Змяніць свет да лепшага

Самымі актыўнымі ў краіне ўдзельнікамі першага этапу Рэспубліканскага конкурсу Velcom YOUTH сталі навучэнцы сярэдняй школы № 44 Віцебска.

Сацыяльна-адукацыйны праект Velcom YOUTH для навучэнцаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэалізоўваецца кампаніяй Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Гэта конкурс ідэй, пры дапамозе якіх можна змяніць да лепшага навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей у ім. Адметная рыса праекта — камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзентацыі праекта ў фінале будзе весціся на беларускай мове. Для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння прадугледжана выкарыстанне сучасных тэлекамунікацыйных каналаў, пры дапамозе якіх ёсць магчымасць наведаць анлайн-воркшопы, прэзентаваць сябе і свае ідэі. На першым этапе да спаборніцтва далучыліся больш за 800 старшакласнікаў 236 устаноў адукацыі. Рэкорд паставілі віцябляне: сярэднюю школу № 44 абласнога цэнтра прадставілі 100 юнакоў і дзяўчат. Самыя актыўныя канкурсанты атрымалі ад арганізатараў праекта ў падарунак 55-цалёвы смарт-тэлевізар, які ўжо дапамог ім стаць удзельнікамі майстар-класаў у выглядзе воркшопаў з трансляцыяй на бясплатным адукацыйным канале лічбавага тэлебачання VOKA — VOKA YOUTH.

— Майстар-класы выклікалі вялікую цікавасць не толькі ў старшакласнікаў, але і ў іх настаўнікаў, — адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 44 Віцебска Сяргей Піталенка. — Падрыхтоўка да ўдзелу ў наступных этапах конкурсу ідзе поўным ходам: навучэнцы загарэліся яго ідэяй, кожнаму хочацца прайсці ў фінал і прыняць удзел у выніковай канферэнцыі TEDxYouth @Minsk. Узнагародай для аўтараў дзесяці лепшых праектаў стануць мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў будуць запрошаны на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю — прыз, за які варта пазмагацца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.