Знайсці сабе справу на радзіме

Маштабны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth: школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрыемства», у якім задзейнічаны школы і экалагічныя цэнтры Беларусі, Малдовы і Украіны, атрымаў працяг. Нядаўна для больш як 40 яго ўдзельнікаў прайшоў міжнародны семінар “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій”. Базай для сустрэчы стаў адукацыйны цэнтр грамадскага аб’яднання “Беларускі Зялёны Крыж”. За пяць насычаных дзён удзельнікі сустрэчы даведаліся пра сучасныя бяспечныя метады раслінаводства ў тэорыі і ўбачылі, як яны рэалізоўваюцца на практыцы, наведаўшы прышкольныя ўчасткі Віцебшчыны.

Конкурсны адбор

У рамках праекта яшчэ ў верасні прайшоў адкрыты конкурс “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій”. Ад Беларусі ў ім прынялі ўдзел школы Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Далучыліся па некалькі рэгіёнаў Украіны і Малдовы. 

Краіны-ўдзельніцы былі абраны невыпадкова: іх аб’ядноўвае праблема рэзкага скарачэння сельскага насельніцтва і вельмі нізкі імідж працы на зямлі. Галоўнай задачай праекта стала наданне новага імпульсу развіццю прышкольных участкаў у невялікіх населеных пунктах, навучанне моладзі самым перспектыўным і бяспечным агратэхналогіям, каб іх прымяняць у працы  на роднай зямлі, не шукаючы сябе на чужыне.

Паспытайце лета!

Для ўдзелу ў конкурсе трэба было прадставіць праект развіцця свайго прышкольнага ўчастка і абазначыць, што трэба для яго рэалізацыі. А самыя перспектыўныя праекты атрымалі фінансавую падтрымку на ажыццяўленне.

“Мы ацэньвалі школы па розных крытэрыях. Так, акрамя наяўнасці прышкольнага ўчастка і яго дагледжанасці, мы бралі пад увагу кадравы патэнцыял, колькасць навучэнцаў, ацэньвалі дапамогу мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак і інш., глядзелі, наколькі перспектыўныя задума і план развіцця. У выніку са 108 заявак у вочны тур абрана 24. Мы аб’ехалі ўсе гэтыя школы  і паглядзелі, як там вядзецца работа на ўчастках. Паколькі годных ідэй было шмат, мы ў межах праекта пастараліся фінансава падтрымаць як мага больш ініцыятыў — набыць і прывезці тое, чаго школам не хапала: каму — саджанцы, каму — цяпліцу, каму — палівачнае ці іншае абсталяванне, каму — мотаблок”, — гаво­рыць Уладзімір Пусташыла, тэматычны каардынатар праекта.

Падарункі на выбар

Так, пераможцамі і прэтэндэнтамі на самую грунтоўную фінансавую падтрымку сталі Параф’янаўская школа Докшыцкага раёна, Слабодкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа Браслаўскага раёна, Папаратнянская школа Жлобінскага раёна. Залескі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна, Велікадольскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Ушацкага раёна і Лужкаўская сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна.

Залескія вешанкі на пнях.

У кожнай з гэтых школ ёсць свой кірунак работы і свой план яго развіцця. Навучэнцы Слабодкаўскай сярэдняй школы выказалі жаданне вырошчваць раннюю зеляніну і расаду агародніны, таму там была ўстаноўлена цяпліца.

У Вялікіх Дольцах школа мае вялікія плошчы, дзе вучні вырошчваюць зерне, бульбу і агародніну. Прычым ураджай агародніны і яблык яны навучыліся захоўваць у буртах да самага лета. Настаўнікам хіміі і біялогіі ў гэтай школе працуе Віктар Мікалаевіч Шышоў. Па першай адукацыі ён аграном, таму ўсё, за што бярэцца, перспектыўнае. Цяпер тут зроблены стаўкі на садавіну: закладзены яблыневы сад з аўтаномным палівам.

Папаратнянская школа мае ўчастак каля 80 сотак, добра распрацаваных і вельмі дагледжаных, але ёй не хапала палівачнай сістэмы, таму ў рамках праекта навучэнцы спраектавалі яе, прычым па адмысловай схеме паліву, і ўстанавілі.

У Залессі падлічылі, што вырошчваць агародніну нявыгадна: працы шмат, а сабекошт невялікі, таму тут спецыялізуюцца на вырошчванні саджанцаў і ягад. Месца агародніны і на плантацыі, і ў чатырох вялікіх цяпліцах займаюць пасадкі клубніц — на саджанцы і на ягады. Акрамя таго, навучэнцы пасадзілі маліны, агрэст, сёлета залажылі новую плантацыю буякоў. Усе пасадкі мульчыруюцца, клубніцы растуць на спанбондзе, падведзены кропельны паліў, таму даводзіцца прыкладаць мінімальныя намаганні. Асноўная работа ў дзяцей — па чаранкаванні. Акрамя таго, на пнях яны паспяхова вырошчваюць вешанкі. Вясковая зона была радыяцыйна забруджанай, таму вырашчаныя на зямлі грыбы назапаш­ваюць радыяцыю, а вырашчаныя на пнях — не. Упэўніцца ў гэтым дапамагае пункт праверкі прадуктаў на наяўнасць радыенуклідаў, які размешчаны і працуе ў школе. Установа будзе з задавальненнем дзяліцца сваім ужо багатым вопытам у рамках рэсурс­нага цэнтра па арганічным земляробстве, які плануюць стварыць на базе школы. 

Каб убачыць на свае вочы, як тэорыя прымяняецца на практыцы, удзельнікі семінара адправіліся на Шаркаўшчыну і Докшыччыну.

Краіна для Чыпаліна

У Параф’янаве Віктара Карлавіча Каросціка, дырэктара мясцовай школы, жартаўліва называюць Цыбульным Баронам. Прышкольны ўчастак тут займае больш за 3 га. Хоць у школе ёсць дэкаратыўны аддзел, дзе навучэнцы і педагогі практыкуюцца ў ланд­шафтным дызайне, усё ж гонар установы — вытворчы аддзел. Штогод тут вырошчваецца 10—15 т бульбы, 4—5 т капусты, па 500—700 кг морквы і буракоў, а апошнія 2 гады яшчэ і 300 кг часнаку. Але дырэктар вядзе нас у самае сэрца агарода — на блакітны ад сакавітых цыбульных пёрак участак. Тут штогод вырастае 3—4 тоны гэтай доволі рызыкоўнай для паўночн га рэгіёна краіны культуры і таму самай дарагой.

«Золата» параф’янаўскіх школьнікаў.

Нягледзячы на тое, што тут ужо аблюбавалі і адабралі самыя лепшыя для мясцовай глебы гатункі, эксперыменты не заканчваюцца: сёлета апрабоўваецца яшчэ 4 новыя гатункі. Менавіта цыбуля — гонар школы, бо дазваляе добра зарабляць: пакупнікоў гэтай культуры хоць адбаўляй. Некалькі гадоў назад школа вывозіла сваю прадукцыю на кірмашы поўнымі трактарнымі прычэпамі, а цяпер пакупнікі ўжо самі едуць у школу. Уся гародніна экалагічна чыстая, бо ўгнаенні прымяняюцца толькі арганічныя, што кожны  год пацвярджае сан­станцыя: школьная прадукцыя змяшчае нітратаў у 5—10 разоў менш, чым дапускаецца па нормах. Акрамя таго, цыбуля добра высушана (для гэтага пабудавана спецыяльная сушыльня), таму доўга захоўваецца.

“Нашы дзеці заўсёды з задавальненнем працуюць на ўчастку, бо яны бачаць вынікі. Што тычыцца дэкаратыўнага аддзела, то ў такой прыгажосці куды прыемней вучыцца, а што да вытворчага, то ў нас няма ні папячыцельскага савета, ні бацькоўскага камітэта. На ўсё, што трэба дзецям, мы зарабляем самі — ад харчавання ў школьнай сталовай і рамонту ва ўсіх кабінетах да сучаснага абсталявання, напрыклад, ВК-тэлевізараў у кожным класе”, — гаворыць дырэктар.

Майстар-клас па чаранкаванні ядлоўцу ад лужкаўскіх кветкаводаў.

Самае прыемнае, што цяпер, калі выраслі плошчы і, адпаведна, даход ад іх, галоўныя памочнікі ў полі не дзеці, а тэхніка. Так, зямлю тут апрацоўвае школьны трактар і школьны конь (конюх пры школе таксама ёсць). Нядаўна ў рамках праекта школа атрымала яшчэ і мотаблок. Цяпер дзеці вучацца працаваць не столькі рукамі, колькі галавой: яны загадзя вызначаюць выгаду са сваёй работы, падлічваючы ўсе затраты на пакупку насення і вырошчванне. 

“Мы часта гаворым пра выніковасць адукацыі. І ў працоўным навучанні менавіта гэта выніковасць. У нас, як і ўсюды, існуе галоўная праблема: колькасць жыхароў катастрафічна зніжаецца. На сёння ў нас жыве 1098 чалавек, школьнікаў стала амаль утрая менш — усяго 125, таму наша задача — зацікавіць дзіця работай на зямлі. Так, пакуль рэпутацыя сельскай працы заніжаная, але гэта некалі зменіцца — не могуць гарады бясконца расці. У рамках праекта мы нядаўна пабывалі ў адукацыйнай паездцы ў Італіі, дзе я пытаўся ў навучэнцаў каледжа пра іх планы. У многіх з іх мэта — наладзіць сваё маленькае прадпрыемства па вытворчасці сыру, аліўкавага алею ці інш. Я хачу верыць, што некалі і мы да гэтага прыйдзем, нашы дзеці таксама змогуць наладжваць у вёсцы сваю вытворчасць”, — гаворыць дырэктар.

Ягадныя перспектывы

У Лужкаўскай сярэдняй школе таксама плошча ўчастка 3 га. З іх 1 адведзены пад збожжавыя, а астатнія змясцілі грушавыя і яблыневыя сады: адзін — на карлікавых падвоях, другі — гатункі мясцовага садавода А.П.Сікоры, а таксама гадавальнік каштанаў, вучэбную экасцежку, шыкоўную сажалку з мостам і альтанку “Экалагічны водны клас”. Хоць ствараўся водны клас для заняткаў членаў школьнага лясніцтва, аблюбавалі яго для правя­дзення сваіх урокаў і настаўнікі-прадметнікі.

Масток да воднага класа ў Лужкаве.

Галоўную стаўку лужкаўскія школьнікі зрабілі на вырошчванне ягад. Самым перспектыўным аказалася вырошчванне на продаж малін і парэчак. У школе створана бізнес-кампанія, у рамках якой ягады рэалізоўваюцца сярод мясцовага насельніцтва: пажылых людзей шмат, і далёка не кожны можа пайсці ў лес у маліны. Падрастае таксама чарэшневы сад.

“Тут у нас участак з лекавымі травамі, — пачынае экскурсію Ларыса Гараніна, дырэктар установы. — Крыху далей — эксперыментальны ўчастак, дзе мы выпрабоўваем розныя віды і гатункі лекавых раслін, параўноўваем розныя спосабы вырошчвання. Многія думаюць, што лекавыя расліны лёгка вырасціць, але насамрэч тут не ўсё проста. Асабліва складана вырошчваць іх з насення. Але нам удаецца. Мы шыем ільняныя мяшочкі, змяшчаем у іх лекавыя зборы для чаю ці робім араматычныя сашэ і прадаём насельніцтву.

У гэтай цяпліцы — гадавальнік драўнінных раслін. Сёлета 15 гадоў, як мы сталі супрацоўнічаць з  Цэнтральным батанічным садам Мінска. Некалі менавіта там мы навучыліся чаранкаваць ядловец і тую, праўда, не ўсе віды хвойнікаў у нас прыжываюцца лёгка. Калі да нас прыязджаў акадэмік У.М.Рашэтнікаў, адзначыў, што, улічваючы халодны клімат Віцебшчыны, нават адзін прыжыты куст — сапраўдная перамога. Але нам удаецца вырошчваць столькі раслін, што хапае на азеляненне і школы, і парка Лужкі, і гарадскога пасёлка ў цэлым, і на продаж насельніцтву. Цяпер у рамках праекта менавіта на гэта мы робім акцэнт. У будучыні спа­дзяёмся зрабіць цяпліцу, як у батанічным садзе: з арашэннем, з аўтаматычным падтрыманнем тэмпературы і г.д., а пакуль бу­дзем карыстацца пластыкавымі бутэлькамі і вырошчваць расаду ў скрынях у памяшканні”.

Капусныя будні ў Параф’янаве.

Чацвёртакласніца Эмілія Красавіна ганарыцца сваёй школай, часта бывае тут летам з сяброўкамі: раніцай — на праполцы, а вечарам адпачывае. Каля яе дома таксама шыкоўны ўчастак, дзе Эмілія асвойвае фларыстычнае майстэрства і практыкуецца ў складанні букетаў. Ужо зараз дзяўчынка задумваецца пра будучую прафесію: хоча ста ць ці пілотам, ці настаўніцай. 

Педагогі школы спадзяюцца, што ні Эмілія, ні іншыя навучэнцы нікуды адсюль не “паляцяць”, а працягнуць распачатае ў сваёй школе ўжо са сваімі дзецьмі.

“Наша школа адзіная ў мікрараёне: некалькі гадоў назад былі рэарганізаваны 3 базавыя школы, і дзеці, якія там вучыліся, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з 16 навакольных пасёлкаў і вёсак прыязджаюць штодзень вучыцца ў Лужкі, — дзеліцца сваімі трывогамі Ларыса Гараніна. — На жаль, нашы выпускнікі арыентуюцца на сталіцу і найчасцей пасля атрымання адукацыі там і застаюцца. Дадому вяртаецца ў лепшым выпадку 3 працэнты. Калі я прыйшла працаваць у гэтую школу, тут былі 294 вучні, за 13 гадоў іх стала ўсяго 131. Сёлета, напрыклад, выпусціліся 11 чалавек, а ў 1 клас прыйдуць усяго 6. У сёлетнім 10 класе застанецца палова — 6 чалавек. Так, у Лужках складана знайсці сабе работу. Некалі ў нас быў хлебазавод, цэглавы завод, каўбасны цэх, была вытворчасць шаркаўшчынскай гарчыцы, але з-за нерэнтабельнасці ўсе гэтыя прадпрыемствы даўно закрыты. Адзінае, што радуе: менавіта ў нашым Лужкаўскім сельсавеце найбольш фермерскіх гаспадарак — цэлых 8. Усе іх гаспадары — нашы выпускнікі. Нехта з іх займаецца жывёлагадоўляй, нехта — агародніцтвам. У нас ужо толькі з зямлі можна жыць, і мы ў школе стараемся вучыць гэтаму дзяцей. З новага навучальнага года дзесяці- і адзінаццацікласнікі будуць асвойваць прафесію кветкавода. Ёсць таксама задума ўвесці аб’яднанні па інтарэсах па асновах прадпрымальніцтва, па асваенні агратэхналогій. Магчыма, некалі мы прыйдзем і да стварэння агра­класа”.

Малдова: земляробства на міні-ўчастках

У Малдове сітуацыя ўскладняецца тым, што тут пасля распаду Савецкага Саюза ўсе школы страцілі свае прышкольныя ўчасткі: падчас зямельнай рэформы амаль уся зямля была падзелена паміж прыватнікамі. У рамках праекта ўдалося знайсці літаральна адну школу, дзе захаваўся ўчастак, на якім працуюць, а таксама пачатковую школу і агракаледж, якія пажадалі зрабіць першыя крокі, каб стаць прыкладам для іншых, паказаць калегам-суайчыннікам, як гэта функцыянуе, каб тыя натхніліся нанова ства­рыць прышкольныя ўчасткі ў сябе.

Нарыхтоўка насення. Украіна.

Аўрэл Сердзяшнюк, дырэктар былога Цаульскага сельскагаспадарчага агратэхнічнага каледжа (цяпер Узорны цэнтр плодаагародніцтва), тлума­чыць новыя рэаліі так: “Некалі нашай задачай была падрыхтоўка аграномаў, брыгадзіраў, паляводаў, але з-за таго, што цяпер у Малдове ў прыярытэце прыватная гаспадарка, мы пераарыентаваліся на падрыхтоўку будучых сельскіх прадпрымальнікаў і фермераў. Зрэдку малыя гаспадаркі аб’ядноўваюцца ў вялікія, але нават на вялікіх плошчах гаспадарам трэба ад зін, максімум — два спецыялісты, бо тэхніка сур’ёзная. Адзін аграном можа лёгка справіцца з 1—2 тысячамі гектараў, маючы некалькі механізатараў.

Нашай установе пашанцавала: у адрозненне ад іншых у Малдове (прышкольныя ўчасткі маюць некалькі з іх) у нас ёсць вялікія вучэбныя палі — 400 гектараў. Вучацца ў нас 326 чалавек (а некалі было каля 1000), і вырошчваем мы ў асноўным не палявыя культуры — збожжавыя і тэхнічныя, як было некалі, а садавіну, агародніну і ягады, бо акцэнт зроблены на работу не ў палях, а на маленькіх участках з найшоўшымі тэхналагічнымі магчымасцямі — з супрацьградавай сістэмай, з аўтаматычным палівам. У нас ёсць і 2 сучасныя аўтаматызаваныя круглагадовыя цяпліцы. Так мы ідзём да змяншэння плошчаў зямлі і ў той жа час да павышэння ўра­джайнасці.

Праўда, пакуль мы не можам пахваліцца тым, што энергічна ідзём у бок павышэння экалагічнасці прадукцыі. Па-першае, атрымаць сертыфікат, які б пацвярджаў, што прадукцыя экалагічная, у Малдове складана, па-другое, прадаць яе даражэй не атрымаецца: людзі ў пераважнай большасці пакуль глядзяць выключна на цану, імкнучыся купіць як мага танней. Так, па апошніх даных, у нас ужо 11 600 гектараў сертыфікаваны і на іх вырошчваецца чыстая агародніна. Але рынак да гэтага не гатовы”.

Урок садаводства ў Барзне. Украіна.

Па словах Адрыяны Велічынсі, каардынатара праекта “Школьны сад” у Малдове, супрацоўніка Нацыянальнага экалагічнага цэнтра (Кішынёў), самыя значныя перамены якраз у сталіцы: “Мы ў Кішынёве праводзім экакірмашы і воркшопы і тым самым мяняем погляд на культуру харчавання лю­дзей. Прычым калі ў першых экафестывалях, 7 гадоў назад, са сваёй экапрадукцыяй выстаўлялася каля 100 удзельнікаў, то цяпер іх больш за 1000”.

Канстанцін Фартуна, кансультант па пермакультуры, прадстаўнік экалагічнага цэнтра з-пад Кішынёва, падзяліўся сваім вопытам: “У нашым сяле не больш за 100 жыхароў, але ў цэнтры праводзяцца семінары, на якія прыходзяць дзеці з розных населеных пунктаў. Мы тлумачым ім, як карыстацца зямлёй, не наносячы ёй шкоды, вучым прыкрываць зямлю саломай, асвойваем безрасадны спосаб вырошчвання. Па дызайне пермакультуры абавязкова павінны сумяшчаць розныя віды раслін — і фруктовыя дрэвы, і кусты, і нізкія расліны. У адрозненне ад экалагічнага земляробства, дзе шмат правіл, пермакультура імкнецца да мінімальных затрат працы: ніякага будаўніцтва высокіх градак, ніякага заніравання — толькі максімальная набліжанасць да таго, як усё расце ў прыродзе; не палі­ваць, а загадзя прыця­няць дрэвам, не зграбаць апалае лісце, не агароджамі закрываць ад ветру, а кустамі. Так ствараецца адмысловы мікраклімат, які нават пры засушлівасці раніцамі збірае расу”.

Украіна: па прафесію — за парту

Ва Украіне сітуацыя больш спрыяльная: пры некаторых школах яшчэ засталіся ўчасткі, прычым чым далей ад сталіцы, тым больш годна яны выглядаюць. І школы зацікаўлены ў іх развіцці. Для ўдзелу ў праекце былі адабраны 4 школы, праз прадстаўніцтва Зялёнага Крыжа ва Украіне праведзена іх аснашчэнне. Школы робяць свае пробныя крокі. Сярод іх — спецыяльная школа-інтэрнат у Барз­не. Яе выхаванцы цяпер могуць не толькі патанніць сабе харчаванне, але і вучацца працаваць на зямлі па сучасных тэхналогіях, каб некалі вырошчваць агародніну і фрукты ці для свайго стала, ці каб рабіць на гэтым аграбізнес.

Сучасна аснашчоны пладовы сад. Малдова.

Аляксей Лаўранчук, намеснік дырэктара Вішэвіцкага ліцэя (Жытомірская вобласць), расказвае пра свае планы: “Сутнасць задумы ў тым, каб нашы выпускнікі выходзілі са школы ўжо з рабочай спецыяльнасцю “Работнік цяплічнай гаспадаркі”. У рамках праекта мы хочам зрабіць вялікую прамысловую цяпліцу, каб дзеці на яе базе асвойвалі ўсе тонкасці работы ў ёй, бо ў нашай мясцовасці на сёння гэта вельмі запатрабаваны кірунак: у суседніх двух пасёлках ужо ёсць цяпліцы на тэрыторыі ў 7 гектараў, але знайсці лю­дзей для работы ў іх вельмі складана. Таму мы яшчэ ў школе бу­дзем рыхтаваць такіх работнікаў, як вынік — яны не стануць шукаць заробку на чужыне, а будуць мець стабільную работу на радзіме. У нас ужо падпісаны дагавор з абласным агратэхкаледжам, згодна з якім пасля засвоенага ў нас тэарэтычнага курса вучні 11 класа на працягу 2—3 тыдняў будуць праходзіць практыку разам з навучэнцамі каледжа, а вырашчаную прадукцыю мы будзем пастаўляць адным і тым жа пакупнікам. Мы ўво­дзім у вучэбную праграму 2 новыя прадметы: “Агравытворчасць” і “Прадпрымальніцтва”. Прычым праз пару гадоў гэтыя прадметы будуць выкладацца не толькі ў старшакласнікаў, пачынаючы з 2 класа”.

Магчыма, пасля семінара ва ўдзельнікаў з’явяцца новыя перспектывы. Інструментарый ім далі запрошаныя эксперты. Так, ад зін дзень быў поўнасцю прысвечаны асваенню тонкасцей арганічнага земляробства. Педагог дадатковай адукацыі і супрацоўнік навуковай лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Іван Рускіх расказаў калегам аб бяспечным вядзенні гаспадаркі, падзяліўся тым, як можна замяняць хімічныя сродкі ўгнаення і аховы раслін экалагічнымі, расказаў пра вытворчасць генна-мадыфікаваных прадуктаў і іх уплыў на здароўе чалавека, а таксама падзяліўся вопытам правядзення са школьнікамі навуковых даследаванняў у лабараторыі цэнтра.

Сумясціць тэорыю і практыку ўдзельнікі сустрэчы паспрабавалі пад кіраўніцт­вам італьянскіх экспертаў — супрацоўнікаў фонду Яна Паўла II. У тэарэтычнай частцы праграмы Фабіа Амар расказаў пра розныя ўзроўні якасці прадукцыі, а Ра­фаэль Квадры прааналізаваў этапы яе маркетынгавага прасоўвання, зрабіўшы акцэнт на значнасці рэкламы і на тым, што фарміраванне маркетынгавай стратэгіі напрамую залежыць ад запытаў спажыўцоў і сітуацыі на рынку. Ларэнца Росі расказаў пра асаблівасці арганізацыі бізнес-стратэгіі, па­дзяліўся вопытам распрацоўкі лагатыпаў, стварэння кааператыва і прапанаваў некаторыя бізнес-ідэі для Беларусі, у прыватнасці, адкрыцце сеткі кафэ-марожанага з вытворчасцю на месцы.

“Наша асноўная задача — у выніку стварыць сетку садоў і аб’яднаць іх, паказаць, што разам можна зрабіць куды больш. У нас ёсць шэраг мерапрыемстваў для падтрымання сувязей і перадачы вопыту. Гэта адукацыйныя праграмы і дыстанцыйныя курсы па асноўных кірунках: арганічнае земляробства, маркетынг, прасоўванне прадукцыі, лідарства, апрацоўка і захаванне прадуктаў”, — гаворыць Уладзімір Пусташыла.

У рамках праекта: “Школьны сад” на базе сельскіх школ з прышкольнымі ўжо ствараюцца інкубатары па навучанні мола­дзі сучасным тэхналогіям вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі высокай якасці. Як спадзяюцца арганізатары праекта, гэта паспрыяе таму, што маладыя людзі змогуць навучыцца працаваць на роднай зямлі і там працаўладкавацца.

За гэты тыдзень 40 удзельнікаў семінара сталі сапраўднай камандай і раз’язджаліся з асаблівым пачуццём яднання і датычнасці да агульнай вялікай справы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва ўдзельнікаў праекта.