Знайсці ключык да магчымасцей кожнага дзіцяці

Сёлета Гомельскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі адзначыў сваё 20-годдзе. Рэпутацыя ў цэнтра сёння дастаткова добрая. Бацькі, чые дзеці наведвалі заняткі спецыялістаў установы — настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў, інструктараў ЛФК, ахвотна дзеляцца набытымі ведамі і кантактнымі тэлефонамі ўстановы з іншымі бацькамі, дзецям якіх таксама можа спатрэбіцца дапамога цэнтра.
Сучасны і шматфункцыянальны

Калісьці наша ўстанова размяшчалася ў двух групавых пакоях дашкольнай установы, і ў ёй атрымлівалі індывідуальную карэкцыйную дапамогу крыху больш як 20 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Большасць нашых першых выхаванцаў мела толькі маўленчыя парушэнні, і спецыялістаў, якія працавалі з імі, разам з адміністрацыяй было ўсяго сем чалавек.
Сёння Гомельскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі размяшчаецца ў асобным будынку. Гэта сучасная шматфункцыянальная ўстанова, якая адпавядае ўсім патрабаванням, што прад’яўляюцца да ўстаноў такога тыпу: у ёй створана безбар’ернае асяроддзе (пандусы, пад’ёмнік для дзяцей-калясачнікаў, парэнчы), яна мае прасторныя ўтульныя памяшканні, аснашчаныя неабходнай мэбляй, тут ёсць медыцынскія блокі з сучасным рэабілітацыйным і лячэбным абсталяваннем, вакол установы — добраўпарадкаваная тэрыторыя. Але самае галоўнае — цудоўныя людзі! Узначальвае цэнтр дырэктар Таццяна Міхайлаўна Усава, яна — член Савета дырэктараў устаноў спецыяльнай адукацыі вобласці. Сёння 50 спецыялістаў цэнтра навучаюць і дапамагаюць дзецям з самымі рознымі парушэннямі ў развіцці: ад самых цяжкіх парушэнняў (аўтызм, цяжкая інтэлектуальная недастатковасць, дзіцячы цэрэбральны параліч) да лёгкіх, якія нескладана выправіць (маўленчыя і адаптыўныя, псіхалагічныя праблемы). І, вядома ж, усё гэта ажыццяўляецца пры дапамозе бацькоў — актыўных, адкрытых і спагадлівых.
У цэнтры функцыянуюць чатыры дашкольныя групы, тры класы для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці, дзве групы ранняй комплекснай дапамогі, праводзяцца і індывідуальныя карэкцыйныя заняткі. Паралельна з адукацыйным працэсам ажыццяўляецца медыцынская рэабілітацыя выхаванцаў і навучэнцаў цэнтра: яны наведваюць курсы масажу, ЛФК, фізіяпрацэдуры, азакерыт, прымаюць лячэбныя ванны. У цэнтры створана адаптаванае карэкцыйна-развіццёвае асяроддзе для навучання асаблівых дзяцей, падабраны неабходныя цацкі для заняткаў з імі, праводзіцца дыягностыка дасягненняў кожнага дзіцяці, фармулююцца індывідуальныя карэкцыйныя задачы.
Асаблівая ўвага ў Гомельскім абласным ЦКРНіР надаецца сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ранняга ўзросту — сем’ям, у якіх шчасце ад сустрэчы з нованароджаным амаль адразу ж змянілася адчаем ад усведамлення таго, што іх дзіця не такое, як усе, што яно — з асаблівымі патрэбнасцямі. Спецыялісты ранняй комплекснай дапамогі (настаўнікі-дэфектолагі, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны, інструктар ЛФК) з усяе сілы дапамагаюць бацькам змірыцца з абставінамі і актыўна ўключаюць іх у карэкцыйна-педагагічны працэс. Педагогі знаходзяць той ключык, які не толькі адкрывае магчымасці дзіцяці, але і растоплівае, супакойвае сэрца бацькоў.

Гульня і тэатр як сродак карэкцыі

На базе нашай установы функцыянуе інавацыйная пляцоўка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння дзяцей ранняга ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, іх бацькоў і спецыялістаў ранняй комплекснай дапамогі ў кантэксце іх сумеснай тэатральна-гульнявой дзейнасці”. Галоўнае ў рэалізацыі гэтай мадэлі — навучыць бацькоў і іншых членаў сям’і гульнявым метадам зносін з АПФР, выкарыстанню ў супольных з дзецьмі занятках элементаў казка-, драма-, імага-тэрапіі, ідэй тэрапеўтычнага тэатра і іншых арт-тэрапеўтычных методык.
Трэба адзначыць, што гульнявая дзейнасць для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’яўляецца самай праблемнай карэкцыйнай галіной (улічваецца і іх узрост, і цяжкасць парушэнняў). Менавіта таму важна навучыць бацькоў гуляць з дзецьмі, каб у далейшым яны маглі дапамагаць ім праз гульню. Ад удзельнікаў створанага намі праекта навучання праз гульню не патрабуецца спецыяльных навыкаў і мастацкай адоранасці. Удзел у праекце аб’ядноўвае ўсіх у супольнай дзейнасці. У ёй прысутнічае ўсё: і псіхатэрапія для бацькоў, і гульнявая дзейнасць для дзяцей і, часам, адзіны спосаб карэкцыі паводзін — выкарыстанне ў гульні тэатральных персанажаў.
Кожны спецыяліст нашай установы — гэта настаўнік не толькі для дзяцей і бацькоў, але і для спецыялістаў раённых ЦКРНіР. Спецыялістамі абласнога ЦКРНіР праводзіцца велізарная інфармацыйна-аналітычная і метадычная работа.
Асноўная мэта гэтай работы — павышэнне якасці спецыяльнай адукацыі ў вобласці. На працягу навучальнага года метадычная работа ўстановы праводзіцца ў двух асноўных напрамках: з адміністрацыяй і педагагічнымі работнікамі ўсёй сістэмы спецыяльнай адукацыі Гомельскай вобласці і з педагагічным складам абласнога цэнтра.
Пры гэтым выкарыстоўваюцца розныя формы арганізацыі метадычнай работы: семінары, семінары-практыкумы, семінары-нарады, нарады, майстар-класы, круглыя сталы, канферэнцыі, тэматычныя тыдні. Уся інфармацыя пра стан адукацыйнага, карэкцыйнага і медыцынскага працэсаў, выпрацоўка рэкамендацый па іх удасканаленні ва ўстанове разглядаецца на педсавеце.
Важна адзначыць, што метадычная работа, якая праводзіцца для адміністрацыі і спецыялістаў сістэмы спецыяльнай адукацыі Гомельскай вобласці, выходзіць за рамкі нашай установы. Пляцоўкамі для правядзення метадычных мерапрыемстваў становяцца ўстановы Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама і ўстановы аховы здароўя. Добрай традыцыяй стала правядзенне на базе Гомельскай абласной дзіцячай бальніцы вучэбных семінараў па медыцынскай рэабілітацыі асаблівых дзяцей.

Дзверы цэнтра адчынены для сяброў

За ўсю гісторыю існавання цэнтр набыў шмат цудоўных сяброў, якія разумеюць і любяць нашых дзяцей. Яны садзейнічаюць уключэнню дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівымі патрэбнасцямі ў сацыякультурнае жыццё Гомеля. Ужо звыклымі для нашых выхаванцаў сталі паходы ў бібліятэкі і музеі, у цырк і тэатры, прагулкі па парку. Нават звычайны праезд у грамадскім транспарце становіцца для іх падзеяй. Усё гэта садзейнічае актыўнаму ўкараненню ідэй інклюзіі ў наша грамадства. Летась упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскім абласным ЦКРНіР і Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту сумесна быў арганізаваны абласны міжведамасны семінар “Перспектывы рэалізацыі інклюзіўных падыходаў у навучанні інвалідаў”. Дзякуючы намаганням нашага цэнтра ў вобласці дзейнічае важная сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у якую ўключаны ўстановы Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Многія мерапрыемствы і святы ў нашым горадзе праводзяцца пры падтрымцы грамадскіх, дабрачынных, дзяржаўных і прыватных арганізацый. Адміністрацыя і супрацоўнікі нашага цэнтра ажыццяўляюць вялікую работу па падрыхтоўцы да гэтых мерапрыемстваў. Так, у лістападзе 2012 года абласны цэнтр стаў пляцоўкай для правядзення арганізацыйнага сходу Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”.
На розных пляцоўках Гомеля арганізоўваюцца святы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей і Міжнароднаму дню інваліда. Апошнім часам такімі пляцоўкамі станавіліся Гомельскі абласны драматычны тэатр, летняя эстрада Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Палац культуры ВА “Гомсельмаш”. Напрыканцы свята кожны ўдзельнік (у большасці сваёй — дзеці з асаблівасцямі) атрымлівае не толькі шмат падарункаў, але і дыпломы розных творчых намінацый.
Дзверы цэнтра заўсёды адчынены для людзей, якія хочуць і могуць дапамагчы нашым выхаванцам. Валанцёрскіх груп прыходзіць шмат, але застаюцца, як правіла, адзінкі. Мы ўсяляк садзейнічаем развіццю валанцёрскага руху, а для гэтага падтрымліваем добраахвотныя ініцыятывы, улічваем здольнасці і магчымасці кожнага валанцёра, аказваем неабходную метадычную і кансультацыйную дапамогу, не абмяжоўваемся канкрэтнай валанцёрскай дапамогай, накіраванай на сумеснае правядзенне мерапрыемстваў святочнага характару, а імкнёмся ўсяляк працягваць супрацоўніцтва.
Нашы сябры зараз — гэта студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (у прыватнасці, студэнты ваеннай кафедры і студэнты гуманітарнага факультэта), Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і медыцынскага каледжа, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.
Інфармацыя пра дзейнасць нашага ЦКРНіР не толькі актыўна асвятляецца ў сродках масавай інфармацыі, але і змяшчаецца на сайце цэнтра www.gckroir.by. Наведвальнікі нашага сайта могуць:
— пазнаёміцца з актыўным сацыякультурным жыццём нашай установы;
— атрымаць метадычныя рэкамендацыі па навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівымі патрэбнасцямі (увесь метадычны матэрыял, які размяшчаецца на сайце, даступны для свабоднага скачвання);
— даведацца, якія метадычныя і сацыякультурныя мерапрыемствы плануюцца;
— вывучыць інфармацыйныя бюлетэні, падрыхтаваныя спецыялістамі цэнтра для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбнасцямі;
— уключыцца ў валанцёрскі рух.
Аглядаючыся на пройдзены шлях даўжынёю ў 20 гадоў, мы разумеем, што зроблена шмат, але многае яшчэ трэба зрабіць. Мы з упэўненасцю адчыняем дзверы новым задумам і новым справам.

Галіна БРЫЛЬКОВА,
намеснік дырэктара Гомельскага абласнога ЦКРНіР па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Марына ЛЯТОШКА,
метадыст цэнтра.