Знайшлі справу для душы

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Лепшыя творцы, рацыяналізатары і вынаходнікі Магілёўшчыны з ліку навучэнцаў і работнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі сабраліся разам на абласным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Такі агляд праводзіцца ў рэгіёне штогод, але цікавасць да яго не згасае. Так, сёлета ўдзел у ім прынялі 28 устаноў прафесійнай адукацыі. У 24 конкурсных намінацыях імі было прадстаўлена звыш 700 творчых работ.

Выстава агляду ўражвала, бо была насычана вынаходніцтвамі, мадэлямі тэхнічнай, інавацыйнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кожная з распрацовак адметная. Так, усе работы больш творчых намінацый уяўлялі сабой сапраўдныя шэдэўры. Непаўторныя, арыгінальныя вырабы найлепшым чынам дэманстравалі — у магілёўскіх установах прафесійнай адукацыі шмат творча думаючых навучэнцаў і педагогаў.

А вось тэхнічныя намінацыі ўключалі ў сябе рацыяналізатарскія прапановы ў розных сферах. Многія з іх маюц­ь рэальныя перспектывы ўкаранення ў жыццё. Напрыклад, распрацоўкі прадстаўнікоў Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. У напрамку тэхнічнай творчасці гэтая навучальная ўстанова прадставіла на агляд 29 разнастайных экспанатаў.

— Наш каледж — шматпрофільная ўстанова. Але палова спецыяльнасцей мае тэхнічную накіраванасц­ь, таму развіццю тэхнічнай творчасці ў­дзяляецца вялікая ўвага. У нас дзейнічаюць тры тэхнічныя майстэрні і лабараторыя. Акрамя гэтага, працуюц­ь гурткі тэхнічнага профілю, у рамках якіх у навучэнцаў ёсць магчымасц­ь увасабляць свае рацыяналізатарскія ідэі і прэзентавац­ь іх. Прычым робяць яны гэта даволі паспяхова. Штогод нашы навучэнцы заваёўваюц­ь прызавыя дыпломы на прэстыжных рэспубліканскіх конкурсах. Зараз на агляд мы прадставілі розныя тэхнічныя экспанаты. І важна, што ўсе яны маюць пэўную практычную значнасць. Навучэнцы і педагогі стварылі мангал-грыль з электрычным провадам, які можа працаваць ад акумулятара, вакуумную помпу і аўтаматычную кармушку, уласнаручна з другаснай сыравіны зрабілі электрасамакат, паходную печ, робат-пыласос. Майстрамі былі выраблены спецыя­лізаваныя вучэбныя трэнажоры, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў вытворчым навучанні. Некаторыя распрацоўкі рэалізуюцца. Напрыклад, самастойна распрацаваная сістэма прапускнога кантролю хутка будзе ўкаранёна ў дзейнасць каледжа, — расказала намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Г.А.Шынкарова.

У Магілёўскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы дзейнічаюць розныя аб’яднанні па інтарэсах і творчай накіраванасці. Навучэнцы і педагогі прадставілі на агляд мноства вырабаў у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

— Творчыя гурткі ў нас наведваюць больш за сто чалавек. Мы стараемся максімальна далучыць вучняў да карыснай занятасці. Але ўпор у гэтай рабоце робім на тое, каб маладыя людзі маглі знайсці занятак па інтарэсах, развіць свае таленты і здольнасці, — дадала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Г.С.Жыгунова.

Неардынарныя экспанаты прадстаўляў на выставе і Магілёўскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж. Толькі ў тэхнічным напрамку навучальная ўстанова прэзентавала 22 цікавыя распрацоўкі.

— У нас вядзецца значная работа па далучэнні навучэнцаў да заняткаў тэхнічнай творчасцю. Для гэтага ў каледжы створаны ўсе ўмовы. Дзейнічае рэсурсны цэнтр, функцыянуюць сучасныя майстэрні з найноўшым абсталяваннем. У развіцці здольных вучняў зацікаўлены і педагогі. Яны займаюцца з імі ў гуртках, індывідуальна ў пазаўрочны час. Як вынік, наша ўстанова — пастаянны прызёр рознаўзроўневых творчых мера­прыемстваў, — расказала намеснік дырэктара каледжа на вучэбнай рабоце Н.М.Яшная.

У каледжы ўсяляк дапамагаюць навучэнцам у самарэалізацыі, таму пры ўласным жаданні тыя дасягаюць пэўных вышынь. Пацвярджэнне гэтага — прыклад майстра вытворчага навучання П.В.Сібарава. Не так даўно ён быў актыўным наведвальнікам гурт­ка тэхнічнай творчасці. Захопленасць гэтай справай дапамагла яму не толькі займаць прызавыя месцы ў адпаведных конкурсах, але і адтачыць прафесійныя навыкі. Прычым настолькі, што ён стаў пераможцам леташняга чэмпіянату WorldSkills Belarus.

Зараз Пётр Віктаравіч падрыхтаваў да ўдзелу ў аглядзе ўжо сваіх навучэнцаў. Разам яны стварылі лямпу “Экасвет”, якая дапамагае істотна эканоміць электраэнергію, і апарат для праверкі свечак запальвання.

— Я вельмі ўдзячны сваім майстрам вытворчага навучання Сяргею Ула­дзіміравічу Ласянкову, Аляксандру Сяргеевічу Ваўчкову, Андрэю Анатольевічу Аніськову. Навыкі і ўменні, якім яны вучылі мяне, зараз прывіваю ўжо сваім вучням, — расказаў П.В.Сібараў.

На фоне астатніх тэхнічных экспанатаў прыкметна вылучалася мадэль трактара, распрацаваная майстрам вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа В.А.Бычковым сумесна з навучэнцамі.

— Мадэль трактара цалкам дзеючая. Яна на хаду, і яе можна задзейнічаць у сельскагаспадарчых работах або выкарыстоўваць як вучэбна-наглядны дапаможнік для вывучэння мехатронікі, гідраўлікі. Над стварэннем мадэлі мы з навучэнцамі працавалі два гады. Шмат разоў яе ўдасканальвалі. Ма­дэль сабрана з тых вузлоў і механізмаў, якія ўжо спісаны, але тэхнічна яшчэ спраўныя. Гэта дэталі старых агрэгатаў, якія звычайна ідуць на металалом, але мы далі ім другое жыццё. Усё гэта робім на занятках у гуртку тэхнічнай творчасці. І важна, што, займаючыся, навучэнцы не толькі робяць карысную справу ў вольны ад вучобы час, але і адточваюць свае прафесійныя навыкі. Напрыклад, даведваюцца, як зрабіць тую ці іншую запчастку, што будзе, калі яе вырабіць няправільна. Хлопцы становяцца больш падрыхтаванымі спецыялістамі, — падкрэсліў В.А.Бычкоў.

Цікавыя распрацоўкі на аглядзе сустракаліся на кожным кроку. Як адзначыла член журы метадыст аддзела выставачнай і прэзентацыйнай работы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка А.Г.Каблукова, выстава ўразіла разнастайнасцю і якасцю выканання работ. 

— Са многімі ўдзельнікамі мы ўжо знаёмы, бо яны не ўпершыню прымаюць удзел у нашым аглядзе. Але прыемна, што сёлета ўзровень творчых работ больш высокі. Гэта сведчыць аб тым, што магілёўскія навучэнцы і педагогі імкнуцца да самаразвіцця. Асабліва хацелася б адзначыць работы Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына, Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава, Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Гэтыя ўстановы не толькі падрыхтавалі выдатныя экспазіцыі, але і цікава іх прэзентавалі, — адзначыла Алеся Генрыхаўна.  

Усе ўдзельнікі агляду паспяхова паказалі сябе, прадукцыйнасць сваіх арыгінальных задум і ідэй. Вядома, не кожны са шматлікіх канкурсантаў у выніку дасягне прызавых месцаў. Але ўсе яны і так пераможцы, бо змаглі знайсці любімую справу для душы, а гэта — самае галоўнае.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.