Знакавая сустрэча

- 12:58Актуальна, На парадку дня

Удзельнікі сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 20 мая і была прысвечана 100­годдзю піянерскага руху, атрымалі памятныя фотаздымкі.

Палац Незалежнасці ў Мінску тады наведалі 50 піянераў з усёй краіны. На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы абмяркоўваліся актуальныя пытанні і перспектыўныя ідэі развіцця піянерскага руху ў Беларусі. У канцы мерапрыемства было зроблена агульнае фота на памяць.

Як расказала старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова, кіраўнік дзяржавы асабіста даў даручэнне, каб кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў памятную фатаграфію. Чатыром з іх Аляксандра Ганчарова ўручыла фатаграфіі ў сярэдняй школе № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна.

Навучэнец гімназіі № 5 Гродна Алан Байройцер, фіналіст конкурсу “Піянер года — 2022”, на ўсё жыццё запомніць сустрэчу з Прэзідэнтам:

— Уражанні самыя пазітыўныя, усё вельмі спадабалася. Не чакаў, што менавіта я буду ­ўдзельнікам такой знакавай сустрэчы. Кіраўнік дзяржавы вельмі цікава расказваў нам пра сваё жыццё, пра дзяцінства. Шмат карыснага мы даведаліся падчас сустрэчы. Пасля яе захацелася яшчэ больш працаваць над сабой, добра вучыцца і займацца грамадскай дзейнасцю. Я спяваю, іграю на саксафоне. Хачу падзякаваць сваім педагогам, усім, хто дапамагаў мне ў падрыхтоўцы да конкурсу “Піянер года”.

Падчас “Сустрэчы на ўсе 100!” кіраўніцтва Цэнтральнага савета БРПА, абласных арганізацый адказала на пытанні піянерскага актыву Гродна.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.