Знайсці ключык да кожнага чытача

- 12:25Культура

5 жніўня ў сталічным Доме прэсы прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, пісьменнікі і бібліятэкары сталі ўдзельнікамі прэс-канферэнцыі “Чытаем беларускія кнігі!”. Разам яны абмеркавалі сродкі і метады папулярызацыі беларускіх кніг сярод юных чытачоў.

У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца кнігавыдавецкай дзейнасці. Як падкрэсліў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч, людзі чытаюць і хочуць бачыць усё больш і больш новых кніг. “Сёння ў краіне 523 суб’екты гаспадарання займаюцца выдавецкай дзейнасцю і распаўсюджваннем кнігадрукавання. Важна, што ў першай палове гэтага года кнігавыданне крыху актывізавалася ў параўнанні з мінулым. Мы тады выдавалі менш кніг як па тыражы, так і па назвах. Так, з пачатку года ў Беларусі было выдадзена 4647 найменняў кніг агульным тыражом больш за 10 млн экзэмпляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць выдадзеных кніг па назвах вырасла на 19,4%, а па тыражы — на 11,1%”, — паведаміў Уладзімір Уладзіміравіч.

Паводле яго слоў, такі рост сведчыць аб тым, што людзі чытаюць. Найбольшай папулярнасцю ў чытачоў і пакупнікоў карыстаецца дзіцячая літаратура. “Разам з бібліятэкамі мы аналізуем сітуацыю і бачым, што павялічваецца колькасць навукова-папулярнай літаратуры для школьнікаў розных узростаў. Аднак, на мой погляд, не хапае літаратуры, накіраванай на патрыятычнай выхаванне, — кніг пра любоў да радзімы, роднай зямлі, бацькоў, кніг, якія выхоўваюць у маладога пакалення павагу да старэйшага пакалення, працы, вучаць дабрыні”, — адзначыў начальнік упраўлення.

Уладзімір Андрыевіч нагадаў, што дзяржава шмат увагі ўдзяляе выданню кніг: “У год па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў нас выдаецца 15—18 кніг беларускіх пісьменнікаў, якія накіроўваюцца ў публічныя бібліятэкі краіны. Плённа працуем з Міністэрствам адукацыі: кожны год тыражамі звыш 20 тысяч выдаюцца хрэстаматыі, дапаможнікі па вучэбных прадметах. Акрамя таго, штогод абнаўляюцца і падручнікі — сёлета 10-х і 11-х класаў, і хочацца, каб яны былі якаснымі і з новымі тэхналогіямі. Хацелася б таксама, каб нашы выдавецтвы выпускалі больш і класікаў беларускай літаратуры, і сучасных аўтараў. Што ж тычыцца якасці нашых кніг, то сёлета падведзены вынікі чарговага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі”, у якім зноў айчынныя кнігавыдаўцы атрымалі гран-пры. Яго ўладальнік — кніга “Храм-помнік зямлі беларускай” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

У сваю чаргу бібліятэкары прызналіся, што пандэмія ўнесла карэктывы ў іх дзейнасць. Як сказала намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Алена Чарняўская, “людзям стала страшна проста з дому выйсці, не кажучы ўжо пра тое, каб прыйсці ў бібліятэку”. Тым не менш бібліятэкі пайшлі насустрач чытачам і, напрыклад, павялічылі тэрмін выдачы кніг на дом да 2 месяцаў. У выніку наведвальнасць не моцна знізілася. І нават у сучасных няпростых эпідэмічных умовах бібліятэкары імкнуцца знайсці ключык да кожнага дзіцяці: “Галоўная задача дзіцячых бібліятэк — прыцягнуць да чытання маладое пакаленне. У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, бібліятэкары ведаюць падыход да дзяцей: як іх прыцягнуць да чытання і не напалохаць тоўстай кніжкай. Яны заўсёды імкнуцца ісці ў нагу з часам, вывучаюць вопыт не толькі беларускіх калег, а і замежных. Імкнуцца знайсці ключык да кожнага дзіцяці, каб яно палюбіла кнігу і бібліятэку”, — дадала А.Чарняўская.

Яна нагадала, што кожны год напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ва ўсіх бібліятэках сталіцы арганізуецца адзіная выстава “Адкрый для сябе беларускую дзіцячую кнігу”. На ёй прадстаўляюцца ўсе навінкі дзіцячай літаратуры, каб бібліятэчныя наведвальнікі яшчэ раз звярнулі ўвагу на тое, што выдаецца ў нашай краіне. Бібліятэкі таксама праводзяць мерапрыемствы з запрашэннем айчынных пісьменнікаў, арганізоўваюць літаратурныя аб’яднанні юных чытачоў, выхаванцы якіх пасля ўдзельнічаюць у розных конкурсах.

Вялікая ўвага бібліятэкамі ўдзяляецца творам на беларускай мове: “Для рэкламы айчыннай літаратуры, акрамя розных выстаў і сустрэч, мы здымаем відэаролікі па кнігах, новых паступленнях. Бібліятэкі выкарыстоўваюць усе магчымыя рэсурсы, каб прасоўваць беларускія кнігі, — акцэнтавала ўвагу намеснік дырэктара. — Увогуле, у дзіцячых бібліятэках Мінска сфарміраваны якасны кніжны фонд, які адпавядае запытам чытачоў. Напрыклад, маладыя бацькі шмат увагі ўдзяляюць падрыхтоўцы дашкольнікаў да школы і чытання. І тут хочацца падзякаваць выдавецтвам, якія звярнулі ўвагу, што ў нас недастаткова літаратуры для гэтай катэгорыі чытачоў на беларускай мове. Цяпер з’явіліся цудоўныя ілюстраваныя кнігі на беларускай мове, якія сталі даволі запатрабаванымі”.

Дарэчы, сярод найбольш папулярных сучасных аўтараў бібліятэкары назвалі Надзею Ясмінска, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, Вольгу Гапееву, Наталлю Бучынскую, Алену Стэльмах, Алену Масла і іншых, чые творы можна было б дадаць і ў школьную праграму. А яшчэ прагучала парада настаўнікам — часцей бываць у бібліятэках, каб пасля ў час тэматычнага пазакласнага чытання яны маглі прапанаваць вучням цікавыя сучасныя творы.

Акрамя таго, бібліятэкі заўсёды падтрымліваюць Дзень беларускага пісьменства. І сёлета вырашылі зладзіць акцыю “Чытаем беларускую кнігу!”, старт якой быў дадзены 5 жніўня. Падлеткам прапануецца запісаць відэаролікі, у якіх яны чытаюць беларускія творы ці іх урыўкі, нават у перакладзе на замежную мову. Вынікі акцыі будуць падведзены напярэдадні нацыянальнага свята, што адбудзецца 4—5 верасня ў Капылі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.