Знаходзіць развязкі па праблемных пытаннях і рухацца наперад

- 10:04Інфармацыйная гадзіна

У беларуска-расійскіх адносінах ёсць узаемнае разуменне аб неабходнасці знаходжання развязак па праблемных пытаннях. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

“Я аптымістычна гляджу на развіццё двухбаковых адносін з нашымі расійскімі сябрамі. Нядаўна ў нас адбылася вельмі прадметная і канкрэтная размова з маім калегам Сяргеем Лаўровым. Ёсць агульнае разуменне таго, што трэба знаходзіць развязкі тых праблемных пытанняў, якія цяпер маюць месца, і рухацца наперад”, — заявіў міністр.

“Як некаторыя гавораць, Саюзная дзяржава ўжо не існуе. На нашу думку, яе хаваць рана”, — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што на сустрэчы з кіраўніком МЗС Расіі было дасягнута вельмі шмат дамоўленасцей. “Канцэптуальныя задачы нам ставяць нашы прэзідэнты. Наша задача ў тым, каб рэалізаваць гэтыя даручэнні, — сказаў міністр. — Таму мы размаўлялі аб канкрэтных мерапрыемствах, тых рэчах, якія павінны зрабіць па рэалізацыі ўстановак кіраўнікоў дзяржаў”.

Уладзімір Макей удакладніў, што бакі закраналі многія аспекты двухбаковых адносін. У іх ліку пагранічныя пытанні, узаемадзеянне на міжнароднай арэне, сітуацыя ў розных гарачых кропках як у рэгіёне, так і свеце ў цэлым. Абмяркоўваліся таксама сумесныя дзеянні па святкаванні 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпадносін.