Знайсці сваю кнігу

Учора ў сталічным адміністрацыйным комплексе па адрасе праспект Пераможцаў, 14 адбылося ўрачыстае адкрыццё XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. На плошчы каля 3 тысяч кв.м. прадстаўлена 439 экспанентаў, у тым ліку 162 замежныя. Шырока прэзентаваны айчынныя і замежныя, найперш — расійскія, выдавецкія структуры, спецыялізаваныя на выпуску вучэбнай, вучэбна-метадычнай і спецыяльнай галіновай літаратуры.

Выставу-кірмаш адкрываюць дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам і гасцям XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і V Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” прывітанне, у якім адзначаецца: “На працягу многіх гадоў гэты форум з’яўляецца значнай культурнай падзеяй у жыцці Беларусі, збіраючы вядомых публіцыстаў, пісьменнікаў і выдаўцоў з усяго свету, умацоўваючы прафесійныя і дзелавыя сувязі паміж імі. Кнігавыданне па-ранейшаму застаецца візітнай карткай нашай краіны, звязвае яе багатае гістарычнае мінулае і імкненне сучаснікаў да захавання і ўзбагачэння культурнай спадчыны папярэдніх пакаленняў”. Беларускі лідар выказаў перакананне, што гэтае мерапрыемства будзе садзейнічаць папулярызацыі кнігі як асновы адукацыі і духоўнага развіцця, пошуку новых ідэй і ўзаемавыгадных кантактаў у гуманітарнай сферы.

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця XXVI ММКВК з радасцю падкрэсліў факт прыезду на мінскі кніжны форум дэлегацый з многіх краін свету. “Мы ўдзячны ўсім, хто сёння ставіцца да кнігі, як казаў Максім Горкі, як да жывога факта. Мы рады, што цэнтральным экспанентам стала Расія, якая прывезла вельмі вялікую колькасць выданняў і новыя творчыя праекты”, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч і пажадаў усім наведвальнікам выставы-кірмашу знайсці на ёй сваю кнігу.

У сваю чаргу спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой нагадаў прысутным, што Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш заўсёды адкрывае вялікі марафон кніжных выстаў па свеце. “У 2019 годзе гэта першая самая важная буйная падзея ў кніжным свеце. І для нас вельмі прыемна, што Расія — спецыяльны госць гэтай выставы-кірмашу”, — адзначыў Міхаіл Швыдкой і дадаў, што велізарнае свята кнігі, якое пачалося ў Мінску, з’яўляецца важным прыкладам для ўсёй постсавецкай і не толькі постсавецкай прасторы.

Ужо ў першы дзень XXVI ММКВК на прасторы форуму адбылося некалькі вельмі значных падзей, у прыватнасці, прэзентацыя перасовачнай выставы мастацкіх кніг сучасных аўтараў дзяржаў — удзельніц СНД “Чытаем разам — пазнаём адно аднаго” (у экспазіцыі прадстаўлены 56 кніг з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана, выдадзеныя на рускай і нацыянальных мовах за апошнія 25 гадоў).

Плануецца, што да 10 лютага, калі XXVI ММКВК завершыць сваю работу, пройдзе каля 400 розных мерапрыемстваў — як буйных міжнародных, напрыклад, V Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, так і менш маштабных, нават камерных, адрасаваных вузкім мэтавым аўдыторыям. Адметнасцю сёлетняга мінскага кніжнага форуму з’яўляецца тое, што шмат акцый у рамках яго адбудзецца не толькі ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, але і ў бібліятэках, кнігарнях, тэатрах, музеях, мастацкіх галерэях і іншых сацыяльна-культурных установах. З падрабязнай праграмай форуму можна азнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі www.mininform.gov.by. А наша газета яшчэ звернецца да тэмы XXVI ММКВК у наступных нумарах.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Раміля НАСІБУЛІНА, БелТА.