Што гэта па-вашаму? Гэта прадпрымальнасць. З бягучага навучальнага года педагагічны калектыў Касцюковіцкай раённай гімназіі Магілёўскай вобласці ўключыўся ў рэалізацыю інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Аб першых поспехах, запланаваных задачах і чаканых выніках інавацыі распавядае кіраўнік праекта дырэктар Касцюковіцкай раённай гімназіі Антаніна Іванаўна МАКСІМАВА.
— Якую мэту вы перад сабой ставілі, становячыся ўдзельнікамі інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі “Прадпрымальная школа”?
— Да інавацыйнага праекта па прадпрымальнай школе мы займаліся ўкараненнем мадэлі ўстойлівага развіцця ў сістэму работы педагагічнага калектыву. Набылі вопыт па рэалізацыі педагагічных ініцыятыў і прыйшлі да думкі аб стварэнні на базе гімназіі цэнтра падтрымкі маладзёжных ініцыятыў. Нашы вучні маюць шмат ідэй, але не ведаюць, як іх рэалізаваць. Развіваючы ў іх прадпрымальнасць, мы дапаможам ім у будучыні рэалізоўваць свае ідэі на практыцы.
— Ці ўсім вашым настаўнікам спадабалася ідэя прадпрымальнай педагогікі?
— Праяўляючы прадпрымальнасць, чалавек можа быць паспяховым ва ўсім, таму гэтая тэма зацікавіла многіх настаўнікаў. У інавацыйнай групе задзейнічаны 9 педагогаў, а таксама намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і я. Кожны з педагогаў узяў сабе тэму даследавання. Напрыклад, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Уладзіміраўна Пітунова працуе над тэмай “Развіццё прадпрымальнасці настаўніка праз вучэбна-метадычнае суправаджэнне”, а настаўніца рускай мовы і літаратуры Аліна Альгірдаўна Фралова абрала сабе тэму “Фарміраванне сацыяльна-актыўнай пазіцыі навучэнцаў праз дзейнасць гімназічнага прэс-цэнтра”. Пад яе кіраўніцтвам вучні рыхтуюць і выпускаюць гімназічны веснік, у якім прадстаўляюць ідэі дзяцей. Настаўніца-філолаг Наталля Ягораўна Мацянко распрацоўвае тэму “Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў праз прымяненне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках рускай мовы”, а настаўніца нямецкай мовы Ірына Станіславаўна Лукашэнка — “Міжнароднае супрацоўніцтва як сродак станаўлення індывідуальнай прадпрымальнасці навучэнцаў”. Нашы гімназісты выязджаюць у Германію, дзе яны не толькі практыкуюцца ў веданні замежнай мовы, але і вучацца супрацоўнічаць, шукаюць новыя ідэі. Настаўніца пачатковых класаў Любоў Рыгораўна Волкава працуе над фарміраваннем у вучняў грамадзянскасці праз клубную дзейнасць. Яна стварыла лялечны тэатр, у якім выступаюць не толькі дзеці, але і іх бацькі. Настаўнік англійскай мовы Аляксандр Аркадз’евіч Шкробаў займаецца рэалізацыяй маладзёжных ініцыятыў праз сацыяльна значныя праекты.
— Хто з дзяцей выказаў жаданне стаць удзельнікам праекта?
— Катэгорыя дзяцей самая розная — ад пяцікласнікаў да выпускнікоў. 30 працэнтаў навучэнцаў гімназіі паглыбіліся ў праблему ўкаранення прадпрымальнай школы.
— Каб быць прадпрымальным чалавекам, трэба валодаць пэўнымі ведамі, навыкамі. На якіх ўроках і ў якой дзейнасці школьнікі могуць іх набыць?
— Прадпрымальнасць прадугледжвае пэўныя веды аб працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве, эканоміцы. Гэта і ўменне працаваць у камандзе, планаваць, арганізоўваць, а таксама такія ўласцівасці, як актыўнасць, адказнасць. Асноўны дэвіз мадэлі прадпрымальнай школы — “Хачу, магу, раблю”.
Для таго каб дзеці атрымлівалі веды па прадпрымальнасці, неабходна спачатку навучыць педагогаў. Але паколькі часу на інавацыю не так шмат (тры гады), то навучанне педагогаў адбываецца ў працэсе. Пры гэтым хачу заўважыць, што вучацца ўсе разам — настаўнікі, дзеці, бацькі.
Ствараецца творчае асяроддзе, дзе ўдзельнікі праекта ладзяць зносіны паміж сабой, натхняюць адно аднаго. У гімназіі праводзяцца навучальныя семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі розных структур, ведамстваў — банка, выканкама, прамысловасці, якія праходзяць у фармаце адкрытага мікрафона.
Падтрымліваем сувязь з нашым навуковым кансультантам дацэнтам кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Соф’яй Барысаўнай Савелавай, а таксама са школамі-партнёрамі. У праекце ўдзельнічае яшчэ 10 устаноў адукацыі рэспублікі.
— На вашу думку, ці патрэбны асобны прадмет па прадпрымальнасці?
— Прадпрымальнасць мы вывучаем не для таго, каб вучні ў будучыні сталі бізнесменамі, а найперш каб выпрацаваць у іх актыўную жыццёвую пазіцыю. Гэта можна рабіць на кожным уроку. У праекце ўдзельнічаюць настаўнікі розных прадметаў — філолагі, матэматыкі, хімікі, выкладчыкі працоўнага навучання. На базе кабінета працоўнага навучання і пад кіраўніцтвам настаўніка гэтага прадмета мы, напрыклад, плануем адкрыць бізнес-кампанію.
— Ёсць такое меркаванне, што непаспяховыя ў вучобе дзеці вельмі прадпрымальныя, таму што ім даводзіцца часта выкручвацца, каб у розных сітуацыях выходзіць сухімі з вады. Ці адзначалі вы такую заканамернасць?
— У нашай гімназіі вялікіх двоечнікаў няма. У нас вучацца ў асноўным матываваныя дзеці. Мы і не думаем праводзіць адбор гімназістаў для ўдзелу ў праекце па паспяховасці. У нас іншая задача. Мы хочам дапамагчы нашым вучням вызначыцца, стаць актыўнымі, адказнымі асобамі. Таму мы ствараем такія ўмовы, каб кожны мог прадставіць сваю ідэю, якая была б яшчэ і сацыяльна значнай — неабавязкова для ўсяго раёна, а хаця б для гімназіі, класа.
— За некалькі месяцаў рэалізацыі праекта паступілі нейкія прапановы ад дзяцей, настаўнікаў?
— Ідэй у нас шмат. Самая асноўная, якую дзеці прапанавалі (і мы ўжо шукаем магчымасці для яе рэалізацыі), — стварыць зону адпачынку каля гімназіі. Справа ў тым, што наша ўстанова знаходзіцца каля пусткі. Мы назвалі гэты праект “Былая пустка — будучы сквер”. Кожны год мы праводзім інтэрнэт-гульню “Наша Беларусь”, удзельнікі якой на малюнках паказваюць, як бы яны хацелі пераўтварыць свет вакол сябе. Нашы дзеці намалявалі праект будучай тэрыторыі вакол гімназіі, і сёння мы гэта спрабуем увасобіць.
Яшчэ нашы дзеці рэалізоўваюць дабрачынны праект “З дабрынёй у сэрцы”, узялі шэфства над дзецьмі з асаблівымі патрэбамі з Касцюковіцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
У час знаходжання ў Германіі нашы гімназісты пазнаёміліся з праектам пад назвай “Мы робім цырк” і цяпер яго актыўна ўкараняюць у сябе. Нямецкія сябры дапамагаюць з прыстасаваннямі для нумароў. Можна сказаць, што цырк стаў нашай візітоўкай.
— Ці можна сказаць, што праект па прадпрымальнай школе мае яшчэ і прафарыентацыйную накіраванасць?
— Канечне, як і папярэдні праект па мадэлі ўстойлівага развіцця. Разумеючы, што ў наш невялікі раённы цэнтр паедуць на работу толькі тутэйшыя маладыя людзі, мы матывуем нашых гімназістаў на педагагічную дзейнасць. У нас склалася традыцыя па правядзенні дзён педагога, якія мы яшчэ называем днямі самакіравання. У такія дні нашы старшакласнікі выконваюць ролі педагогаў, кіраўніцтва гімназіі. Паводле свайго меркавання яны пераўтвараюць гімназічнае жыццё. Дні самакіравання праходзяць двойчы ў год — на Дзень настаўніка і ў канцы навучальнага года, у маі. Такая работа дае станоўчыя вынікі: нашы выпускнікі паступаюць у педагагічныя УВА і вяртаюцца да нас у гімназію.
Але не трэба думаць, што мы займаемся толькі аднабаковай прафарыентацыяй. Мы праводзім гутаркі не толькі пра педагагічную, але і пра ўсе прафесіі, што сёння існуюць і да якіх вучні праяўляюць цікавасць.
— Праект разлічаны на тры гады. Якія задачы плануеце вырашыць за гэты час?
— Праект разбіты на этапы. Сёлетні навучальны год — гэта арганізацыйны этап. Трэба вызначыць мэты і задачы нашай дзейнасці, пабудаваць і апісаць мадэль, тэхналогіі, якія мы будзем выкарыстоўваць. У наступным годзе будзем фарміраваць групы аднадумцаў не толькі ўнутры гімназіі, але і мэтавыя творчыя групы з іншых навучальных устаноў, раёнаў. Будзем рабіць канкрэтныя крокі па рэалізацыі пэўных ідэй з прыцягненнем усіх зацікаўленых асоб, а не толькі педагогаў.
— І ў канцы праекта ваша гімназія стане прадпрымальнай школай?
— Мы хочам, каб мадэль “Прадпрымальная школа” была рэалізавана ў будучыні як цэнтр падтрымкі маладзёжных ініцыятыў. Прычым ініцыятыў, якія нараджаюцца не толькі ў нашай гімназіі, але і ў іншых установах адукацыі.
— Вы станеце экспертамі ў пытанні жыццядзейнасці ідэй?
— Ідэй шмат, але людзі не ведаюць, як ажыццявіць іх. Мы будзем ствараць банк ініцыятыў, дапамагаць рэалізоўваць іх. Але спачатку навучымся ўсё гэта рабіць самі.
— Вы звяртаецеся да сваіх таленавітых дзяцей па дапамогу ў вырашэнні гімназічных праблем?
— Гімназічныя пытанні без удзелу навучэнцаў і іх бацькоў вырашыць наогул немагчыма. Вось, напрыклад, праблема выкарыстання мабільных тэлефонаў у вучэбным працэсе. Спачатку мы вывучалі меркаванне школьнікаў на гэты конт. Сказаць ім, што нельга прыносіць у гімназію мабільнікі і выкарыстоўваць іх на ўроку, няправільна. Трэба знайсці методыкі, каб тэлефоны былі памочнікамі ў адукацыйным працэсе.
У нашай гімназіі ні адно важнае мерапрыемства не праходзіць без вучняў. Мы ўсё робім разам. А паколькі дзеці заўсёды побач, то мы лепш разумеем адно аднаго і ведаем, хто чым жыве.
— Мяркую, што вашы гімназісты ўспрынялі інавацыйны праект з радасцю, таму што гэта прыкладныя веды, якія абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці. Усе маладыя хочуць у будучыні быць паспяховымі і багатымі.
— Калі ў гімназіі пачулі назву праекта “Прадпрымальная школа”, то палічылі, што мы будзем рыхтаваць бізнесменаў, навучым зарабляць грошы. Асноўная ж задача на сённяшні дзень — дапамагчы кожнаму стаць прадпрымальным. Цікавасць да праекта вялікая. І нас гэта радуе. І калі я запрашаю прыйсці на размову прадстаўнікоў банка, то яны з задавальненнем згаджаюцца, таму што чулі пра гэтую мадэль і падтрымліваюць наша пачынанне. У нашым цэнтры падтрымкі маладзёжных ініцыятыў будуць працаваць не толькі настаўнікі і дзеці, але і прадстаўнікі іншых арганізацый, прафесій. У нас нават святар быў, які выкладаў сваё бачанне прадпрымальнай школы. Кожны чалавек мае сваё меркаванне наконт прадпрымальнасці, але ўсе сходзяцца ў адным: яна напрамую звязана з паспяховасцю.
— Выбачайце, але ў многіх людзей слова “прадпрымальны” сінанімічнае слову “дзялок”, якое мае не вельмі станоўчую афарбоўку: гэтакі хітры, вёрткі, нахабны чалавек, які ставіць перад сабой толькі практычныя мэты.
— Мы кажам пра іншую прадпрымальнасць. Пра чалавека, здольнага знайсці выйсце з любой сітуацыі, які мае гнуткі розум, самастойнага, ініцыятыўнага, адказнага, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
— А дырэктар павінен быць прадпрымальным?
— Дырэктар больш за астатніх павінен быць прадпрымальным і асабістым прыкладам гэта дэманстраваць. Без новых ідэй жыццё прэснае і не мае развіцця. Мне хацелася б, каб людзі бачылі ўва мне прадпрымальнага кіраўніка. Дырэктар павінен мысліць гнутка, маштабна і перспектыўна, умець аналізаваць, своечасова прымаць і рэалізоўваць абгрунтаваныя неардынарныя кіраўніцкія рашэнні, калі трэба, ісці на апраўданую рызыку, а яшчэ пераконваць і зацікаўліваць калектыў.
Рэалізацыя мадэлі “Прадпрымальная школа” — гэта і ёсць маё прадпрымальнае дальнабачнае кіраўніцкае рашэнне. Сучасная адукацыя ў большасці сваёй мае на мэце перадачу вучням гатовых ведаў, з-за чаго тыя становяцца пасіўнымі спажыўцамі, і ў выніку з іх вырастаюць бязвольныя, безыніцыятыўныя выканаўцы. У такім выпадку яны не будуць канкурэтаздольнымі і шчаслівымі ў сучасным свеце. Мы плануем не толькі даць сваім вучням эканамічныя веды, але і навучыць іх галоўнай на сённяшні дзень якасці — вынаходзіць новыя ідэі і ўвасабляць іх у жыццё.
Святлана КІРСАНАВА,
Фота з архіва Касцюковіцкай раённай гімназіі.