На Піншчыне падпісана праграма супрацоўніцтва раённага аддзела адукацыі і Пінскага благачыння Пінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы на 2013—2016 гады.
— Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі — адна з прыярытэтных задач сучаснага адукацыйнага працэсу, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі Пінскага райвыканкама А.І.Прылоўская. — Прынятая праграма распрацавана ў адпаведнасці з канстытуцыяй, Кодэксам аб адукацыі, праграмай супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой і іншымі нарматыўна-прававымі дакументамі.
Па словах благачыннага цэркваў Пінскай акругі протаіерэя Канстанціна Балакая, праграма супрацоўніцтва прадугледжвае асветніцкую і метадычную работу з педагагічнымі кадрамі, а таксама работу з навучэнцамі, іх бацькамі і грамадскасцю наогул. Абодва бакі абавязуюцца рэалізоўваць праграму ў галіне выхавання дзяцей і моладзі на аснове ўзаемнай павагі і няўмешвання ў профільныя справы, свецкага характару адукацыі, талерантнасці, верацярпімасці і павагі да прадстаўнікоў іншых канфесій, павагі правоў навучэнцаў на фарміраванне ўласнай пазіцыі ў адносінах да рэлігіі, а таксама правоў бацькоў на выхаванне дзяцей у адпаведнасці з асабістым стаўленнем да рэлігіі.
— Мерапрыемствы праграмы скіраваны на азнаямленне навучэнцаў з гісторыка-культурнай спадчынай роднага краю, выхаванне ў дзяцей міласэрнасці і патрэбы ў клопаце пра блізкіх людзей, арганізацыю валанцёрскай дзейнасці, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і памятных збудаванняў, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця і прафілактыку шкодных звычак, арганізацыю змястоўнага вольнага часу школьнікаў і іх аздараўленне, пераадоленне дэструктыўнага ўплыву на навучэнскую моладзь псеўдарэлігійных арганізацый і неакультаў, работу з сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, — расказала галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі І.М.Ліра. — Пры арганізацыі работы па выкананні праграмы супрацоўніцтва будуць праводзіцца навукова-практычныя канферэнцыі на духоўна-маральную тэматыку, класныя і інфармацыйныя гадзіны, пасяджэнні клубаў па інтарэсах, выставы і экспазіцыі, экскурсіі па вывучэнні гісторыі роднага краю і паломніцкія паездкі ў цэнтры духоўнай гісторыі краіны, круглыя сталы з бацькамі і педагогамі, акцыі міласэрнасці ў рамках валанцёрскай дзейнасці і інш.
— Спадзяёмся, што рэалізацыя мерапрыемстваў праграмы дазволіць абагаціць духоўна-маральную культуру навучэнцаў і павысіць сацыяльны статус сям’і. Педагогі Піншчыны імкнуцца, каб школьнікі ў будучыні сталі не толькі добрымі юрыстамі, рабочымі, інжынерамі ці ўрачамі, але найперш неабыякавымі, добрымі, талерантнымі і адказнымі людзьмі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, гатовымі змяніць свет да лепшага, — адзначыла А.І.Прылоўская.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
hryshkevich@ng-press.by