Знайсці сваё прызванне

- 14:51Людзі адукацыі

У ліку лепшых маці Віцебшчыны, узнагароджаных 14 кастрычніка прэміяй аблвыканкама імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, — педагог-псіхолаг Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Таццяна Мядзведская.

Таленавітага, высокакваліфікаванага, крэатыўнага спецыяліста палац атрымаў дзякуючы… прыкраму абітурыенцкаму правалу: калісьці выпускніца сярэдняй школы паспрабавала паступаць на юрыста, але не набрала патрэбную колькасць балаў. Вырашыла пашукаць работу і ў выніку ўладкавалася выхавальнікам у Сталічную дашкольную ўстанову — за многа кіламетраў ад Мінска, у вёсцы Сталіца на тэрыторыі калгаса “Свабода” Шаркаўшчынскага раёна.


— Група ў мяне была рознаўзроставая. 26 хлопчыкаў і дзяўчынак, самай малодшай Каці на той час споўнілася ўсяго дзевяць месяцаў. Клопату багата, ведаў па прафесіі — кот наплакаў, а трэба ж было і планы пісаць, і праграму выконваць, — успамінае Таццяна. — Займаюся з дзецьмі — вершы, апавяданні ім чытаю, спа ць укладваю — песні спяваю, як палягуць — пішу, кніжкі чытаю, вершы на памяць вучу. Ужо тады з’явіўся намер паспрабаваць сябе ў якасці артыста і рэжысёра. Неўзабаве я стала навучэнкай вучылішча мастацтваў (зараз Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў). Аднак і гэтага аказалася мала: падала дакументы і паступіла ў ВДУ імя П.М.Машэрава на педагога-псіхолага.
У гэтай прафесіі Таццяна знайшла сябе. Да таго ж высветлілася: усе атрыманыя раней веды і навыкі — не марны цяжар, яны вельмі патрэбныя!
— На пачатку працоўнай дзейнасці ў мяне было многа выступленняў — для навучэнцаў і іх бацькоў, на абласным радыё — без папярэдняга сцэнічнага вопыту гэта было б складана, — працягвае мая суразмоўніца. — Як, зрэшты, і кансультаванне праводзіць. Што тычыцца трэнінгаў, работы з падлеткамі — то тут без артыстычных здольнасцей увогуле цяжка абысціся. Прафесіі артыста, педагога і псіхолага грунтуюцца на адзінай аснове — камунікацыі, актыўных зносінах з людзьмі. Яшчэ хачу сказаць — гэта пацверджана ўласным вопытам і вопытам маіх сябровак, — што ў выпускніка ўстановы прафесійна-тэхнічнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі, які паступае ва ўніверсітэт, больш высокая матывацыя да вучобы. Тэарэтычны матэрыял засвойваецца лепш, таму што ён патрэбны: ты працуеш не на адзнаку ў залікоўцы, а на канкрэтны вынік — пэўныя веды. І выразна ўсведамляеш, дзе і як іх зможаш прымяніць.
Наша гераіня прызнаецца, што пасля першага педагагічнага вопыту яна і блізка не думала аб вялікай сям’і. Тым не менш лёс распарадзіўся інакш. Таццяна Лявонаўна — маці чацвярых дзяцей. Муж Генадзь Хадкевіч — гаспадар аграэкасядзібы. Рабочы дзень гаспадыні распісаны літаральна пахвілінна. Пасля сняданку — за руль, каб адвезці Яраслава ў дзіцячы сад № 32, другакласніка Мікіту ў гімназію № 4, адзінаццацікласніцу Ангеліну ў сярэднюю школу № 2. Пасля абеду кожнага трэба даставіць на заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах: кола дзіцячых захапленняў шырокае, ад тэатра да бокса і футбола. І, канечне ж, найбольшая ўвага не толькі Таццяны, але і ўсёй сям’і — малодшанькай Нэлі, якой нядаўна споўнілася сем месяцаў. Плюс гатаванне, прыборка, іншыя хатнія клопаты… Часу не застаецца. Але гэтая жанчына нейкім чынам знаходзіць яго і на валанцёрскую дзейнасць — удзельнічае ў рэспубліканскім праекце Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа “Стоп — туберкулёз”, і на педагагічную працу — займаецца з дзецьмі-інвалідамі ў аб’яднанні па інтарэсах “Парасткі” пры Палацы дзяцей і моладзі. Прычым, нягледзячы на такую зайздросную сацыяльную актыўнасць, лічыць, што не варта ў жыцці імкнуцца паспець усё і адразу: нездарма народная мудрасць ад гэтага засцерагае.
— Гнацца за ўсім — у звычайным жыцці звычайна непазбежна азначае не дасягнуць нічога. Таму на кожны дзень у мяне ёсць загадзя складзены і прадуманы план: што буду рабіць я сама, хто і ў чым мне можа дапамагчы. У кожнага з членаў сям’і свая задача, застаецца толькі скаардынаваць маіх памочнікаў, — расказвае Таццяна Лявонаўна. — У прафесійным плане мая галоўная мэта як педагога-псіхолага падобная: не прапаноўваць гатовыя вывады ці методыкі, а каардынаваць дзейнасць калег, разам дапамагаць кожнаму нашаму выхаванцу разабрацца ў сабе, раскрыць і развіць здольнасці, вызначыць прыярытэты і знайсці сваё месца ў жыцці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.