Знайсці і вырасціць педагога

- 13:35Навіны рэгіёнаў

З такой мэтай вучэбна-метадычны кабінет аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста і раённая арганізацыя “Белая Русь” правялі конкурс рытарскага майстэрства сярод вучняў 8—11 класаў “Гавары са мной па-беларуску”. Спаборніцтва праходзіла ў рамках інавацыйнай дзейнасці гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста па тэме “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванай на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей” на 2014—2017 гады.

Па ўмовах конкурсу вучні рыхтавалі тэматычныя мультымедыйныя прэзентацыі (“Урок, які я ніколі не забуду”, “Настаўнік, які пакінуў след у маёй душы” і “Педагагічныя дынастыі школы (сям’і)”) і абаранялі іх вусна на беларускай мове.
Здольнасць да самавыяўлення і самарэалізацыі, ініцыятыўнасць, творчасць і адкрытасць засведчылі вучні падчас сваіх выступленняў. Сардэчна і цёпла расказаў Максім Міхалюк з сярэдняй школы № 10 пра сваю маці, сябра і дарадчыка, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Нязмушанасць і шчырасць яго выступлення кранулі кожнае сэрца.
— Мы разам ходзім у школу. Яна — вучыць, я — вучыцца. Наша жыццё ідзе побач. Мы адну справу робім разам і паасобку. Яна спяшаецца на работу, а я яе даганяю, — прызнаўся Максім.
Ганна Ныч з гімназіі № 6 запэўніла членаў журы, што сямейная педагагічная дынастыя будзе дастойна працягнута ў яе асобе.
Грунтоўны экскурс у мінулае сваёй сям’і зрабіў Алег Глебік з сярэдняй школы № 10. Педагагічная дынастыя бярэ пачатак з дзядулі Алега Рачняка, прафесара тагачаснага Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, і бабулі Альбіны Вяршынскай, якая 22 гады выкладала біялогію ў сярэдняй школе № 10. Дынастыю працягнулі родны дзядзька і маці, якая ўзначальвае сёння Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.
Не менш цікавая гісторыя прагучала і пра Валянціну Цапліну, былую настаўніцу пачатковых класаў сярэдняй школы № 7. Юнае сэрца Алесі Ніканюк з гэтай школы ўразіў урок мужнасці ветэрана педагагічнай працы. За плячыма педагога 92 гады. Сакрэт яе даўгалецця і жыццёвай сілы заключаецца ў тым, што яна “ўсё жыццё працавала, калі не на рабоце, дык над сабой”.
Героем свайго аповеду Паліна Новік з сярэдняй школы № 28 выбрала педагагічную дынастыю школы. На думку дзяўчыны, настаўнік біялогіі Аляксей Ківачук — сучасны і крэатыўны педагог, які ўмее ператварыць вучобу ў цікавую і любімую справу. Яго шлях у прафесію вызначыла маці Таццяна Аляксееўна, якая з 1988 да 2014 год працавала ў сярэдняй школе № 28 намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.
Вераніка Церабей з гімназіі № 4 падрыхтавала для любімых настаўнікаў кветкавыя букеты, складзеныя з руж (сімвал дасканаласці), гваздзікоў (сімвал мацярынскай пяшчоты і ласкі), валошак (сімвал далікатнасці), званочкаў (сімвал удзячнасці) і незабудак (сімвал памяці).
Словы ўдзячнасці з вуснаў вучняў гучалі ў адрас педагогаў розных спецыяльнасцей. Так, Яраслава Бандарэнка з сярэдняй школы № 12 добра “разрэкламавала” настаўніцу-харэографа Людмілу Трафімук з Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту “Вікторыя”. Цікавая методыка педагога заахвоціла дзяўчыну да сур’ёзных заняткаў танцамі.
Палюбіць музыку Марыне Міхальчук з сярэдняй школы № 7 дапамагла настаўніца пачатковых класаў Валянціна Дзенісюк. Урокі музыкі педагога клічуць у падарожжа, ад якога з’яўляецца адчуванне, што музыка ёсць ва ўсім, што нас акружае.
Нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў, конкурс не стаміў гасцей і стаў карыснай знаходкай для ўсіх. Гартаючы старонкі жыцця школьных і сямейных дынастый педагогаў, успамінаючы ўрокі любімых настаўнікаў, вучні склалі цікавы жыццяпіс Маскоўскага раёна Брэста. Педагогі, лічаць школьнікі, не толькі з’яўляюцца ахоўнікамі і зберагальнікамі творчага патэнцыялу сваіх выхаванцаў, але і фарміруюць духоўнае аблічча ўсіх насельнікаў планеты. Настаўнікі ствараюць будучыню па законах гармоніі і хараства, напаўняюць яе любоўю, сумленнем і справядлівасцю. Высокай ацэнкай педагагічнай працы служаць вучнёўскія словы “мой настаўнік”.
Пераможцамі конкурсу сталі Алеся Ніканюк з сярэдняй школы № 7 і Ганна Ныч з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава.
Можна не сумнявацца, што конкурс стаў прыступкай для асэнсаванага выбару прафесіі педагога. У цесным супрацоўніцтве аддзела адукацыі, спорту і турызму, школы, вучняў і настаўнікаў пры падтрымцы грамадскіх аб’яднанняў можна рабіць карысныя справы, напаўняць жыццё глыбокім сэнсам.

Ніна ДРЫК.