Знайсці і абясшкодзіць!

- 10:48Адукацыйная прастора

Як беларускія дзеці вучацца распазнаваць фэйкі

Нядаўна ў краіне была прынята Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, скіраваная на абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадства ў інфармацыйнай сферы. Адметна, што беларускія настаўнікі 5 гадоў працуюць у гэтым напрамку, фарміруючы медыядасведчанасць сваіх вучняў.

Рэжысёр Валерый Мазынскі віншуе аўтара кароткаметражкі Івана Зарубу.

У нядзелю ў сталічным стартап-хабе “Імагуру” прайшоў фестываль медыяадукацыі, арганізатарам якога выступіла Таварыства беларускай школы. Тут сабраліся выпускнікі чарговага курса “Медыяадукацыя ў школе”, іх ментары, эксперты-медыязнаўцы, а таксама навучэнцы — фіналісты конкурсу для падлеткаў і школьных медыя “Лаві фэйк!”.

На разгляд журы паступіла 59 праектаў, створаных у розных медыйных жанрах: кароткаметражныя фільмы, ролікі сацыяльнай рэкламы, плакаты, коміксы, анлайн-гульні, лангрыды, артыкулы-даследаванні, групы ў сацыяльных сетках і інш. У фінальную частку конкурсу выйшла 32 праекты. Іх аўтары атрымалі магчымасц­ь прэзентаваць свой прадукт на пляцоўцы “Імагуру” і здабыць новы для сябе вопыт публічных выступленняў. Выступоўцам прапаноўваўся сучасны фармат прэзентацыі — самае важнае за 90 секунд. Дзеці хваляваліся, але справіліся. Цяпер ужо не толькі журы, а ўсе ўдзельнікі фестывалю пераканаліся, якія цікавыя, творчыя, нестандартныя работы прадстаўлены на конкурс.

— У медыяадукацыі ёсць два аспекты, — гаворыць прадстаўнік журы прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Запрудскі. — З аднаго боку, гэта ўменне аналізаваць і крытычна асэнсоўваць інфармацыю. З другога боку, гэта ўменне ства­раць уласныя інфармацыйныя прадукты. Настаў час, калі журналістам патэнцыяльна можа стаць кожны чалавек, таму вельмі важна вучыцца гэтаму майстэрству. Фіналісты конкурсу праявілі ўменні і даслалі добрыя работы, якія (з іх дазволу) я буду выкарыстоўваць у рабоце з настаўнікамі.

Такім чынам, у намінацыі “Графічныя і інтэрактыўныя медыя” перамагла “група барацьбітоў з фэйкамі ў сацыяльных сетках” з праектам “Вашы фэйкі ў нашых руках”. Аўтары Марыя Альшэўская, Кацярына Бараноўская, Глеб Анісімаў, Кірыл Саламеннікаў, Ілья Каташоў — навучэнцы сярэдняй школы № 20 Оршы (кіраўнік Алена Панкратава). Дзеці даўно вядуць групу ва “УКантакце” і адшуква­юць фэйкі не толькі ў інтэрнэце, але і ў рэальным жыцці, выводзячы на чыстую ваду нядобрасумленных рэкламшчыкаў, маркетолагаў, рэпарцёраў. І нават па дарозе з Оршы ў Мінск яны ўмудрыліся зняць ролік, які паказалі падчас прэзентацыі ў “Імагуру”.

У намінацыі “Мультымедыя” галоўны прыз быў прысуджаны праекту “Канец свету”, аўтар Іван Заруба, васьмікласнік Вара­паеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна. Хлопец зняў кароткаметражны фільм-прыпавесць, дзе ўзняў філасофскае пытанне “Калі сёння канец свету, то ўсё можна?”. Сацыяльная адказнасц­ь раптам страчвае сэнс: няма свету, няма грамадства, няма правіл, няма пакарання… І можна не плаціць у магазіне, можна ўзяць чужы веласіпед — можна ўсё. Канец свету!

Немудрагелісты аматарскі фільм пакідае адчуванне глыбіні і выклікае дакладную асацыяцыю: ніхто не ведае, як тая ці іншая інфармацыя можа адгукнуцца ў душы падлетка і які маральны выбар у сувязі з гэтым ён зробіць.

У намінацыі “Тэкставыя медыя” перамог артыкул-даследаванне  “Матэматыка супраць інфармацыйных “качак”. Аўтар — Максім Юдзянкоў з Усходаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна (кіраўнік Алена Міхайлава). Юнак паведаміў, што больш за год “паляваў” у інтэрнэце на інфармацыйных “качак”, пераглядзеў сотні паведамленняў, пераправяраў, параўноўваў, вылічваў і атрымаў ад такой працы вялікае задавальненне. Аказваецца, маніпуляцыі з працэнтамі, графікамі, рознымі велічынямі — звычайная медыйная практыка. Аднак выкарыстанне ведаў з курса школьнай матэматыкі дапаможа пазбегнуць падману. Дарэчы, Максімавай скарбонкай “качак” з інтэрнэт-паведамленняў ужо карыстаюцца настаўнікі матэматыкі на сваіх уроках.

А прыз сімпатый гледачоў у­дзельнікі фестывалю аддалі праекту “Вэб-квест “Па старонках школьнага сайта” — сапраўды творчай рабоце творчага чалавека. Аўтар Багдан Мачальнікаў, вучань сярэдняй школы № 7 Калінкавіч (кіраўнік Вольга Афанасьева).

Яшчэ адным яркім момантам фестывалю (пасля дзіцячых прэзентацый і ўзнагароджання) стала вучэбная гульня “На злом галавы”, прысвечаная медыя і іх ролі ў адукацыі і грамадстве. Дарослыя медыязнаўцы і дзеці рандомна згрупаваліся ў каманды і разам шукалі адказы на няпростыя пытанні. Выйгралі, канечне, самыя медыя­дасведчаныя ўдзельнікі — каманда “Бульба са смятанкай”.

У наш інфармацыйны век медыядасведчанасць становіцца не менш важнай, чым, напрыклад, прыродазнаўчыя веды. Чалавек павінен разумець свет, у якім ён жыве. Гэта пытанне асабістай бяспекі і бяспекі дзяржавы. Аднак, пабываўшы на медыяфестывалі, пазнаёміўшыся з медыяадукатарамі, якія, дарэчы, прыехалі з усіх куткоў краіны, магу запэўніць: медыяпрастора пад надзейным наглядам. А самае галоўнае, медыядасведчаных людзей становіцца больш. Услед за настаўнікамі ідуц­ь іх вучні — і гэта вельмі добра. Маладое пакаленне не дазволіць сябе падманваць.

З праектамі, дасланымі на конкурс “Лаві фэйк!”, можна азнаёміцца на сайце nastaunik.info/media/edu. Акрамя таго, на фестывалі анансавалі запуск дыстанцыйнага курса для дзяцей і падлеткаў па медыяадукацыі, які плануецца запусціць у новым навучальным го­дзе.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена Таварыствам беларускай школы.