Знайсці рэсурс для развіцця

- 12:14Людзі адукацыі

“З 2015 года ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці не праводзілася аптымізацыя (рэарганізацыя) устаноў адукацыі. Значыць, сістэма працуе і развіваецца стабільна, а ў цэнтры ўвагі педграмадскасці знаходзяцца пытанні забеспячэння якасці адукацыі, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, — гаворыць начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Таццяна Міхайлаўна Лаўрэенка. — Напрыклад, у бягучым навучальным годзе на базе Лукаўскай сярэдняй школы быў адкрыты рэсурсны цэнтр па хіміі. У раёне, дарэчы, функцыянуюць 12 рэсурсных цэнтраў па вучэбных прадметах і арганізавана 6 міжшкольных факультатываў”.

— Наколькі добра раён укамплектаваны педагагічнымі кадрамі?

—  Асаблівых праблем не існуе. Хіба толькі ў дзвюх агульнаадукацыйных установах ёсць патрэба ў настаўніках-дэфектолагах. Праводзіцца работа з маладымі педагогамі па наступных напрамках: індывідуальныя кансультацыі, настаўніцтва, кансультацыйныя пункты, школы маладога настаўніка, семінары для маладых спецыялістаў, псіхалагічныя трэнінгі. Дзейнасць школ маладых плануецца на аснове дыягностыкі, якая праводзіцца са спецыялістамі з мэтай выяўлення іх прафесійных запытаў. Пасяджэнні школ маладых праходзяць у форме інструктыўна-метадычных нарад, практыкумаў, адкрытых урокаў, семінараў. Маладыя педагогі прымаюць удзел у грамадскім жыцці ўстаноў адукацыі і раёна. Павышэнне кваліфікацыі і прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў арганізоўваецца на базе Брэсцкага абласнога ІРА, АПА, БДУФК. З дапамогай раённай праграмы “Кадры” забяспечваецца своечасовае павышэнне кваліфікацыі педагогаў Маларытчыны.

— Як вырашаецца пытанне развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі?

— У раён цэнтралізавана былі пастаўлены тры кабінеты фізікі і тры кабінеты хіміі для гарадскіх устаноў адукацыі. Для кабінетаў фізікі сельскіх устаноў набыта дэманстрацыйнае і вучэбнае абсталяванне, сродкі навучання. З 2016 па 2019 год закуплена 10 сучасных камп’ютарных класаў. Сацыяльны стандарт выконваецца з разліку 7 навучэнцаў на 1 камп’ютар. Ва ўсіх камп’ютарных класах (21) забяспечана падключэнне да сеткі інтэрнэт па шырокапалосным (высакаскорасным) доступе. Закуплена абсталяванне для кабінетаў тэхнічнай і абслуговай працы.

— Раскажыце, калі ласка, пра работу з адоранымі дзецьмі.

— Штогод з мэтай выяўлення таленавітай моладзі ў раёне праводзяцца алімпіяды па вучэбных прадметах для навучэнцаў 3—8 і 9—11 класаў, раённыя практычныя канферэнцыі навучэнцаў (конкурс даследчых работ) “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” і “Я — даследчык”. Арганізоўваецца ўдзел школьнікаў у міжнародных конкурсах, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, фестывалях, інтэрнэт-алімпіядах і інтэрнэт-конкурсах. У 2018/2019 навучальным годзе даследчая работа па астраноміі навучэнца Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Антона Качанка адзначана дыпломам III ступені на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў. Штогод навучэнцы 9—11 класаў, пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў, узнагароджваюцца прэміямі Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта. У час канікул дзейнічаюць профільныя лагеры для адораных навучэнцаў: лінгвістычны (руская, беларуская і замежныя мовы), фізіка-матэматычны, спартыўны, турыстычны і інш. У 3 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць 12 рэсурсных цэнтраў па вучэбных прадметах і 6 міжшкольных факультатываў. Новым для нашага раёна стала адкрыццё рэсурснага цэнтра па хіміі на базе Лукаўскай сярэдняй школы, дзе ў 2018/2019 навучальным годзе настаўнік хіміі Вячаслаў Станіслававіч Пацук падрыхтаваў двух пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Навучэнцы раёна наведваюць заняткі рэсурсных цэнтраў, арганізаваных на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і БДУ імя А.С.Пушкіна. Сёлетнія выпускнікі здавалі ЦТ па 12 вучэбных прадметах. Па двух прадметах сярэдні бал быў вышэйшым за абласны паказчык: англійская мова і гісторыя Беларусі (як і ў 2018 годзе), вышэйшы за рэспубліканскі сярэдні бал атрыманы па чатырох прадметах (2018 год — 3): беларуская мова, матэматыка, фізіка, геаграфія. У абласным рэйтынгу наш раён на 6-м месцы з 20 (2018  год— 5). Сёлета 100 балаў па біялогіі і 99 балаў па хіміі атрымала выпускніца Арэхаўскай сярэдняй школы Ксенія Курыловіч, якая стала студэнткай медыцынскага ўніверсітэта ў Мінску. Працэнт паступлення нашых выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі па выніках 2019 года склаў 53,8%.

— Як арганізавана дапрофільнае і профільнае навучанне ў раёне?

— Асноўнымі складнікамі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў з’яўляюцца прафарыентацыя, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, правядзенне факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах, іншых адукацыйных мерапрыемстваў. Традыцыйна штогод праводзяцца дні прафарыентацыі з запрашэннем прадстаўнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Школьнікі прымаюць удзел у прома-акцыі “Будучыня краіны — у тваіх руках” на базе Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. У 12 з 19 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае навучанне на III ступені. З 398 вучняў 10 і 11 класаў 242 вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. У дзвюх сельскіх установах функцыянуюць аграрныя класы (Олтушская сярэдняя школа, Ланская сярэдняя школа). Там праводзяцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрную прафесію”. Школы супрацоўнічаюць з Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміяй і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. У 14 установах рэалізоўваецца адукацыйная праграма рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” ў 10 і 11 класах. Вучэбныя заняткі арганізаваны па 1 мадэлі непасрэдна ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. 157 вучняў, якія засвойваюць усе прадметы на базавым узроўні, атрымліваюць прафесіі аператара ЭВМ (персанальных ЭВМ), швачкі, садоўніка, рабочага зялёнага будаўніцтва, агародніка. Ва ўстановах ёсць неабходны мінімальны пералік абсталявання для выканання практычнай часткі праграмы.

— Якія інавацыйныя праекты рэалізоўваюцца ў вашым раёне?

— У 2019/2020 навучальным годзе работа ідзе па наступных інавацыйных праектах: у Маларыцкай раённай гімназіі па тэме “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, у Гвозніцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе — па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”, у Лукаўскай сярэдняй школе — “Укараненне мадэлі фарміравання асобасных і метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе вучэбнай і пазавучэбнай работы”. У найбліжэйшы час плануецца рэалізацыя праектаў, звязаных з фарміраваннем комплексу прадметных і метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах аграгарадка (малога горада).

Надзея ЦЕРАХАВА.