Знайсці патрэбныя словы і кнігі

Праца бібліятэкара высакародная і вялікая: часта менавіта бібліятэкар выступае ў ролі дарадчыка, выхавальніка. Сучасная школьная бібліятэка — гэта не проста сховішча кніг, гэта сапраўдны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Вельмі важна зацікавіць і захапіць чытаннем дзяцей, стварыць умовы для духоўнага і маральнага развіцця падапечных, зрабіць іх вольны час не толькі прыемным, але і карысным.

Алена Дзмітрыеўна Паўлюкова працуе ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры сярэдняй школы № 12 Светлагорска з 2002 года — з моманту адкрыцця ўстановы. У аснове яе прафесіяналізму — не толькі шматгадовы вопыт, але і шчырая зацікаўленасц­ь у выніках сваёй працы, імкненне да самаўдасканалення, любоў да сваёй прафесіі і дзяцей. Для кожнага яна знаходзіць патрэбныя словы і кнігі: ці гэта будзе першакласнік, які ўпершыню зазірнуў у бібліятэку, ці выпускнік, які пачынае падрыхтоўку да экзаменаў, або педагог, які рыхтуецца да адкрытага ўрока. З вялікай адказнасцю падыходзіць яна да сваіх абавязкаў, і таму ў яе ўсё атрымліваецца. Вялікую дапамогу аказвае педагогам, адміністрацыі школы ў падборы неабходнай літаратуры, перыядычнага друку, у знаёмстве з навінкамі літаратуры, у падрыхтоўцы да агульнашкольных мерапрыемстваў.

Сваю задачу Алена Дзмітрыеўна бачыць не толькі ў тым, каб прывіваць навучэнцам любоў да чытання, развіваць іх чытацкую цікавасць, але і ў тым, каб у дзяцей выпрацоўваліся асабістыя якасці, фарміравалася ўменне самастойна думаць і разважаць. Право­дзячы бібліятэчныя ўрокі, яна не толькі фарміруе інфармацыйную культуру вучняў, але і стварае ўмовы для асобаснага, маральнага, духоўнага росту. Заняткі і мерапрыемствы, якія яна праводзіць у рамках шостага школьнага дня, дазваляюць напаўняць і разнастаіць вольны час дзяцей.

Дзякуючы Алене Дзмітрыеўне, школьная бібліятэка аб’ядноўвае творчых дзяцей, бо пад яе кіраўніцтвам ужо больш за 16 гадоў працуе тэатр лялек. Сумесна з бібліятэкарам дзеці вырабляюць лялек і дэкарацыі. Лялечныя спектаклі карыстаюцца заслужанай любоўю дзяцей. Але спектаклі — гэта не толькі любімая забава. Кожная пастаноўка нясе зерне дабра, ісціны, духоўнай навукі. Тэматыка выступленняў вельмі разнастайная: тут і традыцыйныя казкі, і павучальныя прытчы, і гістарычныя пастаноўкі, і тэатралізацыя біблейскіх сюжэтаў.

Асаблівае месца ў сваёй рабоце спецыяліст адво­дзіць краязнаўству, яна сабрала і арганізавала багаты краязнаўчы матэрыял: альбомы, тэматычныя папкі аб гісторыі горада, аб традыцыях і звычаях продкаў, аб вядомых людзях. Да гэтай работы яна далучае і дзяцей, спрыяючы духоўнаму адраджэнню, выхаванню ў маладога пакалення любові да малой радзімы. Намаганні, якія Алена Дзмітрыеўна ўкладвае ў фарміраванне края­знаўчых ведаў і развіццё патрыятычных пачуццяў маленькіх наведвальнікаў, знаходзяць сваё адлюстраванне ў заслужаных узнагародах на раённых і абласных конкурсах.

Яна з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком школьнага музея “Беларуская хатка”. Мініяцюрны музей уяўляе сабой інтэр’ер традыцыйнага жылля беларусаў. Сёння ў школе ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі” пад кіраўніцтвам А.Д.Паўлюковай рэалізаваны праект “QR-экскурсавод” у школьным музеі “Беларуская хатка”, дзякуючы якому наведвальнікі могуць самастойна азнаёміцца з экспанатамі. У рамках інавацыйнага праекта Аленай Дзмітрыеўнай арганізаваны тэатр “Батлейка”.

Дзякуючы яе працы, любоў да кнігі — гэта не пустыя словы ў нашай установе. Алена Дзмітрыеўна арганізавала работу пераплётнага гуртка, дзе дзеці з любоўю і стараннасцю аднаўляюць пашкоджаныя кнігі. Школьнікі праводзяць рэйды па захаванасці падручнікаў і ахвотна бяруцца за праходжанне практыкі ў школьнай бібліятэцы.

Алена Дзмітрыеўна выдатна валодае афарміцельскім майстэрствам. Рэгулярныя тэматычныя выставы кніг радуюць не толькі падборам літаратуры, але і кампазіцыяй, якая адпавядае тэме. Такія выставы нязменна выклікаюць цікавасць маленькіх чытачоў.

Адной з найважнейшых задач у дзейнасці А.Д.Паўлюковай стала далучэнне навучэнцаў да духоўна-маральных традыцый, узбагачэнне іх духоўнага свету і маральнае выхаванне ў праваслаўнай традыцыі, што забяспечваецца пастаянным супрацоўніцтвам з царквой. Сумесныя мерапрыемствы дапамагаюць сарыентаваць дзяцей на сапраўдныя маральныя каштоўнасці, характэрныя для праваслаўнай культуры, прывіць ім паважлівае стаўленне да лю­дзей і грамадства ў цэлым, навучыць разумець дабро і зло, міласэрнасць і пакаянне, любоў да Радзімы і свайго народа.

А.Д.Паўлюкова — дасведчаны, эрудзіраваны, творчы і адданы сваёй справе спецыяліст. Ад усёй душы хочам падзякаваць Алене Дзмітрыеўне за няспынную працу і самаадданую любоў да дзяцей. Бібліятэкар ад Бога — гэта праваднік у падарожжы па кніжным акіяне і добры настаўнік на шляху пад назвай “жыццё”.

Марына ТУШЫНСКАЯ,
дырэктар сярэдняй школы № 12 Светлагорска.