Знайсці сябе

- 13:02"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Сёння ў рамках нашага сумеснага — “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — праекта “АРТ-вакацыі“: галерэя творцаў” выпраўляемся ў Брэст, у Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, дзе найперш пазнаёмімся з Аленай Сашнянінай, кіраўніком тэатральнай студыі “Рампа”…

Стоп! Праз некалькі дзён 8 Сакавіка!

Мы едзем знаёміцца не проста з Аленай Сашнянінай, а з прыгожай, таленавітай, чароўнай жанчынай Аленай Анатольеўнай Сашнянінай. На “АРТ-вакацыях” 2017 года яе студыя ўзяла дыплом І ступені ў намінацыі “Вербацім (дакументальны тэатр)”, дыплом І ступені ў намінацыі “У палескай глушы” ў рэспубліканскім інтэрактыўным праекце “Рэцытацыя”, стала прызёрам у намінацыі “Настаўнік: праца, талент, прызванне” ў Рэспубліканскім конкурсе інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў “КРЭОН” і ў намінацыі “Пагодкі: лепшыя ў вучобе, спорце, прафесіі” (“КРЭОН”).

Гэта, калі хочаце, поўны трыумф!

Я прыехаў у Брэст.

“Алена Анатольеўна, давайце гутарыць?”

“Кажыце проста: Алена”.

“Без Анатольеўна?”

“Без”.

“Ну, добра, я — Мікола. Вы — Алена”.

А побач сядзела не менш прыгожая жанчына — намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Генадзьеўна Іўкавіч.

І вось у такім дзівосна-прыгожым жаночым царстве я проста ледзьве не разгубіўся паміж гэтымі дзвюма Аленамі, паміж гэтымі дзвюма яркімі жанчынамі. Кажуць, што, калі апынаешся паміж цёзкамі, трэба загадваць жаданне. Я не прыдумаў тады жадання. Ці то ў іх, ці то ў самога сябе ціха спытаў: “Я ў Брэсце?”

І гэтае маё пытанне — паміж дзвюма прыгожымі брэсцкімі жанчынамі — было як жаданне.

Жаданне Брэста.

Брэст

Я не рабіў бы такога адступлення, але Брэст вельмі дарагі для мяне горад. І я не магу, карыстаючыся выпадкам, не сказаць хоць некалькі слоў у оду гэтаму гораду.

…Мая маці — з вёскі Кавалікі пад Высокім, гарадком на самай мяжы з Польшчай, за 50 кіламетраў ад Брэста. Бавіў тут усё сваё дзяцінства. Малымі мы любілі ўзлезці на вязы, якія раслі каля самай хаты, і падслухоўваць усё тое, пра што шапталіся тады польскія пагранічнікі.

…Гэта горад, недалёка ад якога, у горадзе Бяроза, нарадзілася і вырасла мая жонка. І мы часта праводзім нашы адпачынкі разам з ёй: і ў Бярозе, і ў Брэсце. Сто разоў з ёй хадзілі па Брэсцкай крэпасці, сто разоў скрушна стаялі перад нашымі героямі, сто разоў хадзілі ў археалагічны музей… Сто разоў я кранаў за вопратку вечнасць, хацеў, але ніяк не мог яе апрануць.

…Гэта горад, дзякуючы якому зразумеў, дзе заканчваюся я і пачынаюся не я, дзе заканчваецца і пачынаецца мая Радзіма. Не трэба сцягаў, не трэба гербаў. Трэба проста Брэст… І ты ўпадзеш перад ім на калені.

…Гэта горад, які вельмі лёгка так называецца дзякуючы сваёй назве. Невыпадкова Брэст ёсць і ў Францыі. Але паспрабуйце вымавіць на адным уздыху назву хоць якой іншай абласной сталіцы — у вас не атрымаецца. Будзеце казаць: Магілёў, Віцебск, Гомель — і ўсё адно вы будзеце выдыхаць па складах любімыя назвы… А вось каб адразу “глытнуць” — і выбухнуць на ўсе грудзі! Брэст!

Плячо ў плячо

Па словах Алены Генадзьеўны Іўкавіч, толькі ў апошнія месяцы ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання былі праведзены тэатралізаваны канцэрт “Працаваць з будучыняй Зямлі табе даверана, настаўнік”, “Быць маці — няма вышэйшай узнагароды”, літаратурна-тэматычны вечар “Матчына сэрца”, гала-канцэрт “Калі ў чалавеку талент прачынаецца, яго мары ў рэальнасць увасабляюцца”, сюжэтна-конкурсная праграма “Міс восень — 2017”, агляд-конкурс плакатаў і малюнкаў “Небяспека — СНІД”, інфармацыйна-пазнавальная праграма “Небяспечныя сеткі шкодных звычак”, агляд конкурс агідбрыгад “У будучыню разам з прафесіяй”, дабрачынны кірмаш “Душа мая, Масленіца” і інш.

“Наша ўстанова адукацыі адкрылася толькі 30 гадоў назад, у 1987 годзе. Але нам ёсць чым ганарыцца, — сказала Алена Генадзьеўна. — Мы рыхтуем запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — мастака-мадэльера, тэхніка-тэхнолага, мадэльера-канструктара, бухгалтара. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі — швачку, краўца, закройшчыка, цырульніка, майстра па манікюры, радыёмеханіка па абслугоўванні і рамонце радыётэлевізійнай апаратуры. Нашы выпускнікі выходзяць са сцен каледжа высокакваліфікаванымі спецыялістамі, а яшчэ — творчымі, матываванымі людзьмі. Ім хочацца жыць, кахаць, працаваць, любіць жыццё і працу…”

“І ёсць у нашым каледжы людзі, якія робяць яго жыццё асабліва яркім, — дадала Алена Генадзьеўна. — Гэта кіраўнік тэатральнай студыі “Рампа” Алена Сашняніна, кіраўнік відэастудыі “Аб’ектыў” Ларыса Кавальчук і многія іншыя таленавітыя педагогі. Іх поспехі, безумоўна, былі б немагчымы без падтрымкі дырэктара каледжа Аляксандра Рыгоравіча Мацвейчыка. Мы працуем адной камандай. Плячо ў плячо”.

Алена Сашняніна

За час сваіх камандзіровак у рамках праекта “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў” бачыў розных людзей. Усе па-свойму былі яркія, іскрыстыя, таленавітыя… Але ў дачыненні да Алены Сашнянінай, кіраўніка тэатральнай студыі “Рампа” Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, у мяне адразу прыдумаліся два эпітэты: “лёгкая” і “ўзвышаная”. І лёгкая, і ўзвышаная ў тым, дзе, здавалася б, немагчыма быць лёгкай і ўзвышанай. Але ёй гэта ўдаецца. Ці лёгка? Наўрад ці.

На леташніх “АРТ-вакацыях” тэатральная студыя “Рампа” ў намінацыі “Вербатым (дакументальны спектакль)” прадставіла грандыёзную пастаноўку, у якой сродкамі doc.theatre ўвасобіліся ўсе самыя відавочныя кастастрофы ХХ стагоддзя: ядзерная вайна, касмічная пагроза, Чарнобыль, СНІД, чалавечае перанасяленне… Кіравала ўсім працэсам яна — Алена Сашняніна, карэнная брэстаўчанка, выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Цёткі і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, кіраўнік тэатральнай студыі “Рампа” Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.
Ёй і слова.

“Думала, што паступлю ў тэатралку, буду іграць недзе ў тэатры, але, калі прыйшла сюды, зразумела: “Вось дзе маё шчасце… Гэта дзеці”. Мяне так адразу гэта ўсё захапіла. Я тут жа забыла пра мары аб нейкай кар’еры актрысы, мне спадабалася працаваць менавіта з навучэнцамі…”

“Гэта двайное задавальненне — пісаць сцэнарыі, прыдумваць сюжэтныя хады і прадстаўляць сабе, як навучэнцы ўсё будуць іграць, чуць іх галасы, уяўляець іх міміку, інтанацыю і інш. Быць адначасова і сцэнарыстам, і рэжысёрам — гэта для мяне проста непераадольная асалода”.

“У маёй рабоце ёсць некалькі галоўных прынцыпаў. Першы — гэта індывідуальны падыход да навучэнца. Як мы наогул адбіраем навучэнцаў у калектыў? Спачатку проста ідзём па групах, гаворым ім, што ў нас ёсць такая тэатральная студыя “Рампа”, маўляў, хто хоча — прыходзьце. Гэта самы ненадзейны варыянт. Далей — правядзенне агляду-конкурсу. Такія мерапрыемствы традыцыйна праходзяць у каледжы: ты глядзіш, як навучэнец выступае на сцэне, і кіруючыся тым, як выступае, ужо адбіраеш яго, запрашаеш да сябе ў калектыў. Гэта наступны крок, ён больш надзейны. Апошнія 10 гадоў я кожную групу раблю адказнай за правядзенне таго ці іншага мерапрыемства. Зараз рыхтуемся святкаваць 8 Сакавіка. Навучэнцы ўжо самі шукаюць сцэнарыі, выбіраюць вядучых, акцёраў. … І тут яшчэ больш раскрываецца індывідуальнасць навучэнца”.

“У нашых тэатральных мерапрыемствах удзельнічае не менш за 50 працэнтаў навучэнцаў каледжа”.

“Канечне, мы найперш дзявочая каманда. Дзяўчынкі ўсе хочуць на сцэну, а хлопцы — не. Калі хлопчык гаворыць: “Я хачу на сцэну”, то ўжо можна апладзіраваць яму стоячы”.

“Да кожнага трэба падысці індывідуальна. Быў у мяне, напрыклад, хлопчык, які ціха-ціха гаварыў, амаль шаптаў, але спецыянальна для яго я падабрала асаблівую ролю ў ваеннай пастаноўцы — такога вельмі сціплага лейтэнанта, які баіцца жаночай увагі… І вось якраз там дэфекты маўлення былі нават вельмі дарэчы”.

“Другі прынцып у маёй рабоце — сутворчасць. Сутворчасць з маімі калегамі. Адна ўсё адно нічога б не зрабіла. Мне вельмі пашанцавала, што я працую ў гэтым каледжы і не адна ўсё гэта раблю. Так, з мяне — сцэнарый, з мяне — падбор навучэнцаў, рэпетыцыі і г.д. Але, напрыклад, што тычыццца касцюмаў, у гэтым мне вельмі дапамагае гурток, які займаецца сцэнічнымі касцюмамі, што тычыцца спеваў, вакальных уставак — вакальны гурток, што тычыцца нейкіх візуальных прэзентацый — наш гурток відэа і фота, што тычыцца прычосак — наша студыя прычосак і г.д. У выпадку дакументальнага спектакля адразу сабе ўявіла: тут будзе мала вясёлага — трэба апрануць нашых артыстаў ва ўсё чорнае са скуранымі ўстаўкамі… Шылі ўсё індывідуальна, пад кожнага…”

“Я люблю наступныя якасці ў навучэнцах: адказнасць, талент і ўяўленне. Прычым талент — сапраўды толькі на другім месцы. Бачыш іншым разам: чалавек таленавіты, але вось не прыйшоў, не вывучыў тэкст… Ну што, хіба мне з ім сварыцца? Навошта мне гэта трэба? А другі, менш таленавіты, прыйшоў, крышку мае праблемы з тэкстам, але я ведаю, што ён прыйдзе і заўтра на рэпетыцыю. З такім прасцей працаваць. Я ведаю, што вялікага акцёра з яго не зраблю. Але пад яго я зраблю сцэнарый. І яго выйгрышны бок я пакажу”.

“У мяне мара — выдаць зборнік сцэнарыяў правядзення Дня настаўніка. За кожным сцэнарыем у мяне стаіць ідэя. І гэтыя ідэі мне падкідвалі самі навучэнцы. Я наогул дзіўлюся, колькі ў іх гэтых ідэй! Памятаю, аднойчы нашы дзяўчынкі апрануліся ва ўсе знакі задыяка: вогненныя — у чырвонае, водныя — у сіняе, паветраныя — у белае, зямныя — у карычневае. І віншавалі так усіх сваіх выкладчыкаў! А было яшчэ ў нас дэтэктыўнае агенцтва “Шпаргалка”, шоу дамавічкоў з галоўнамі ролямі — дзяўчынкамі-“гузік”, “шпулька”, “капцюрок” і г.д.

“А мой трэці прынцып, якім кіруюся ў сваёй рабоце, — прынцып запатрабаванасці. Калі я набрала ў трупу чалавек 15 ці 20, я павінна даць ім ролю. Кожнаму раўназначную. Памятаю па сваім вопыце: калі я ў свой час вучылася, з нашай групы ў 20 чалавек на спектакль адабралі толькі 5. Я ўвайшла ў гэтую пяцёрку. Але я і сёння памятаю, як пакутвалі тыя астатнія 15, якія не ўвайшлі. Таму зараз я прытрымліваюся прынцыпу: ва ўсіх павінны быць свае ролі. І, калі хочаце, раўназначныя па аб’ёме тэксту”.

“Мне вельмі падабаецца, як навучэнцы жывуць тэатрам. Вось зараз ставім нумар. Ужо, здаецца, падабралі артыстаў… І ўжо на рэпетыцыях заўважаеш, як нехта некаму пачынае сімпатызаваць. Падышла да адной дзяўчынкі надоечы: “Можа, памяняць табе хлопчыка?” Дык яна ажно зайшлася: “Не, не, хай будзе толькі гэты!”

“За кожнага выхаванца перажываеш, быццам за роднае дзіця. І адчуваеш удзячнасць. Нават у нейкіх самых нечаканых сітуацыях. Еду надоечы ў маршрутцы. Было не прапіхнуцца. І раптам нейкі хлопчык ускоквае: “Сядайце!” І з такой любоўю на мяне глядзіць: “Алена Анатольеўна!”

“Ад моладзі ідзе каласальная энергія. Я прыйшла сюды працаваць у 20 гадоў, а не заўважлыла, як амаль столькі ж гадоў мінула. Але мне па-ранейшаму 20 гадоў! Памятаю, на досвітку сваёй прафесійнай кар’еры, глядзела на калегу, якая займалася з падобным калектывам у суседнім каледжы. “Божа, як цябе хапае на ўсё гэта, на 20 гадоў?” Ведаеце, з гадамі становіцца ўсё цікавей. І нават у рабоце з выхаванцамі знаходзіш усё больш шчырыя і шчырыя словы”.

“Мне часта ўспамінаецца стары савецкі фільм “У маёй смерці прашу вінаваціць Клаву К.”. Там была вельмі прыгожая дзяўчынка ў хоры, але не ўмела спяваць. Яе ставілі на першае месца (бо яна была вельмі прыгожая), каб тая толькі раскрывала рот, рабіла выгляд, нібы спявае. У яе быў вельмі закаханы хлопчык — з самага дзяцінства. Як верны паж, усё рабіў за ёй. А потым, у апошнім класе школы, яна закахалася ў іншага. А той нічога з сабой не мог зрабіць, пагражаў нават самазабойствам… І тады дзяўчына сказала яму: “Ты заўсёды дарыў мне сябе. А вось гэты хлопчык падарыў мне мяне”. Ведаеце, у чым справа? Ён націснуў ноткі на фартэпіяна: “Паўтары”. Высветлілася, што ў яе абсалютны слых. Атрымліваецца, ён падарыў ёй яе ж саму. Спадзяюся, што я таксама дару іх ім…”

“Тэатр для маіх навучэнцаў — гэта адлюстраванне іх жыцця і іх юнацкіх мар. Мае маладыя артысты знаходзяць тут сябе. Ствараючы яскравыя вобразы на сцэне, яны становяцца лепшымі і ў звычайным жыцці, напаўняюць яго святлом, прыгажосцю і сэнсам”.

Перадсвяточнае

У гутарцы Алена Сашняніна сказала, здаецца, залатыя словы: “падарыць мне мяне”, “знайсці сябе”.

Хутка, вельмі ўжо хутка настане 8 Сакавіка. І мы, мужчыны, цяпер бегаем, заклапочаныя: чым здзівіць, чым парадаваць, што падарыць нашым жанчынам?

Але, можа, не трэба ламаць галаву?

Разважаючы над тым, што больш за ўсё патрэбна ў жыцці нашым любым дачушкам, жонкам, матулям, бабулям, нашым жанчынам-калегам, жанчынам-настаўніцам, прыйшоў да думкі, што патрэбна вельмі мала. Або многа.

Дапамагчы ім знайсці сябе. Знайсці сябе ў шчасці, каханні, прафесійным прызванні.

Падарыць ім іх жа.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.