Знайсці сваю дарогу

- 8:46Актыўная пазіцыя, На парадку дня

У Гомельскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы прайшла прэзентацыя выставы “Ваенна­патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення”. 

Свае праекты і ідэі прадставілі многія ўстановы адукацыі Гомельшчыны. Як адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, асоба педагога адыгрывае велізарную ролю ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі: 

— Ад перакананасці, шчырасці гэтага чалавека залежыць тое, як ён зможа прывіць дзецям пачуццё патрыятызму. На выставе мы пазнаёміліся менавіта з такімі педагогамі, якія па-сапраўднаму любяць сваю справу. Мне хацелася б, каб у нашай сістэме адукацыі ўсе настаўнікі былі менавіта такімі. Мы зараз пачынаем серыю рэгіянальных, абласных мерапрыемстваў, якія прысвечаны ваенна-патрыятычнай адукацыі, выхаванню ва ўстановах агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Мы разумеем, што без агульных намаганняў не зможам выхаваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта. Вельмі важна, каб з беларускіх устаноў адукацыі выпускаліся разумныя, адукаваныя маладыя людзі, якія любяць сваю краіну, — падкрэс­ліў міністр. 

Начальнік галоўнага ўп­раў­лення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў расказаў, што сёння на Гомельшчыне кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні працуе 361 чалавек:

— Сярод іх 97 былых вайскоўцаў і прыраўняных да іх асоб, 256 прайшлі вайсковую службу ў радах Узброеных Сіл Беларусі і іншых войсках. Яшчэ ёсць 45 вакантных месцаў. Нягледзячы на вялікую работу з кадрамі, ёсць шэраг недахопаў. Напрыклад, не ўсе кіраўнікі ўзаемадзейнічаюць з камандзірамі вайсковых часцей па абавязковай падрыхтоўцы дапрызыўнікаў, не праводзяць экскурсіі ў вайсковыя часці і музеі, мала супрацоўнічаюць з ваенкаматамі. Таксама варта больш увагі ўдзяляць цяжкім падлеткам: прыцягваць іх у аб’яднанні ваенна-патрыятычнага профілю, бо менавіта там можна паўплываць на паводзіны дзяцей і павярнуць іх будучы лёс на шлях абароны Айчыны. Разумеючы важнасць дзейнасці кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, наш інстытут развіцця адукацыі арганізоўвае курсы павышэння кваліфікацыі для гэтых спецыялістаў. Падрыхтоўка на базе Ліцэя МНС, вучэбныя заняткі з прадстаўнікамі ваеннага камісарыята, псіхолага-педагагічная, ідэалагічная падрыхтоўка, трансляцыя лепшага вопыту работы ўстаноў адукацыі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні — вось асноўныя складнікі гэтых заняткаў.

Ад перакананасці, шчырасці педагога залежыць тое, як ён зможа прывіць дзецям пачуццё патрыятызму.

На абласным міжведамасным семінары для дырэктараў і кіраўнікоў па патрыятычным выхаванні многія педагогі і кіраўнікі навучальных устаноў падзяліліся сваім вопытам па ваенна-патрыятычным выхаванні. Ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў і намеснік начальніка Гомельскай пагранічнай групы Сяргей Свянцецкі расказалі пра ўзаемадзеянне з навучальнымі ўстановамі. Пра ўдзел Гомельскай епархіі ў патрыятычным выхаванні моладзі расказаў старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі протаіерэй Арцемій Крывіцкі:

— Для праваслаўнага хрысціяніна выкананне грамадзянскіх абавязкаў — праява галоўнага, вечнага служэння Цару Нябеснаму. Такім чынам, выконваць іх без стараннасці і любові да сваёй дзяржавы грахоўна. У той жа час любоў да сваёй Айчыны ў праваслаўным разуменні мае на ўвазе любоў да свайго і іншых народаў, якія насяляюць нашу дзяржаву. Далучаючыся да культурнай і духоўнай спадчыны сваіх продкаў, дзіця атрымлівае магчымасць атаясамліваць сябе з гэтай спадчынай, шанаваць і прымнажаць яе. Для дасягнення гэтых мэт Гомельская епархія ў супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама арганізоўвае конкурсы, семінары, канферэнцыі, алімпіяды, выставы і культуралагічныя паездкі. Спадзяёмся, што гэтыя намаганні стануць важкім укладам у станаўленне дастойнага грамадзяніна зямной айчыны і нябеснай.

На выставе-прэзентацыі, прысвечанай ваенна-патрыятычнаму выхаванню, міністр адукацыі Андрэй Іванец цікавіўся экспанатамі, размаўляў з педагогамі і навучэнцамі. Дзесяцікласніца Аляксандра Казлова прадстаўляла экспазіцыю гомельскай сярэдняй школы № 57. У дзяўчыны міністр пацікавіўся, куды яна збіраецца паступаць, на што школьніца ўпэўнена ад­ка­зала:

— На юрыдычны факультэт БДУ.

— А навошта вы ў Мінск пае­дзеце? У вас тут у ГДУ добры юрыдычны факультэт ёсць. 

— Таму што Мінск — гэта сталіца, усе імкнуцца ў сталіцу. Хачу пакараць вяршыні!

— Гомель — выдатны горад. Тут ёсць добры ўніверсітэт і тут ваш дом. Вы падумайце, ці трэба ехаць у Мінск. Між тым, пакарэнне вяршынь залежыць не ад горада. Вяршыні — гэта рост над сабой. А хто сказаў, што ў Гомелі вяршыні не пакараюцца? І наогул, калі ва ўніверсітэт не паступіш — значыць, ты ў жыцці не рэалізаваўся? Сёння з каледжаў выходзяць прафесіяналы, запатрабаваныя на прадпрыемствах. Самае галоўнае — каб кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. 

Дар’я РЭВА, Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ірыны АСТАШКЕВІЧ.