Знайсці ў жыцці самога сябе

- 9:20Адукацыйная прастора

Пра новыя формы і метады работы па папярэджанні канфліктных адносін і суіцыдальных дзеянняў сярод навучэнскай моладзі вялася размова на рэспубліканскім семінары-практыкуме для педагогаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Семінар праводзіўся ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі і быў арганізаваны цэнтрам навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА і Рэспубліканскім цэнтрам псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка. У ім прымала ўдзел А.В.Галаўнёва, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі. У семінары ўдзельнічалі больш за 500 чалавек. Сярод іх — спецыялісты абласных інстытутаў развіцця адукацыі, вучэбна-метадычных цэнтраў прафесійнай адукацыі, педагагічныя работнікі. Семінар праходзіў у рэжыме анлайн.

Ю.У.Емяльяненка і А.В.Галаўнёва.

Улічваючы асаблівасці кантынгенту навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі, у якой канфліктнасць у значнай меры абумоўлена асаблівасцямі падлеткавага ўзросту, ставіцца задача знаходзіць найбольш дзейсныя механізмы, скіраваныя на папярэджанне канфліктных сітуацый у адукацыйнай прасторы, процідзейнічаць узнікненню міжасобасных негатыўных праяўленняў, звязаных у тым ліку з навакольным асяроддзем, і тым самым звесці да мінімуму рызыкі ўзнікнення складаных сітуацый. Навучальная ўстанова павінна быць камфортным месцам для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У сваім выступленні А.В.Галаўнёва засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў семінара на тых актуальных пытаннях, якія скіраваны на папярэджанне канфліктаў і суіцыдальных намераў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Міністэрства адукацыі вядзе ў гэтым кірунку значную работу, якую пастаянна імкнецца ўдасканальваць і пашыраць. Галіновае міністэрства ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням прэвентыўных мер па папярэджанні канфліктных сітуацый у адукацыйным асяроддзі. Сістэма мер у гэтым напрамку ўключае работу як педагагічных работнікаў і навучэнцаў, так і іх бацькоў. З гэтай мэтай неабходна весці аналіз і маніторынг дзейнасці спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, а таксама ўмацоўваць узаемадзеянне з адпаведнымі структурамі. Ва ўстанове прафесійнай адукацыі неабходна стварыць умовы фун­кцыянавання бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, перш за ўсё за кошт ўвядзення і далейшага абавязковага выканання адпаведных правіл адносін паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, адзначыла А.В.Галаўнёва.

Мэтанакіравана працуюць у гэтым напрамку Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка, цэнтр навукова-метадычнага забес­пячэння выхаваўчай работы РІПА, іншыя структуры і непасрэдна навучальныя ўстановы. Пра эфектыўнасць гэтай работы сведчыць шэраг распрацаваных рэкамендацый, праведзеных мерапрыемстваў, назапашаны вопыт педагагічных калектываў.

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка вя­дзе актыўную практычную, адукацыйную і інфармацыйна-метадычную работу па папярэджанні канфліктных сітуацый у адукацыйным асяроддзі. У мінулым навучальным годзе была рэалізавана праграма “Работа псіхолага ўстановы адукацыі па аказанні дапамогі ў крызісных сітуацыях”. Вучыліся 5 груп агульнай колькасцю 125 чалавек. Сярод слухачоў праграмы былі спецыялісты з усіх рэгіёнаў краіны. Цэнтр і цяпер працягвае право­дзіць у рэжыме анлайн тэматычныя вэбінары для педагогаў-псіхолагаў. З мэтай узмацнення ролі педагагічнага работніка ў вырашэнні складаных і крызісных сітуацый спецыялісты цэнтра распрацавалі праграму і метадычныя рэкамендацыі, накіраваныя на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па пытаннях аказання прафесійнай дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу, калі ўзнікла канфліктная сітуацыя ў адукацыйным асяроддзі.

Начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка В.В.Мацюхова адзначыла, што сёння важна пры­маць прэвентыўныя меры пры ўзнікненні крызісных сітуацый, апераджаць па­дзеі і сфакусіраваць увагу педагагічнай грамадскасці на праблемах фарміравання адзінай стратэгіі прафілактыкі негатыўных з’яў і рэагавання на складаныя і крызісныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць у навучальнай установе.

— Неабходна выбудоўваць гэтую работу, арыентуючыся на сістэмны падыход, дзе задзейнічаны адміністрацыя навучальнай установы, выкладчыкі, куратары вучэбных груп, спецыялісты сацыяльнай, псіхолага-педагагічнай службы, бацькі (законныя прадстаўнікі), навучэнцы, — падкрэсліла В.В.Мацюхова. — Сіс­тэматычныя прафілактычныя мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, паспрыяюць своечасоваму папярэджанню рознагалоссяў, урэгуляванню між­асобасных канфліктаў паміж навучэнцамі, навучэнцамі і педагогамі, бацькамі і супрацоўнікамі ўстаноў адукацыі.

Важна звярнуць увагу на значэнне ролі і функцыянавання адміністрацыі ўстаноў адукацыі, дзейнасці выкладчыка-прадметніка, асабліва куратара вучэбнай групы, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Менавіта куратар мае найбольш цеснае і інтэнсіўнае ўзаемадзеянне з навучэнцамі і бацькамі. Ён знаходзіцца ў гушчыні зносін з падлеткамі, мае даверлівыя адносіны з імі і можа самым першым зафіксаваць знешнія змены, асаблівасці або адхіленні ў паводзінах сваіх выхаванцаў.

Аналізуючы выпадкі, на якія выяз­джалі спецыялісты цэнтра, і запыты, якія паступалі ад устаноў адукацыі, былі зроблены высновы аб неабходнасці распрацоўкі курса для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, які дапаможа павысіць прафесійныя кампетэнцыі педагогаў па пытаннях аказання дапамогі ў складаных і крызісных сітуацыях у адукацыйным асяроддзі. Па сутнасці, у большай частцы запыты кіраўніц­тва ўстаноў адукацыі, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, якія паступаюць у цэнтр, складаюць аснову фарміравання зместу павышэння кваліфікацыі педагагічнага складу па стварэнні камфортных умоў для навучання і выхавання нашай моладзі ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Неабходна, каб педагог доб­ра ведаў прыёмы педагагічнага і псіхалагічнага рэагавання ў складаных сітуацыях, якія ўзнікаюць у адукацыйным асяроддзі. Ён павінен быць азнаёмлены з дыягнастычным інструментарыем па выяўленні эмацыянальнага стану ­ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, узнікненні канфліктных і крызісных сітуацый. Навучальная ўстанова павінна арганізоўваць рэгулярныя мерапрыемствы па прафілактыцы і мінімізацыі наступстваў складаных педагагічных і крызісных сітуацый.

Як паведаміла начальнік інфармацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка К.М.Семяняка, кожную навучальную ўстанову варта разглядаць не толькі з пункту гледжання аб’екта адукацыйнай прасторы, але і як месца сталення нашых дзяцей, якія прыйшлі ў гэтую ўстанову вучыцца. Улічваючы тое, што ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вучацца ў асноўным падлеткі, то ўзнікненне канфліктаў у новым асяроддзі — з’ява цалкам апраўданая і характэрная для падлеткавых адносін. У гэтым узросце адбываецца фарміраванне жыццёвых арыенціраў, рыс характару, пошук уласнага “Я”. Гэтыя працэсы не аднамомантныя, а праходзяць працяглы тэрмін і часам спалучаны з канфліктамі сярод аднагодкаў. І тут важна, каб канфлікты вызначаліся і пераадольваліся, а не замоўчваліся і ўскладняліся. Для гэтага трэба ства­раць камфортнае адукацыйнае асяроддзе, якое б перашкаджала пранікненню негатыву і спрыяла паспяховаму развіццю кожнага навучэнца як на прафесійным, так і на асобасным узроўні.

На жаль, жыццё, акрамя канфліктаў, абумоўленых узроставымі асаблівасцямі навучэнцаў або сітуацыяй міжасобаснага ўзаемадзеяння, часам прыўносіць і сацыяльны ўплыў у падлеткавую камунікатыўную прастору, адзначыла К.М.Семяняка. Важна не дапускаць перанясення сацыяльных знешніх праяўленняў у адукацыйнае асяроддзе ўстановы адукацыі і больш інтэнсіўна засяроджваць увагу на вучэбным працэсе. Панізіць магчымую канф­ліктагеннасць сітуацый у адукацыйным асяроддзі дапаможа выкарыстанне фармальных і нефармальных правіл, якія рэгламентуюць адносіны ўстановы і якія будуць прыняты ўсімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу канкрэтнай навучальнай установы (адміністрацыя, педагагічны калектыў, навучэнцы і іх бацькі).

Загадчык кафедры псіхалогіі прафесійнай адукацыі факультэта павышэння кваліфікацыі і перапад­рыхтоўкі кадраў РІПА Т.М.Карповіч і кандыдат псіхалагічных навук дацэнт кафедры псіхалогіі прафесійнай адукацыі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў РІПА І.М.Паўлава прадставілі сучасныя метады і тэхнікі прафілактыкі суіцыдальных паводзін. Матывамі падлеткавага суіцыдальнага стану часцей за ўсё становяцца крыўда на баць­коў, равеснікаў, неразуменне з іх боку, адсутнасць побач тых, з кім хацелася б падзяліцца ўнутраным болем. Супрацоўнікі РІПА прапанавалі так званы тэматычны аперцэптыўны тэст, які належыць да псіхадыягнастычных методык. Мэтай іх з’яўляецца даследаванне ўнутраных канфліктаў чалавека, яго інстынктаў, інтарэсаў і матываў.

Тэматычны аперцэптыўны тэст складаецца з набору табліц з чорна-белымі фатаграфічнымі малюнкамі, па кожным з якіх тэсціруемы павінен скласці сюжэтныя аповеды на аснове намаляванай на кожнай табліцы сітуацыі. Такі метад дазваляе атрымаць вобразны адбітак унутранага стану падлетка, які затым дакладна аналізуецца.

Сацыяльны педагог Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, філіяла РІПА, Н.У.Кіхілевіч пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з аўтарскай імітацыйнай гульнёй “Жыццё за га­дзіну”. Па яе словах, мэтай гэтай гульні з’яўляецца прафілактыка негатыўных з’яў у жыцці падлеткаў праз пераасэнсаванне жыццёвых каштоўнасцей, фарміраванне і прымяненне жыццёвых навыкаў навучэнцаў — крытычнае мысленне, уменне сказаць “не”, сумленны выбар, прыняцце рашэнняў, фарміраванне маральных якасцей і светапогляду, імкненне да здаровага ладу жыцця, аналіз існуючых жыццёвых норм і правіл. У час гульні развіваюцца камунікатыўныя навыкі, навыкі самарэгуляцыі, стрэсавага кантролю, эмпатыі, рэфлексіі. Магчымасць праявіць сябе ў той ці іншай сітуацыі прадастаўляецца ўдзельнікам гульні ў імправізаваным горадзе і яго інфраструктуры. Удзельнікі гульні паказваюць сябе ў навучальнай установе, на прадпрыемстве, у медыцынскай установе, цэнтры здароўя, салоне прыгажосці, сацыяльным прытулку, магазіне і г.д. Каманда складаецца з адміністрацыі, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў, навучэнцаў і іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу. 

Пасля гульні падводзяцца вынікі, а навучэнцы дзеляцца сваімі ўражаннямі.

Аб тым, наколькі ім спадабалася гэтая гульня, сведчаць іх ухвальныя водгукі. Вось некаторыя з іх: гульня — гэта лепшы спосаб зразумець сябе, кожны дзень пражываць з карысцю, а не марна­ваць дарэмна час. Трэба жыць па правілах і жыццёвых прынцыпах і не думаць толькі пра сябе. Жыццё — гэта каштоўнасць, якой трэба даражыць.

Падводзячы вынікі семінара-практыкуму, Ю.У.Емяльяненка, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА, адзначыў праб­лемныя пытанні арганізацыі работы па папярэджанні канфліктных адносін і суіцыдальных дзеянняў ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.