Знайдзі справу па душы!

Сетка дадатковай адукацыі Ганцавіччыны складаецца з аб’яднанняў па інтарэсах, створаных на базе сярэдніх школ, Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкай творчасці і Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Штогод установы адукацыі ўдасканальваюць сваю работу: адкрываюць новыя профілі, удзельнічаюць у творчых і даследчых конкурсах, праводзяць розныя мерапрыемствы, распрацоўваюць цікавыя праекты.

Адным з паказчыкаў эфектыўнай выхаваўчай дзейнасці з’яўляецца актыўны ўдзел вучняў Ганцавіччыны ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Толькі сёлета скарбонку дасягненняў раёна папоўнілі выхаванцы аб’яднанняў “Майстрыхі”, “Юны даследчык”, “Юны аніматар”, “Смайл”, Smash, “Журавінка” і “Тэхнічная творчасць” (Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкай творчасці)”, “Перспектыва” (сярэдняя школа № 1 Ганцавіч), “ЮІР” і “Элемент” (сярэдняя школа № 3 Ганцавіч).

Добра павышаюць імідж дадатковай адукацыі тэматычныя тыдні і дні адкрытых дзвярэй. Адзін з такіх тыдняў традыцыйна праходзіць у верасні. Цэнтральным мерапрыемствам сёлета стаў дзень адкрытых дзвярэй у Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі выбіралі справу па душы. Займальныя майстар-класы, вясёлыя гульні і запальныя канцэртныя нумары паказалі разнастайнасць прапанаваных відаў занятасці дзяцей і падлеткаў. Найбольшую цікавасць у хлопчыкаў выклікала аб’яднанне “Юны картынгіст”, дзе яны з задавальненнем вывучалі асаблівасці картынга. Увагу дзяўчынак больш прыцягвалі майстар-класы мастацкага кірунку.

Шумна і шматлюдна было ў суботу ў сярэдняй школе № 3 Ганцавіч, Люсінскім дзіцячым-садзе — сярэдняй школе імя Якуба Коласа і Раздзялавіцкай сярэдняй школе. Тут разгарнулася шырокая рэкламная кампанія дадатковай адукацыі. Дарослыя і дзеці спрабавалі сябе ў ролі мастакоў, спевакоў, тэатралаў, інспектараў дарожнага руху, інтэлектуалаў, валанцёраў і інш.

Зрабіўшы аднойчы выбар на карысць занятку па душы, многія вучні тым самым выбралі будучую прафесію. Задача педагогаў і бацькоў — своечасова вызначыць і развіць магчымасці дзяцей, аказаўшы ім неабходную падтрымку. Вялікі патэнцыял для гэтага ёсць у дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *