Змяніць свет без канфліктаў і спрэчак

У красавіку, седзячы дома на ізаляцыі, 7-гадовы Вова, сын Вольгі Іваненка, папрасіў маму знайсці для яго ў інтэрнэце майстар-класы па брэйк-дансе. Хлопчык хацеў знайсці ўрокі не дарослага танцора, а вучыцца ў свайго равесніка. У той момант, калі Вольга станоўча адказала на прапанову сына, яна нават падумаць не магла, што гэты кароткі дыялог — першы крок да ўвасаблення грандыёзнай ідэі, стварэння праекта ТeenUP. Як ён быў створаны, для каго і навошта, даведаемся з першых вуснаў — ад Вольгі Іваненка.

СтартUP

ТeenUP — гэта аналаг YouТube для таленавітых дзяцей. Вольга Іваненка, фінансіст па адукацыі, расказала, што міжнародная сацыяльная сетка для падлеткаў TeenUp дапаможа моладзі рэалізаваць свой творчы патэнцыял у камфортным для сябе асяроддзі, а таксама наву­чыць зарабляць самастойна, уласным розумам.

Праект, які стварыла і рэалізуе Вольга, яскрава дэманструе, што можа быць, калі паглядзець на свет дзіцяці яго вачыма. А можа быць усё што заўгодна, асабліва калі мама зацікаўлена ў эмацыянальна здаровым і шматгранным развіцці асобы свайго малыша. 

“Сёння многа школьнікаў ва ўсім свеце не могуць рэалізаваць свой патэнцыял з-за непрыязнага акружэння, непаразумення з боку аднагодкаў і дарослых. Іх не разумеюць, часам высмейваюць, яны дзеці і падлеткі не могуць знайсці роднасную душу. Наш дадатак дапаможа ім гэта зрабіць. Такім чынам, мы вырашаем праблему булінгу, пачуцця адзіноты і непатрэбнасці сярод школьнікаў”.

“Неяк пасля выступлення на чарговай канферэнцыі да мяне падышоў уласнік вельмі вядомай кампаніі і сказаў: “Вольга, вы не проста бухгалтар, вы космас!” Скажу шчыра: у маім космасе ёсць і чорныя дзіркі неразумення, непрызнання, страху і болю… Але космас бясконцы, і, значыць, мы ляцім далей да нашага Сонца. Спыняцца нельга! — расказвае перадгісторыю стварэння ТeenUр Вольга Іваненка. — І вось ён, мой зорны праект у сферы IT. Пасля таго, як у нас з Вовам адбыўся кароткі дыялог накшталт “дзіця просіць — мама зробіць”, я зразумела, што не толькі сын аддае перавагу вучыцца чамусьці ў аднагодкаў. Дзецям лёгка і проста вучыцца адно ў аднаго: яны пастаянна дапамагаюць адно аднаму з урокамі па прынцыпе “ты мне — я табе”. Я зразумела, што нам не хапае пляцоўкі, дзе нашы дзеці могуць абменьвацца такім вопытам. Менавіта гэта паспрыяла стварэнню TeenUp, рэсурсу, дзе можна вучыць, вучыцца і зарабляць на сваіх ведах”.

На этапе аналізу, распрацоўкі ідэй В.Іваненка бачыла сваю задуму не настолькі маштабнай: TeenUp выглядаў як адукацыйны праект, платформа для абмену ведамі. Але чым больш працавалі над ім, размаўлялі з дзецьмі і падлеткамі, тым больш разумелі: усё куды больш сур’ёзна.

“Падчас размовы з дзецьмі мы даведваліся пра іх пажаданні і мары. Аналі­зуючы атрыманую інфармацыю, якой было вельмі многа, зразумелі, што навучэнцы маюць патрэбу ў месцы, прасторы, якая дазволіць інтэгравацца ў агульнае культурнае асяроддзе. Зараз я кажу пра сацыялізацыю на сусветным узроўні, пазнанне магчымасцей у глабальным маштабе, пра падтрымку талентаў, дапамогу ў дасягненні мэт”, — тлумачыць свой падыход В.Іваненка. — Напэўна, гэта самы складаны праект, з якім мне даводзілася сутыкацца. Але, у той жа час, ён адзін з самых займальных. Вынікам работы стане яшчэ адна цаглінка ў падмурак новага свету, які мы ўсе хочам пабудаваць: адкрытага, шчырага, заснаванага на ўзаемапавазе і эмпатыі. У ім нашы дзеці змогуць бяспечна кантактаваць, вучыцца і сябраваць з аднагодкамі з дзясяткаў краін”.

TeenUp ці ТікТок?

Сузаснавальнікамі стартапа выступілі беларускі. Першапачатковай мэтай іх праекта была падтрымка сваіх дзяцей і дапамога ім у  інтэграцыі ў сусветную адукацыйную і культурную прастору.

“Сёння многа школьнікаў ва ўсім свеце не могуць рэалізаваць свой патэнцыял з-за непрыязнага акружэння, непаразумення з боку аднагодкаў і дарослых, — тлумачыць аўтар праекта. — Іх не разумеюць, часам высмейваюць, і гэтыя дзеці і падлеткі не могуць знайсці роднасную душу. Наш дадатак дапаможа ім гэта зрабіць. Такім чынам, мы вырашаем праблему булінгу, пачуцця адзіноты і непатрэбнасці сярод школьнікаў”.

Тыя, у каго не складваюцца адносіны з аднагодкамі, могуць арганізоў­ваць свае групы і свабодна размаў­ляць на цікавыя тэмы. Важным аспектам праекта з’яўляецца інклюзіўнасць адукацыі: TeenUp усім дае роўныя магчымасці.

TeenUp працуе па прынцыпе “дзеці вучаць дзяцей”. Любы зарэгістраваны карыстальнік сацыяльнай сеткі можа атрымаць кансультацыю ад сваіх аднагодкаў па актуальных пытаннях: урокі ў школе, хобі ці вырашэнне бытавых праблем. Удзель­нікі TeenUp могуць быць адзін аднаму як настаўнікамі, так і вучнямі.

“Сучасныя падлеткі хочуць мя­няць свет. Мы, дарослыя, часта не разумеем іх імпэту, гаворым, што спачатку трэба падрасці, атрымаць адукацыю, а потым замахвацца на нешта глабальнае. Але яны хочуць дзейнічаць тут і цяпер! І, калі натыкаюцца на наша неразуменне, замыкаюцца ў сабе, канфліктуюць”.

“Кантактуючы адно з адным, з групай, дзеці даведваюцца пункт погляду кожнага, і гэта дапамагае паглядзець на тую ці іншую праблему пад іншым вуглом, — працягвае расказваць аб праекце Вольга Іваненка. — Відавочна, што такім чынам можна зразумець, мае дзіця рацыю ў тым ці іншым пытанні або не. Згадзіцеся, не ўсе і не заўсёды могуць раска­заць маме, што іх хвалюе. Куды прасцей па­дзяліцца праблемай з равеснікамі і паслухаць ад іх параду. Дастаткова кінуць кліч аб дапамозе. Сёння, пакуль мы ў стадыі росту, шанс атрымаць кваліфікаваны адказ — прыкладна 50 на 50. Але ў далейшым, спадзяюся, у TeenUp з’явяцца відэа з тлумачэннямі ўсіх тэм са школьнай пра­грамы. Тлумачэнні будуць запісаны самімі карыстальнікамі. Дастаткова будзе аднаго запыту ў пошукавіку, каб знайсці патрэбны ролік. Пытанне з дамашнім заданнем актуальнае, але не самае важнае. Давайце ўявім школьніка, якому падабаюцца, напрыклад, бальныя танцы. Наўрад ці ў яго ў класе шмат сяброў з такім жа захапленнем, з кім можна гэта абмерка­ваць. А ў нашай сацыяльнай сетцы ён знойдзе аднадумцаў, з якімі можа свабодна размаўляць без рызыкі сустрэць неразуменне або агрэсію. У рэшце рэшт, сучасныя падлеткі хочуць мяняць свет. Мы, дарослыя, часта не разумеем іх імпэту, гаворым, што спачатку трэба падрасці, атрымаць адукацыю, а потым замахвацца на нешта глабальнае. Але яны хочуць дзейнічаць тут і цяпер! І, калі натыкаюцца на наша неразуменне, замыкаюцца ў сабе, канфліктуюць. Таму будзе цудоўна, калі дзеці і падлеткі бу­дуць арганізоў­ваць групу ў TeenUp, кантакта­ваць са сваімі аднагодкамі з усяго свету і абмяркоўваць набалелыя пытанні”.

Урок ад гранд-майстра

З цягам часу, калі будзе больш магчымасцей для рэалізацыі, у TeenUp плануецца інтэграваць сістэму матывацыі ўдзель­нікаў, якая заснавана на штучным інтэлекце. Сістэма будзе ацэньваць дзеянні карыстальнікаў сацыяльнай сеткі і падказваць, ці спрыяюць яны дасягненню пастаўленай задачы. Агульнадаступнай версіяй TeenUp змогуць карыстацца ўсе жадаючыя, аднак для куплі і продажу навучальных ролікаў і анлайн-тлумачэнняў неабходна набыць платную падпіску. Як гэта адбываецца і чым плаціць? Усё вельмі проста.

У сацыяльную сетку TeenUp інтэграваны гульнявыя манеты, данаты, пры дапамозе якіх вучні расплачваюцца за навучальныя ролікі або анлайн-кансультацыі з настаўнікамі. Заробак можа канвертавацца ў рэальныя грошы і выводзіцца на карту бацькоў або прывязаную да бацькоў­скага рахунку карту дзіцяці.

“З сістэмай данатаў усё больш чым зразумела: кожны ўдзельнік сацсеткі можа набыць гульнявыя манеты і заданаціць іх аўтару таго роліка, які спадабаўся. Безумоўна, купля манет праходзіць пад кантролем дарослых, бо менавіта яны яе аплачваюць. Мы ўпэўнены, што максімальна будуць данаціць менавіта аўтараў адукацыйных ролікаў, якія будуць дапамагаць вырашыць пэўныя адукацыйныя праблемы. Магчымасць зарабіць грошы будзе стымуляваць дзяцей запі­сваць якасны і карысны кантэнт і зарабляць уласным розумам. Думаю, у нас хутка з’явяцца вельмі высокааплатныя настаўнікі. Атрымліваецца, што любое дзіця ў любой краіне з дапамогай TeenUp зможа зарабіць грошы ўласным розумам або крэатывам, — кажа ініцыятар сацыяльнай ідэі. — Калі задумацца, то такім чынам у краінах з высокім узроўнем беднасці дзіця можа стаць карміцелем сям’і”.

Пасля паўнавартаснага запуску праект ТeenUp запрацуе па рэйтынгавай сі­стэме. Плануецца, што ўдзельнікам сацсеткі будуць прысвойвацца рангі. Тое, якія яны, будзе залежаць ад дынамікі: як і наколькі навучэнцы прасунуліся ў выбраным кірунку.

“Падчас рэгістрацыі ўсе карыстальнікі атрымліваюць аднолькавы статус — “Навічок”, а максімальны ранг, якога можна дасягнуць, — “Гранд-майстар”, — працягвае расказваць пра тонкасці сваёй ідэі Вольга. — “Гранд-майстра” атрыма­юць тыя, хто ўжо задае трэнды ў сацсетках і з’яўляецца прызнаным аўтарытэтам у сваёй сферы. Гранд-майстры змо­гуць самастойна запускаць чэленджы ці марафоны ў нашай сацсетцы. Дарэчы, у TeenUp будзе рэалізавана сістэма марафонаў па інтарэсах — сусветных конкурсаў па асобных тэмах. Іх асноўнай мэтай з’яўляюцца зносіны дзяцей і падлеткаў. Прычым важна, што дзеці знаходзяць сабе падобных, з аднолькавымі захапленнямі. Мы хочам, каб маладыя людзі па ўсім свеце знаёміліся на аснове агульных інтарэсаў, знаходзілі аднадумцаў і вучыліся адзін у аднаго. TeenUp  павінен стаць бяспечным асяроддзем для паўнавартаснага развіцця дзіцяці, і мы будзем рабіць для гэтага ўсё магчымае”.

Разважаючы над пытаннем, чым TeenUp прынцыпова адрозніваецца ад YouTube ці TikTok, якія сёння папулярны сярод школьнікаў, Вольга акцэнтуе ўвагу на тым, што яе праект не забаўляльны, ён адукацыйны, і ўвесь яго функцыянал накіраваны на абмен ведамі.

“У нас не проста паказваюць таленты, а ствараюць кам’юніці, падтрымліваюць адзін аднаго па інтарэсах і зарабляюць на сваіх ведах і ўменнях, — гаворыць В.Іваненка. — Але самае галоўнае адрозненне — у аўдыторыі. Я не магу ўявіць, каб у TeenUp пад відэа з’явіліся такія каментарыі, як на YouTube. Мы ствараем праект без цкавання і кібербулінгу, дзе карыстальнікі з павагай будуць ставіцца адзін да аднаго. Гэта наша прынцыповая пазіцыя”.

Дадатак TeenUp адпавядае Правілам абароны канфідэнцыяльнасці дзяцей у інтэрнэце (COPPA) і Агульным правілам абароны даных (GDPR). Рэгістрацыя дзіцяці, якая адбываецца праз google-акаўнт, дае бацькам больш магчымасцей: таты і мамы могуць праз свой акаўнт кантраляваць дзеянні малога, у тым ліку дазва­ляць ці абмяжоўваць здзяйсненне пакупак у інтэрнэце ў цэлым і ў TeenUp у прыватнасці.

“Сёння мы знаходзімся на старце, але ўжо бачым, колькі ў нас разумных і таленавітых дзяцей, — працягвае аўтар праекта. — Іх трэба толькі падтрымаць, падштурхнуць да дасягнення мэты. Але самае галоўнае, ім неабходна паказаць дзверы, за якімі адкрыецца свет магчымасцей”.

Пералічваючы ўсе адметнасці дадатку, В.Іваненка адкрыла адзін сакрэт: у хуткім часе да праекта далучацца гранд-майстры (настаўнікі, якія маюць дасягненні, лепшыя ў прафесіі), якія будуць выкладаць для дзяцей платныя і бясплатныя ўрокі. Напрыклад, ужо сёння з беларускім праектам супрацоўнічае Павел Андрэевіч Віктар (заслужаны настаўнік Украіны, кандыдат фізіка-матэматычных навук), які на зразумелай мове і ў даступнай форме расказвае, як падрыхтавацца да кантрольнай работы па цеплавых з’явах.

“Платныя ўрокі могуць выкладаць як самі дзеці, так і гранд-майстры, — кажа Вольга. — Тое, хто будзе выкладаць, залежыць ад запыту навучэнцаў. Таксама ў найбліжэйшы час спецыяльна для дзяцей нашай краіны будзе праведзены конкурс, пераможцам якога ўручаць сур’ёзныя гранты. Прычым атрыма­юць іх не толькі дзеці, але і настаўнікі. Чаго яшчэ хочацца дасягнуць, дзякуючы праекту? Вельмі хочацца перавярнуць уяўленне дзяцей і падлеткаў аб блогінгу і заробку ў інтэрнэце”.

Мы ствараем праект без цкавання і кібербулінгу, дзе карыстальнікі з павагай будуць ставіцца адзін да аднаго. Гэта наша прынцыповая пазіцыя.

Гэтая ідэя выглядае цікавай і своечасовай. Мяркуйце самі: сёння нашы дзеці праводзяць перад тэлевізарам, у інтэрнэце большасць часу. На што ён траціцца? На прагляд сторыс, што ствараюць блогеры. Прычым у 99% выпадкаў — гэта безыдэйныя ролікі: блогер расказвае нешта, што пазбаўлена глыбокага сэнсу, недзе ходзіць, штосьці каменціруе, а дзеці ўсё паглынаюць. Нам, мамам і татам, гэта не падабаецца. TeenUp якраз накіраваны на тое, каб даць дзецям карысны кантэнт і зацікавіць, заматываваць іх на работу і вучобу. Таму платформа Вольгі Іваненка — цудоўная магчымасць праявіць сябе праз веды і інтэлект, а таксама зарабіць на гэтым грошы. Ідэальна, ці не так?

Наталля САХНО.