Змяняй сябе, а не планету!

Вось ужо адзінаццаць гадоў запар праходзіць Сусветная акцыя “Гадзіна Зямлі”: людзі ў розных кутках планеты адначасова выключаюць святло і запальваюць свечкі, выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў, каб паглядзець, як на гадзіну адключаецца падсвятленне знакавых будынкаў.

Выключыць святло нескладана, але нават за такім сімвалічным дзеяннем стаіць магчымасць людзей памяняць штодзённыя звычкі і тым самым дапамагчы планеце.

Сусветная акцыя “Гадзіна Зямлі” маштабна прайшла ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка. Цікава і пазнавальна правялі з вучнямі 4-5-х класаў вусны часопіс “Гадзіна Зямлі” члены экалагічнага атрада на чале з намеснікам старшыні Маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым савеце дэпутатаў Віялетай Біч, аўтарам экалагічнага праекта “Мы выбіраем зялёны колер”. Напрыканцы мерапрыемства дзяўчынкі прапанавалі малодшым школьнікам напісаць на зялёных далоньках — сімвале сяброўства з прыродай — прапанову, чым можа кожны з іх дапамагчы Зямлі.

Падчас інтэрактыўнай акцыі “Змяняй сябе, а не планету” вучні на імправізаванай паверхні нашай планеты прымацавалі маленькія свечкі — знак салідарнасці і ўдзелу ў міжнароднай акцыі. Побач са стэндам можна было пазнаёміцца з літаратурай па ахове прыроды і энергазберажэнні.

Вечарам у школе падчас акцыі “60+” выключылі святло і тым самым збераглі электраэнергію на 0,16 кВт.

Таццяна САЗАНОВІЧ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 5 Навагрудка.