх падручнікаў і дапаможнікаў у многафактурную электронную сістэму для таго, каб імі можна было карыстацца не толькі ў камп’ютарных класах устаноў адукацыі, але і з дапамогай сваіх тэлефонаў ці планшэтаў. Для гэтага трэба стварыць усе неабходныя ўмовы для выхаду ў інтэрнэт. Гэта адзначыў і Алег Рыгоравіч Рахунок, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:
— Так, будзе правільным выкарыстоўваць тыя тэхнічныя сродкі, якія ёсць у дзяцей. Для гэтага неабходна забяспечыць свабодны доступ да сеткі інтэрнэт. Шмат пытанняў застаецца па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы ў сістэме адукацыі. Але тое, што ўжо зроблена, зроблена не ўпустую. Гэта той самы зачын, які дае магчымасць падумаць, як і што рабіць.

Іўеўскі вопыт

Усе ўстановы адукацыі Іўеўскага раёна на ўсіх узроўнях аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай, усе камп’ютарныя класы, старэйшыя за сем гадоў, — заменены. Тыя лічбы, якія прадставіла Валянціна Іванаўна Ус, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама, гавораць самі за сябе. Колькасць рабочых месцаў навучэнцаў — 136. Колькасць камп’ютараў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па-за кабінетамі інфарматыкі сёлета — 134. У раёне функцыянуе 6 паўнацэнных бесправадных сетак. Інфармацыйныя тэхналогіі пры выкладанні сваіх прадметаў выкарыстоўваюць 94,6% педагогаў. Канечне, ёсць і праблемы, над вырашэннем якіх трэба працаваць.
Пазітыўныя зрухі і нявырашаныя пытанні адзначыў Дзяніс Аляксандравіч Курылаў, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама:
— У 2010 годзе мы ў раёне вызначылі мэту — выйсці з кабінета інфарматыкі як сканцэнтравання інфармацыйных рэсурсаў і адкрыць доступ да інфармацыйных рэсурсаў любому ўдзельніку адукацыйнага працэсу незалежна ад яго месца знаходжання. Для дасягнення мэты трэба было вырашыць праблему рэсурсаў, а таксама камунікацыйную, кіраўніцкую і кадравую. Вырашыўшы праблему рэсурсаў, мы павінны былі сфарміраваць адзіную інфармацыйную прастору — стварыць камп’ютарныя сеткі. Прааналізаваўшы ўсе аспекты, мы выйшлі на стварэнне камбінаванай сістэмы, якая ўключае ў сябе як правадныя, так і бесправадныя сістэмы. Пры гэтым абавязкова ўлічваліся тэхнічныя ўмовы, аснашчанасць і кадравае забеспячэнне. Галоўнае — забяспечыць доступ да інфармацыі з любой кропкі пэўнай установы. Канечне, ёсць і пытанні, у тым ліку з сістэмай кантролю. Напрыклад, правайдары ў дзяржустановах блакіруюць выхад у сацыяльныя сеткі, але дзеці сёння прасунутыя і знаходзяць хады. Найбольшы клопат сёння выклікае кадравы аспект. Не хапае кваліфікаваных тэхнічных работнікаў, — адзначыў Дзяніс Аляксандравіч Курылаў.
Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікам семінара прапанавалі на свае вочы паглядзець, як функцыянуюць Іўеўскія ўстановы адукацыі ва ўмовах інфарматызацыі. Экскурсія пачалася з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.
У 2010 годзе ўвесь педагагічны калектыў дашкольнай установы навучыўся працаваць з камп’ютарам. Умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база: былі набыты 2 інтэрактыўныя дошкі, 4 ноўтбукі, 2 камп’ютары і сэнсарны экран. Таксама было створана асяроддзе выхаду ў інтэрнэт праз Wi-Fi. Адметна тое, што па ініцыятыве адміністрацыі, педагагічнага калектыву і пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму ўзнікла ідэя распрацоўкі інавацыйнага праекта “Укараненне інтэрактыўных электронных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнай адукацыі”. Удзельнікі творчай групы па рэалізацыі праекта распрацавалі 218 інтэрактыўных электронных сродкаў навучання. Акрамя гэтага, педагогі апісалі гульнявыя дзеянні і распрацавалі метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні гэтых сродкаў. Да таго ж для кожнага віду заняткаў ствараўся пэўны электронны матэрыял, з уключэннем яго ў традыцыйную сістэму заняткаў.
Як адзначыла загадчыца дашкольнай установы Таццяна Уладзіміраўна Скамарохава, значна павысілася якасць работы, з’явілася шмат магчымасцей, дзякуючы тэхналогіям мінімізаваўся час, які затрачваецца на распрацоўку заняткаў, вядзенне дакументацыі і г.д.
— Выкарыстанне электронных сродкаў навучання натуральна ўпісваецца ў жыццё дашкольнай установы і з’яўляецца эфектыўным тэхнічным сродкам, пры дапамозе якога магчыма ўнесці разнастайнасць у працэс адукацыі. Адзінае пытанне, якое мы зараз вырашаем, — як, не парушаючы нарматыўных санітарных норм, павялічыць колькасць гадзін на заняткі з інтэрактыўнымі дошкамі. Сёння заняткі праводзяцца не больш за два разы на тыдзень, а гэтага, мы лічым, недастаткова, — падкрэсліла Таццяна Уладзіміраўна.
Наступнай свой вопыт гасцям з усёй рэспублікі прадэманстравала Іўеўская сярэдняя школа. Тут сфарміравана рэсурсная база: абсталяваны і тэхнічна аснашчаны 2 лінгафонныя кабінеты, медыяцэнтр і інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Не так даўно быў аснашчаны кабінет фізікі, які ўкамплектаваны інтэрактыўнай дошкай, ЖК-тэлевізарам, персанальным камп’ютарам. У бягучым годзе стварылі мультымедыйную лабараторыю, якая складаецца з сучасных монаблокаў, інтэрактыўнай дошкі і планшэта. Ёсць у школе і мабільны клас на аснове 6 ноўтбукаў. Стварэнне інфармацыйнай прасторы перш за ўсё накіравана на работу з адоранымі дзецьмі.
Вучні Іўеўскай сярэдняй школы неаднаразова станавіліся пераможцамі алімпіяд. З 2007 па 2010 год установа адукацыі з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па выяўленні і развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. А з 2010 па 2013 год — рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі комплекснага педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў. Дзякуючы такому вопыту ўдалося стварыць сваю сістэму падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд. І найлепшых вынікаў дасягнулі настаўнікі інфарматыкі Тадэвуш Вітольдавіч Макоўскі і Васіль Вацлававіч Кяўра, якія падзяліліся з удзельнікамі семінара сваім вопытам работы.
Каб паглядзець, як інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў школе, настаўнікі рускай мовы Алена Францаўна Пярскевіч, англійскай мовы Наталля Аляксандраўна Лапата і матэматыкі Вольга Мікалаеўна Авіжыц правялі адкрытыя заняткі з выкарыстаннем ІКТ. Госці пераканаліся, што тэхніка ў гэтай установе адукацыі не пыліцца, а актыўна выкарыстоўваецца. Усе адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі як настаўнікаў, так і дзяцей.
Далей гасцям прадэманстравалі мультымедыйную лабараторыю, якая аснашчана монаблокамі. Прадстаўнікі кампаніі “Мединат ІТ” акрамя монаблокаў прадэманстравалі яшчэ некалькі навінак, якія значна спрашчаюць работу і настаўнікам, і дзецям, а таксама даюць шмат новых магчымасцей. Напрыклад, новыя планшэты, якія з дапамогай спецыяльных праграм пераўтвараюцца ў мабільную лічбавую лабараторыю. Гэты гаджэт спатрэбіцца на ўроках фізікі, хіміі, біялогіі, там, дзе неабходна праводзіць эксперыменты. Акрамя ўбудаваных датчыкаў асвятлення, GPS, пастаўляюцца яшчэ дадатковыя. Напрыклад, датчык вымярэння пульсу, датчык Гейгера-Мюлера для замеру радыяцыйнага поля. Дзякуючы такому планшэту можна выйсці з дзецьмі на вуліцу і зрабіць замеры глебы, тэмпературы вады, паветра і г.д.
Вельмі ўразіла ўсіх яшчэ адна тэхналагічная навінка ад кампаніі Prestіgio — монаблок Prestigio MultiBoard з сэнсарным мультытач-экранам. Знешне ён нагадвае вялікі планшэт. Магчымасці яго амаль бязмежныя: з яго дапамогай можна дэманстраваць вучням хімічныя і фізічныя доследы, рабіць чарцёж, маляваць, пісаць і ствараць прэзентацыі.
Наступнай свой вопыт дэманстравала іўеўская гімназія №1. Тут таксама старыя камп’ютары замянілі на новыя, зрабілі лінгафонныя кабінеты і г.д. Дырэктар Галіна Станіславаўна Халява зрабіла акцэнт на выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці.
— Стварэнне камп’ютарызаваных рабочых месцаў для адміністрацыі, выкарыстанне сеткі інтэрнэт значна пашырыла магчымасці кіраўніцкай дзейнасці. Ядром і базісным кампанентам фарміравання інавацыйнай кіраўніцкай структуры стала стварэнне агульнай сеткавай прасторы з выкарыстаннем Wi-Fi. Лакальная камбінаваная сетка дазволіла аб’яднаць камп’ютары адміністрацыі, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра ў адзіную сістэму і стварыць агульныя інфармацыйныя рэсурсы, якія ўключаюць матэрыялы па розных кірунках. Такім чынам, выпрацавалася сістэма аператыўнага кантролю, хуткага рэагавання і прыняцця рашэнняў, забяспечаны дакладны колькасны і якасны аналіз усіх аспектаў адукацыйнага працэсу, — адзначыла Галіна Станіславаўна.
Дзень скончыўся для гасцей экскурсіяй па Іўі.

А як у іншых?

Другі дзень рэспубліканскага семінара быў не менш насычаны. На пленарным пасяджэнні сваімі дасягненнямі ў галіне інфарматызацыі дзяліліся прадстаўнікі іншых абласцей.
У Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці актыўна дзейнічае і развіваецца партнёрская сетка ўстойлівага развіцця. Гэта своеасаблівы інструмент сувязі паміж інавацыйнымі пляцоўкамі трох школ. Сувязь падтрымліваецца праз агульны сайт, які з’яўляецца не толькі інфармацыйным асяродкам, але і інструментам дзейнасці партнёрскай сеткі. Праз партнёрскую сетку “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых змен” арганізуецца ўдзел педагогаў і навучэнцаў у шматлікіх праектах і акцыях, у тым ліку ў інтэрнэт-алімпіядах.
У Барысаўскім раёне Мінскай вобласці шырока карыстаюцца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Гэта пацвярджае прыклад гімназіі № 1 Барысава, дзе актыўна развіваецца дыстанцыйнае навучанне. Гімназія ўдзельнічае ў праекце “Задавальненне адукацыйных запытаў навучэнцаў, пашырэнне магчымасцей дадатковай адукацыі сродкамі дыстанцыйнага навучання”. Педагогамі гімназіі распрацаваны дыстанцыйныя вучэбныя курсы практычна па ўсіх прадметах, створаны раздзел “Дыстанцыйныя алімпіяды”. Акрамя гэтага, распрацаваны дыстанцыйны курс “Паступай у гімназію” для 4-х класаў і многае іншае.
Гімназія № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці прадставіла вопыт выкарыстання тэхналогіі Web 2.0 у праектнай дзейнасці. Праект “Укараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс” дапамог педагогам азнаёміцца са стварэннем сайтаў і блогаў. Была створана віртуальная версія гімназічнага інфармацыйнага бібліятэчнага цэнтра, дзякуючы чаму можна карыстацца шматлікімі матэрыяламі не толькі ў гімназіі, але і дома. Рэалізоўваюцца ў гімназіі многія праекты па гісторыі роднага краю і па энергазберажэнні. Сёння ў гімназіі працуюць над новым праектам — вэб-квест “Чтение с увлечением”. Удзельнікі рэгіструюць сваю каманду, запаўняюць гугл-форму і сумесную прэзентацыю. Атрымалася 43 каманды — 10 каманд з Расіі, 10 — з Гродзенскай вобласці і 20 — непасрэдна з Дзятлаўскага раёна. Удзельнікі знаёмяцца з аўтарам твора, чытаюць сам твор і адказваюць на пытанні.
Брэсцкі абласны ліцэй сёння з’яўляецца адзінай установай адукацыі, дзе створаны мабільны клас на базе планшэтаў. Ён абсталяваны 25 айпадамі, з відэапраектарам, плюс Mac Pro і невялікая каляска для перавозу планшэтаў. Такім чынам усю тэхніку можна перавезці на любыя заняткі ў любы клас. У гімназіі яны складаюцца якраз з 25 чалавек. З планшэта настаўніка можна раздаваць дзецям заданні на іх айпады, можна кантраляваць усё, што адбываецца на іх экранах, ёсць магчымасць арганізаваць тэсты, вынікі якіх адразу выводзяцца, а можна вывесці карцінку на вялікі экран з любога планшэта і праглядзець, як і што выконвае вучань.
Шмат навінак удзельнікам семінара прадэманстравалі прадстаўнікі такіх кампаній, як “ИНИС-СОФТ”, “АСБИС”, “Белый Терем” і “Инфотриумф”. Здзівілі ўсіх прысутных менавіта члены кампаніі “Белый Терем”, якія прадставілі 3D-прынтар і раздрукавалі на ім невялікае пластмасавае сэрца.
Семінар атрымаўся інфармацыйна насычаным. Канструктыўны дыялог, як адзначылі самі ўдзельнікі, атрымаўся і дапамог знайсці новыя шляхі да інфарматызацыі адукацыйнага працэсу.

 

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.