Знайсці шлях да сэрца дзіцяці

“Тыя, хто хоць раз кантактаваў з дзіцем з АПФР, ведаюць, як цяжка знайсці шлях да яго сэрца. Усе мы нараджаемся з рознымі магчымасцямі, а часам і абмежаваннямі. Але гэта не значыць, што ў асаблівых дзяцей менш шансаў быць шчаслівымі, чым у звычайных, — адзначае дырэктар Салігорскага раённага ЦКРНіР Марына Антонаўна Кобер. — У справядлівасці гэтых слоў я і мае калегі чарговы раз пераканаліся, працуючы над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта па арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”.

“Рэалізацыя інавацыйнага праекта пачалася з пошуку валанцёраў з ліку навучэнцаў нашага горада, якія валодаюць неабходнымі для такой дзейнасці якасцямі, — расказала Марына Антонаўна. — Жадаючыя знайшліся, яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку на базе нашага карэкцыйнага цэнтра. Установамі — партнёрамі ЦКРНіР у рэалізацыі праекта сталі школы і дзіцячыя сады раёна, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ЗАТ ФСК “Шахцёр”, Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, праваслаўнае маладзёжнае брацтва Святых Пятра і Фяўронні. Усяго дзяцей-валанцёраў у Салігорскім раёне — 130.

Педагогі-наватары ЦКРНіР правялі семінары для сваіх калег з устаноў-партнёраў, на якіх прадставілі вопыт работы па цімбілдынгу, камунікацыі, рашэнні кейсаў. Да валанцёрскай дзейнасці далучыліся не толькі дзеці, але і іх бацькі. Спецыялісты запрасілі іх наведаць семінары, трэнінгі і майстар-класы, распаўсюдзілі буклеты “Аб талерантнасці ў соцыуме”, “Пажаданыя і непажаданыя якасці валанцёраў” і г.д. Бацькі валанцёраў стварылі ў сацыяльнай сетцы групу “Роўны вучыць роўнага” і групу ў “Вайберы” “Мы разам”.

Выхаванцы Салігор­скага ЦКРНіР і навучэнцы гімназій №№ 1 і 3 горада пад кіраўніцтвам педагогаў арганізавалі на базе цэнтра інклюзіўны тэатр “Казка побач”. Выконваючы пэўныя ролі ў тэатральных пастаноўках, гульнях-драматызацыях, дзеці ўзбагача­юць свой эмацыянальны вопыт, перажываюць разнастайныя пачуцці (гнеў, страх, радасць і г.д.). Выступаючы перад гледачамі, яны вучацца пераадольваць трывожнасць, нясмеласць, страх, узгад­няць свае дзеянні з дзеяннямі партнёраў, слухаць і гаварыць не перапыняючы, паважліва ставіцца адно да аднаго. Дзеці з АПФР працуюць па індывідуальных сцэнарыях. Кожны выконвае даступную для яго ролю, незалежна ад рухальных здольнасцей, інтэлектуальнага развіцця. Сцэнарыі да тэатральных пастановак піша выхавальнік цэнтра Ірына Адамаўна Касцюкавец, казачныя ролі ў спектаклях выконваюць настаўнік-дэфектолаг Наталля Уладзіміраўна Кныш і педагог-псіхолаг Кацярына Іванаўна Сучок. Шые касцюмы для герояў выхавальнік Марына Аляксандраўна Пракаповіч. Бацькі таксама падтрымліваюць сваіх асаблівых дзяцей, абмяркоўваюць і развучваюць з імі ролі, вершы, вырабляюць касцюмы і дэкарацыі для спектакляў.

З казкамі “Гусі-лебедзі”, “Бураціна”, “Калядкі” інклюзіўны тэатр выступаў на базе сярэдняй школы № 1 Старых Дарог, у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ, на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі Салігорскага раёна. У рэпертуары калектыву таксама спектакль “Экалагічная казка”, ролі ў якім выконвалі выхаванцы ЦКРНіР і валанцёры гімназіі № 3 Салігорска. Выхаванцы цэнтра і ясляў-сада № 19 разам падрыхтавалі святочны канцэрт.

 “Педагогі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і эколага-біялагічнага цэнтра раёна праводзяць на базе ЦКРНіР заняткі па інтарэсах для нашых выхаванцаў. Студыю “Я малюю” пад кіраўніцтвам Святланы Аркадзьеўны Алешка разам з асаблівымі дзецьмі наведваюць валанцёры-навучэнцы гімназіі № 3, — расказала Марына Антонаўна. — Юныя мастакі Аляксандра Мастовіч і Фёдар Новік двойчы атрымлівалі дыпломы ІІІ ступені абласнога этапу Міжнароднага конкурсу “Я малюю Пецярбург”. У красавіку 2019 года студыя правяла конкурс малюнка на асфальце “Мая сям’я” з удзелам школьнікаў з Даніі”.

Спецыялісты і выхаванцы Салігорскага ЦКРНіР, а таксама вучні гімназіі № 3 двойчы ўдзельнічалі ў культурна-адукацыйным форуме для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі і дарослых “СНД — наша вялікая сям’я”. Першы форум прахо­дзіў на базе школы-інтэрната “Чырвоныя зоры” Ленінградскай вобласці, з якой ЦКРНіР заключыў дагавор аб супрацоўніцтве. Другі форум адбыўся ў Алматы (Казахстан). Навучэнка цэнтра Вольга Мастовіч атрымала на форумах дыплом І ступені ў намінацыях “Лепшае прадстаўленне сваёй краіны”, “Творчае майстэрства”. Гімназісткі і валанцёры Вольга Цімафеева, Аліна Пархімовіч, Ганна Трында былі ўзнагароджаны дыпломамі І ступені ў розных намінацыях. Выхаванцы ЦКРНіР з поспехам удзельнічаюць у абласным фестывалі творчасці дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Запалі сваю зорку”, Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, дзе выступаюць з інклюзіўнымі нумарамі. Сярод устаноў адукацыі раёна праходзіць фотаконкурс “Шчаслівы свет вачамі дзяцей”, фестываль мастацкай творчасці “Планета талерантнасці”, конкурсы “Тата, мама, я — спеўная сям’я”, “Тата, мама, я — творчая сям’я”. 

“Усе адметныя мерапрыемствы ў раёне з’яўляюцца інклюзіўнымі, — адзначае Марына Антонаўна. — Гэта, у прыватнасці, Дзень ведаў, Тыдзень маці, Тыдзень талерантнасці, Дзень дружбы, калядкі, Дзень абаронцаў Айчыны, “Мамін дзень”, Тыдзень псіхічнага здароўя, Дзень сям’і і г.д. На базе ФСК “Шахцёр” праходзяць спартыўныя святы і фестывалі з удзелам выхаванцаў ЦКРНіР, маладых людзей з інваліднасцю, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН, наведвальнікаў футбольнага спартыўнага клуба “Шахцёр” і навучэнцаў раёна. У ходзе сумесных мерапрыемстваў звычайныя дзеці вучацца разумець праблемы сваіх аднагодкаў з абмежаваннямі, прымаць іх такімі, якія яны ёсць.

Бацькі дзяцей з АПФР адкрываюць у іх новыя таленты. Так, нядаўна ў Салігор­ску праходзіў фестываль мастацкай творчасці для дзяцей з АПФР “Вясёлка талентаў”, які арганізаваў ЦКРНіР. У ім прынялі ўдзел 100 дзяцей з 17 устаноў адукацыі Салігорскага раёна. Вядучым мерапрыемства стаў выхаванец ЦКРНіР Арцём Шулякоўскі, дыпламант Міжнароднага фестывалю “Жулдызай-2019”. У новым амплуа Арцём адчуваў сябе сапраўднай зоркай, працаваў з аўдыторыяй, дорачы гледачам і артыстам пазітыўны настрой. Самымі яркімі нумарамі падчас фестывалю сталі танец выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра, песня “З сябрамі” навучэнцаў сярэдняй школы № 11 Салігорска і чытанне літаратурнага твора “Фядорына гора” выхаванцам ясляў-сада № 40 Мікітам Вараўкам.

Завяршылася свята васямнаццатай тэатралізаванай пастаноўкай “Лятучы карабель” інклюзіўнага тэатра ЦКРНіР. У зале не было свабодных месцаў, прысутнічалі бацькі дзяцей, педагогі, валанцёры, навучэнцы школ і выхаванцы садоў, прадстаўнікі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый. Усе ўдзельнікі фестывалю адзначаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі. Мерапрыемствы такога маштабу становяцца традыцыйнымі ў Салігорскім раёне”.

Надзея ЦЕРАХАВА.