Знайсці “ключык” да кожнага дзіцяці

- 14:49Спецыяльная адукацыя

Штогод павялічваецца колькасць дзяцей-рэцыпіентаў сістэм кахлеарнай імплантацыі (КІ). Яны вучацца як у спецыяльных установах адукацыі, так і ў звычайных агульнаадукацыйных школах. У нашу Бабруйскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху нядаўна прыйшлі дзеці, якім была праведзена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі. Як праходзіць іх адаптацыя да новых умоў? З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца педагогі ў працэсе навучання гэтай катэгорыі дзяцей? Якія метады і падыходы яны выкарыстоўваюць у сваёй рабоце?

Сёння кахлеарная імплантацыя з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных метадаў рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху, якая дазваляе нават абсалютна глухім дзецям чуць і разумець гаворку. Аднак дзеці з КІ складаюць іншую катэгорыю, чым глухія і са слабым слыхам, якія карыстаюцца слыхавымі апаратамі, бо іх фізічны стан слыху максімальна набліжаецца да нармальнага. Хаця сама па сабе аперацыя не дазваляе глухім дзецям адразу пасля падключэння маўленчага працэсара адрозніваць гукавыя сігналы і карыстацца маўленнем. І гэта адна з самых сур’ёзных памылковых думак і наймацнейшых расчараванняў бацькоў, якія спадзяюцца, што пасля імплантацыі дзіця загаворыць адразу.
Адной з найбольш перспектыўных груп з пункту гледжання слыхамаўленчай рэабілітацыі пасля КІ з’яўляюцца дзеці, прааперыраваныя ў раннім узросце. Працуючы з такімі дзецьмі, я сутыкнулася з цяжкасцямі.
Па-першае, карэкцыйная работа з імплантаванымі дзецьмі арганізоўваецца разам з дашкольнікамі з парушэннем слыху, якія карыстаюцца індывідуальнымі слыхавымі апаратамі.
Па-другое, дзеці, якія маюць маўленчы працэсар, паступаюць у дашкольнае аддзяленне з розным узроўнем маўленчага развіцця. Гэта абумоўлена часам страты слыху, узростам слыхапратэзавання, наяўнасцю спадарожных парушэнняў, а таксама тым, ці праводзілася з дзіцем карэкцыйная работа да аперацыі.
Па-трэцяе, прымяненне традыцыйных навукова абгрунтаваных методык навучання глухіх і тых, хто слаба чуе, якія даказалі сваю эфектыўнасць на практыцы, не можа быць перанесена ў працэс рэабілітацыі пацыентаў пасля КІ. Справа ў тым, што дзіця з індывідуальным слыхавым апаратам набывае навыкі на слыхавазрокавай аснове, а дзіця з маўленчым працэсарам — на слыхавой. Усё гэта заахвоціла мяне больш пільна падыходзіць да выбару метадаў і прыёмаў работы на працягу ўжо трох гадоў, а таксама выбудоўваць уласную сістэму карэкцыйнай работы з улікам узросту і індывідуальных асаблівасцей выхаванцаў.
На цяперашні момант у маёй групе знаходзяцца 8 дзяцей з парушэннем слыху, трое з іх — пасля кахлеарнай імплантацыі ва ўзросце 4—5 гадоў. Двое імплантаваны ў 2013 годзе, яны год вучыліся ў спецыяльнай дашкольнай установе. Адно дзіця прааперыравана ў ліпені 2014 года. Гэта дзеці з розным узроўнем маўленчага і слыхавога развіцця, рознай базай ведаў. Таму стараюся знайсці “ключык” да кожнага з іх для выяўлення індывідуальных здольнасцей, стварыць станоўчую эмацыянальную атмасферу ў групе.
З чаго пачынаецца работа? Перш за ўсё са зносін, з наладжвання станоўчага кантакту. І, як правіла, гэта не проста зносіны. Усё пачынаецца з гульні, бо гульня з’яўляецца вядучым відам дзейнасці дашкалят. Выкарыстанне розных музычных, рухальных цацак, гульняў-дзеянняў, якія падахвочваюць дзіця рухацца, дапамагаюць дзецям адразу актыўна ўключацца ў заняткі, утрымліваць увагу, запамінаць прапанаваны матэрыял.
Калі пачаць карэкцыйную работу ў перадаперацыйны перыяд, гэта дазваляе ў значнай ступені павысіць выніковасць работы ў далейшым. Яе мэтай з’яўляецца развіццё астаткавага слыху дзіцяці, падрыхтоўка і развіццё фізіялагічнай базы маўлення (развіццё артыкуляторнай маторыкі, дыхання, актывізацыя галасавых рэакцый). Для гэтага выкарыстоўваю практыкаванні і гульні па развіцці слыхавога ўспрымання, заснаваныя на выпрацоўцы ўмоўна-рухальнай рэакцыі на гук, а таксама гульні, накіраваныя на выяўленне і распазнаванне маўленчых і немаўленчых гукаў, распазнаванне гучанняў па акустычных прыметах (гучны — ціхі гук, доўгае — кароткае гучанне, вызначэнне пачатку і заканчэння гучання, вызначэнне колькасці і лакалізацыі гучання).
З мэтай развіцця артыкуляцыйнай і мімічнай мускулатуры асаблівую ўвагу ўдзяляю артыкуляцыйнай гімнастыцы. Для таго каб падтрымаць цікавасць дашкольніка да вельмі складанага працэсу прыняцця, утрымання і пераключэння артыкуляцыйных поз, выкарыстоўваю спецыяльна падрыхтаваныя прэзентацыі або карцінкі-сімвалы.
Для фарміравання правільнага маўленчага (дыяфрагмальнага) дыхання праводзяцца практыкаванні дыхальнай гімнастыкі з выкарыстаннем розных прыстасаванняў, у тым ліку зробленых самастойна.
Варта адзначыць, што пасля правядзення КІ (дзякуючы пашырэнню дыяпазону слыхавых функцый) дзіця мае магчымасць хутчэй і якасней засвойваць матэрыял. Асабліва важна дасягнуць аптымальнага ўзроўню настройкі кахлеарнага імпланта. Гэта дазволіць дзіцяці ўспрымаць гукі ўсяго частотнага дыяпазону на адлегласці ад 2 метраў і больш.
Асноўнымі напрамкамі работы на гэтым этапе з’яўляюцца развіццё цікаўнасці да любых навакольных гукаў, актывізацыя спантаннай галасавой актыўнасці, выхаванне цікавасці і ўвагі да ўласнага голасу, магчымасцей яго змены, навучанне ўменню выяўляць і адрозніваць гукі па акустычных прыметах, звязваць гукі з прадметамі, дзеяннямі, якія выклікаюць іх, а словы з прадметамі (дзеяннямі, прыметамі), якія іх абазначаюць. Павысіць выніковасць работы дазваляе выкарыстанне такіх прыёмаў, як фанетычная рытміка і музычнае стымуляванне. З дапамогай рухаў фанетычнай рытмікі актывізуецца галасавая актыўнасць дзяцей, фарміруюцца навыкі адвольнай змены вышыні і сілы голасу, выклікаюцца і замацоўваюцца даступныя дашкольнікам гукі мовы, развіваецца яе інтанацыйна-рытмічны бок.
У працэсе рэабілітацыі дзяцей пасля КІ асаблівую ўвагу ўдзяляю адрозніванню і апазнаванню гучанняў музычных інструментаў. Потым гэтая работа праводзіцца з зашумленасцю. На занятках абыгрываю практычна ўсе музычныя цацкі. Пры рабоце над рытмамі часцей за ўсё выкарыстоўваю барабан, бубен, свісток, фартэпіяна. У форме гульні дзеці хутка вучацца не проста рэагаваць на гук, але і адрозніваць высокія і нізкія гукі.
Наступны этап развіцця — маўленчы — самы цікавы і даволі складаны ў маўленчым развіцці дзіцяці пасля КІ. На гэтым этапе актуальныя метады і прыёмы, якія развіваюць у дзіцяці здольнасць хутчэй апрацоўваць маўленчую інфармацыю, лепш разумець маўленне і пазнаваць гукі ва ўмовах зашумленасці, запамінаць новыя словы і вершы, разумець гаворку, не звернутую да яго. Для развіцця гэтых здольнасцей выкарыстоўваю розны дыдактычны матэрыял.
Вучу дзяцей запамінанню найпрасцейшых вершаў, якія яны расказваюць з апорай на мнематабліцы. Графічная выява персанажаў і дзеянняў у вершы спрыяе развіццю памяці, увагі, фарміраванню самакантролю за ўласным вымаўленнем. Дзеці разумеюць, пра каго, пра што ў вершы ідзе гаворка, ахвотна знаходзяць адпаведную цацку, з задавальненнем займаюцца. Такім чынам павышаецца ўзровень іх маўленчых здольнасцей. Дзецям падабаецца чуць і гаварыць: чуць сябе, сваіх сяброў, дарослых. Яны адчуваюць задавальненне ад магчымасці мець зносіны з усімі навакольнымі людзьмі.
На занятках па развіцці маўлення праводжу яшчэ і работу па ўзбагачэнні і актывізацыі пасіўнага і актыўнага слоўніка, фарміраванні граматычных навыкаў (на слыхавазрокавай і слыхавой аснове), развіцці дыялагічнай і звязнай гаворкі, фарміраванні навыкаў чытання і разумення прачытанага.
Як паказвае практыка, праз паўтара года пасля правядзення аперацыі ў групе дзяцей з захаваным інтэлектам мне ўдалося не толькі выпрацаваць умоўна-рухальную рэакцыю на гучанне розных цацак. Дзеці навучыліся пазнаваць гукі ва ўмовах зашумленасці, чуць і разумець звернутую гаворку, разумець нескладаныя пытанні, падтрымліваць элементарны дыялог, расказваць простыя вершы, разумець і выконваць даручэнні.
Праз два гады ў дзяцей ужо назіраюцца значныя поспехі ў фарміраванні звязнай гаворкі. Яны ўмеюць ладзіць зносіны ў быце, расказваць пра ўбачанае, прасіць дапамогу, задаваць пытанні даросламу, чытаць вершы, спяваць песні і г.д.
З упэўненасцю магу сказаць, што мае намаганні не застаюцца безвыніковымі. У сакавіку 2014 года адзін з маіх выхаванцаў пераведзены ў звычайную дашкольную ўстанову, тры дашкольнікі маёй групы сталі вучнямі агульнаадукацыйных школ па месцы жыхарства.
Варта адзначыць, што слых і маўленне ў дзіцяці пасля КІ развіваецца ў дзвюх сітуацыях: па-першае, у выніку мэтанакіраваных заняткаў, якія дазваляюць паскорыць працэс развіцця і ўдасканалення неабходных навыкаў; па-другое, спантанна, у штодзённых натуральных сітуацыях, калі ім даводзіцца мець зносіны — дома, на вуліцы, у гасцях
і г.д. У другім выпадку поспех вызначаецца актыўным удзелам бацькоў. На індывідуальных сустрэчах з бацькамі тлумачу, што ўся работа, якая праводзіцца на занятках педагога, павінна замацоўвацца ў дамашніх умовах. Паколькі без іх актыўнага ўключэння ў працэс рэабілітацыі немагчыма дасягнуць значных вынікаў.
Першае ўключэнне і настройка маўленчага працэсара ў маленькіх дзяцей дастаткова складаны працэс, бо яны не могуць зразумець свае адчуванні. Таму работу, якая праводзіцца на спецыяльных вучэбных занятках, рэкамендую бацькам працягваць у дамашніх умовах. Бацькам даступны такія гульні, як надзяванне колцаў на пірамідку на воплеск, складванне кубікаў у кузаў машыны на ўдар барабана, кіданне гузікаў у скрынку на галасавое гучанне “па-па-па-па” і інш., з абавязковым прамаўленнем дзеянняў. Асаблівую ўвагу заклікаю ўдзяляць развіццю ўмоўна-рухальнай рэакцыі на адзінкавы гук, на адзінкавыя склады. Гэта вельмі важна для выпрацоўкі адэкватнай рэакцыі на сігнал у працэсе перыядычнай настройкі маўленчага працэсара.
Неабходна прыцягваць увагу дзіцяці да навакольных бытавых шумаў, гукаў вуліцы
і г.д., выхоўваць у яго цікавасць да слухання, імкненне карыстацца голасам нармальнай вышыні і сілы. Важна яшчэ і знайсці магчымасць знаходжання дзяцей у асяроддзі аднагодкаў, якія чуюць.
Такім чынам, бацькам даступна работа дома па наступных напрамках:
— выяўленне гуку;
— лакалізацыя крыніцы гуку ў прасторы;
— распазнаванне маўленчых і немаўленчых гукаў;
— распазнаванне і апазнаванне розных характарыстык гукаў;
— распазнаванне і апазнаванне немаўленчых гукаў навакольнага асяроддзя;
— адрозніванне, апазнаванне і распазнаванне розных маўленчых сігналаў (фанем, слоў, фраз).
Вопыт маёй работы, яе выніковасць сведчаць пра тое, што ва ўмовах спецыяльна арганізаванага працэсу рэабілітацыі з прымяненнем разнастайных метадаў і прыёмаў у дзяцей з КІ даволі хутка назіраецца станоўчая дынаміка ў слыхамаўленчым развіцці. Пры ўмове захаванага інтэлекту фарміраванне маўлення кахлеарных рэцыпіентаў ідзе па этапах развіцця маўлення дзяцей, якія чуюць: яны натуральным чынам развіваюць актыўны і пасіўны слоўнік, авалодваюць граматычнымі навыкамі і навыкамі звязнай гаворкі. А пры ўзаемнай зацікаўленасці і эфектыўным узаемадзеянні педагогаў і бацькоў можна дасягнуць узроўню маўленчага развіцця, які дазволіць дзецям пасля КІ працягнуць навучанне ў агульнаадукацыйнай школе.

Валянціна РАГУЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей
з парушэннем слыху.