Знаходзіць агульную мову і выходзіць на пазітыўны вынік

- 11:22Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з украінскім дзяржаўным і палітычным дзеячам трэцім прэзідэнтам Украіны (2005—2010 гады) Віктарам Юшчанкам.

“Ёсць шмат праблем, якія я гатовы з вамі абмеркаваць, у тым ліку па пазіцыі Украіны ў СНД. Як вядома, Украіна фактычна заявіла аб выхадзе, але афіцыйна гэтага яшчэ не здарылася. І на апошнім саміце ў Душанбэ ўкраінскі сцяг прысутнічаў, як заўсёды. Я так разумею, што гэта працэс не аднаго дня. Напэўна, і Украіне парываць усялякія сувязі з нашымі дзяржавамі паасобку і ў цэлым з СНД нявыгадна. Таму будзе нейкі працэс. Мой пункт гледжання вы ведаеце. Я заўсёды гаварыў аб тым, што выйсці прасцей, чым потым увайсці, калі трэба будзе. Але гэта суверэнная справа Украіны, мы вымушаны з гэтым лічыцца”, — сказаў беларускі лідар.

“Па падзеях ва Украіне вы маю пазіцыю ведаеце. Мы ні ў якім разе не хочам умешвацца ў падзеі ва Украіне. Груба кажучы, гэта не наша справа, калі нас не просяць. Хоць, сумленна скажу, — мы аб гэтым пагаворым — уплыў падзей ва Украіне на нас вельмі вялікі. Асабліва нас непакоіць, прыток зброі праз украінскую граніцу. Вельмі шмат мы канфіскуем зброі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, выяўляюцца факты, калі зброя ідзе ў Беларусь з Украіны праз Расію. “Калі крымінальныя справы расследуюцца, мы таксама такія факты фіксуем. І я Прэзідэнту Расіі аб гэтым гаварыў. Вось гэта нас больш за ўсё непакоіць”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

“Але магло б быць значна горш. І калі ўжо шчыра гаварыць, няма такой азлобленасці ў адносінах да беларусаў з боку ўкраінцаў. Няма гэтага сутыкнення народнага меркавання. Вось гэта самае галоўнае. Гэта абнадзейвае. Гэта аснова нашых добрых адносін, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Праблем шмат, і я гатовы іх абмеркаваць”.

Закранаючы двухбаковыя адносіны Беларусі і Украіны, кіраўнік дзяржавы ўспомніў і пра час прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі. “Калі параўноўваеш цяперашні час… Я ўжо не толькі гавару пра Украіну і Беларусь, — і нашы ўзаемаадносіны на постсавецкай прасторы. Вядома, гэта быў не горшы час, асабліва паміж нашымі дзяржавамі. Мы пры ўсіх адрозненнях, розных пунктах гледжання заўсёды знаходзілі нейкі кансэнсус і выбудоўвалі нашы адносіны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І гэта тычыцца не толькі нас. Як бы ні было складана, і з Расійскай Федэрацыяй знаходзілі агульную мову, узаемапрымальную, і з іншымі дзяржавамі. Усяляк было, але ў цэлым заўсёды мы выходзілі на пазітыўны вынік. І па тавараабароце мы тады высокімі тэмпамі раслі. Хоць і цяпер у нас крыўдзіцца няма на што — прырост тавараабароту 20—30 працэнтаў. Дарэчы, у СНД яшчэ вышэйшы. Другі год такі рост адбываецца. Было сур’ёзнае падзенне, а цяпер салідны рост і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, і ў СНД у цэлым. Тое ж самае адбываецца і з Украінай”.

У сваю чаргу Віктар Юшчанка адзначыў, што ў яго разуменні двухбаковыя адносіны з Беларуссю заўсёды былі ідэальнымі і на палітычным узроўні, і на народным. “Мы заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне па самых складаных пытаннях. Цяпер тое, што адбываецца не толькі ва Украіне, я згодны, — гэта вялікае выпрабаванне, гэта вялікая праблема для ўладкавання і нашага жыцця як нацыі, краіны, і суседзяў, і Еўропы”, — адзначыў экс-прэзідэнт Украіны.

Паводле яго слоў, з аднаго боку, ва Украіне людзі сталі больш кансалідаваныя, чым, напрыклад, 5—10 гадоў назад. “Мы працягнулі адзін аднаму руку больш, чым калі-небудзь, больш стала адзінства”, — сказаў ён.

З другога боку, Віктар Юшчанка адзначыў складанасць тэрытарыяльнага пытання, падкрэсліўшы, што простага аднакампанентнага рашэння не можа быць знойдзена. “Відавочна, размова ідзе пра доўгатэрміновы працэс”, — лічыць экс-прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што на фоне ўсіх падзей, якія адбываюцца, унутрыпалітычнае жыццё ва Украіне таксама складанае, паколькі ёсць шмат бакоў, якія хочуць нешта ўзяць з кантэксту і на гэтым рабіць палітыку. Віктар Юшчанка выказаў меркаванне, што па гэтай прычыне на маючых адбыцца ва Украіне прэзідэнцкіх выбарах можа быць самая вялікая колькасць кандыдатаў у гісторыі краіны. Ён адзначыў, што вострая ўнутрыпалітычная дыскусія часта не працуе на стабілізацыю, але ўкраінскі народ праходзіць вельмі важную нацыянальную школу.