Знаць свае вытокі

- 21:23Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Задача сучаснай школы — дапамагчы навучэнцам знайсці сябе ў будучыні, выхаваць дзяцей самастойнымі і ўпэўненымі ў сабе асобамі, патрыётамі сваёй Радзімы. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў Следзюкоўскай базавай школы імя Д.Я.Аскаленкі Быхаўскага раёна.

Знайсці ў аграгарадку Следзюкі школу аказалася нескладана. Вялікі двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы горда ўзвышаецца над невялікімі сельс­кі­мі дамамі, што раскінуліся навокал. На тэрыторыі школы — велічны мема­рыял у памяць аб загінуўшых воінах-земляках.

Дырэктар Дзмітрый Далецкі сустракае ля школьнага ганка і праводзіць па ўстанове з невялікай экскурсіяй. Ужо з першых крокаў адчуваеш: у гэтай школе пануе прыемная ўтульна-хатняя атмасфера.

— Наша ўстанова невялікая. Цяпер у ёй вучыцца ўсяго 56 дзяцей. Гэта ра­зам з дашкольнікамі. У класах у сярэднім па 5 вучняў. Калектыў у нас таксама кампактны. Вучэбны працэс ажыццяўляюць 19 настаўнікаў. Школа маленькая, але дзеці нічым не абдзелены. Матэрыяльная база адпавядае ўсім патрабаванням, — паведамляе Дзмітрый Мікалаевіч.

У школе сапраўды створаны неабходныя ўмовы для якаснага навучання: сучасныя вучэбныя кабінеты і камп’ютарны клас, трэнажорная зала і спартыўныя пляцоўкі, актавая і асобная дысказала. Аднак, на думку кіраўніка, галоўны набытак — педагогі. Бо кожны з іх — прафесіянал, адданы сваёй справе.

— Прыярытэт у працы для настаўнікаў — асоба навучэнцаў. Для ўсіх вучняў яны распрацоўваюць індывідуальную адукацыйную траекторыю. Пры гэтым заўсёды імкнуцца знайсці моцныя бакі дзіцяці, убачыць тыя здольнасці, раскрыццё якіх дапаможа яму знайсці сябе і стаць паспяховым. Мы малакамплектная ўстанова. Гэта стварае пэўныя цяжкасці. Але ёсць і свае плюсы. Педагогі ведаюць, як і чым жыве кожны навучэнец. Яны падтрымліваюць пастаянны кантакт з бацькамі. Любыя праблемы вырашаем разам. Жывём адной вялікай сям’ёй. Нам неабыякавы лёс і будучыня вучняў, і яны гэта адчуваюць: школа для іх як другі дом, — адзначае Дзмітрый Далецкі.

Паводле яго слоў, сле­дзюкоўскія хлопчыкі і дзяў­чынкі з энтузіязмам бягуць у школу. Вучоба ім у ра­дасць, бо ўрокі праходзяць цікава і займальна. Педагогі рэгулярна павышаюць сваё майстэрства, выкарыстоўва­юць на занятках перадавыя адукацыйныя тэхналогіі. Як вынік — у навучэнцаў стабільная і дастаткова добрая паспяховасць. Яны вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, даследчых і творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах.

У цэнтры ўвагі ў сле­дзюкоўскай школе не толькі якасць навучання, але і выхаваўчая работа. Асаблівае значэнне тут надаюць духоўна-маральнаму і грама­дзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей.

— Мы перакананы, што навучэнцы павінны ве­даць свае карані і вытокі. Без гэтага немагчыма выха­ваць патрыётаў. Фарміраваць гэтыя веды імкнёмся праз практычную дзейнасць. Ва ўстанове ўжо больш за два дзесяцігоддзі функцыянуе фальклорны этнаграфічны музей. Ствараўся ён непасрэдна самімі вучнямі і педагогамі, — расказвае Дзмітрый Далецкі.

Сёння школьны музей — гэта адзіная маштабная экспазіцыя, стылізаваная пад старажытную беларускую хату. Усяго тут налічваецца больш за 300 экспанатаў: прадметы мэблі і побыту сялян, аўтэнтычнае нацыянальнае адзенне, ручнікі з арнаментам.

— Важна, што музей зроблены цалкам інтэрактыўным. Тут рэгулярна праходзяць заняткі ці тэматычныя мерапрыемствы. Навучэнцы прыходзяць сю­ды і проста па жаданні, каб азнаёміцца з жыццём сва­іх продкаў. Усе экспанаты можна браць у рукі, разглядаць. І гэта таксама значна, бо сучасныя дзеці часта не ведаюць, што сабой уяўляюць многія старажытныя прадметы. А ўзяўшы ў рукі лапці, ужо наглядна ба­чаць, што гэта і для чаго выкарыстоўвалася. Такім чынам вучні пранікаюцца беларускай культурай, традыцыямі і звычаямі нашага народа, — упэўнены Дзмітрый Мікалаевіч.

Дарэчы, экспазіцыя музея працягвае папаўняцца. Гэтым займаецца пошукавы атрад “Спадчыннікі”. Зараз у складзе атрада 13 хлопцаў і дзяўчат. Гэтыя ініцыятыўныя навучэнцы актыўна вывучаюць гісторыю, славутасці і асаблівасці роднага краю, біяграфіі выбітных землякоў. 

— Мы пастаянна ходзім у паходы і экспедыцыі, займаемся добраўпарадкаваннем памятных мемарыялаў з брацкімі пахаваннямі салдат Вялікай Айчыннай вайны, падтрымліваем сувязь і аказваем дапамогу ветэранам. Дзецям усё гэта вельмі цікава. А між тым значнасць такой дзейнасці ў выхаванні патрыя­тызму відавочная. Каб Беларусь заставалася свабоднай і незалежнай, моладзь павінна ведаць, хто мы, адкуль і чым можам ганарыцца, — лічыць педагог-арганізатар Вольга Волкава.

Аскаленка Дзмітрый Яфімавіч — ураджэнец вёскі Следзюкі Быхаўскага раёна, лётчык, Герой Савецкага Саюза. Камандзір звяна знішчальнай авіяцыі старшы лейтэнант Д.Я.Аскаленка адным з першых авалодаў тэхнікай начных палётаў. Асабліва вызначыўся пры абароне Ленінграда, у паветраных баях пад горадам збіў 14 варожых самалётаў. Акрамя Зоркі Героя, за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі ў дні Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі.

Захоўваюць памяць

Шанаваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны следзюкоўскіх дзяцей ву­чаць на рэгіянальным кампаненце. У ваенныя гады быхаўская зямля зведала мноства кровапралітных баёў і жахі генацыду, узрасціла нямала годных абаронцаў Айчыны. Імя аднаго з іх носіць школа.

— Дзмітрый Яфімавіч Аскаленка — Герой СССР, знакаміты лётчык. Адзін з першых асвоіў тактыку начнога бою, збіў шмат варожых самалётаў. Загінуў, мужна абараняючы Ленінград. Гэта чалавек-легенда, і мы неверагодна ганарымся, што ён нарадзіўся ў нашай вёсцы, калісьці таксама, як і мы, хадзіў сюды ў школу. Шануем памяць аб ім і іншых нашых земляках-героях, каб вайна больш ніколі не паўтарылася, — гаво­рыць вучаніца 8 класа Дар’я Тарчун.

Ва ўстанове створаны куток памяці Дзмітрыя Аскаленкі. Тут педагогі і навучэнцы прадставілі біяграфічныя звесткі пра героя, яго лісты з фронту, копіі ўзнагарод, успаміны сваякоў. Надоечы ва ўстанове стварылі памятны куток генацыду беларускага народа. Экспазіцыя ўяўляе сабой тэматычны стэнд, літаратуру і архіўныя матэрыялы.

— На Быхаўшчыне фашысты не раз палілі вёскі, знішчалі мірнае насель­ніцтва. Усе гэтыя зверствы не павінны быць забыты. Мы сабралі ўспаміны мірных жыхароў, сведкаў па­дзей генацыду. Навучэнцы часта тут збіраюцца, вывучаюць, абмяркоў­ваюць. Памятны куток выкарыстоўваем таксама для правядзення заняткаў факультатыву “Вялікая Айчынная вайна”. Гэта дапамагае дзецям даведацца, што ў ваеннае ліхалецце перажыў наш народ, — расказвае настаўнік гісторыі Адгур Будніцкі.

— Беларусь страціла ў Вялікай Айчыннай вайне кожнага трэцяга свайго грама­дзяніна. Нашы продкі кавалі перамогу цаной свайго ўласнага жыцця. Маладое пакаленне павінна гэта ведаць і памя­таць. Памятаць, якая ахвяра была аддадзена за тое, каб сёння яны жылі мірна, спакойна і шчасліва, — падкрэслівае Дзмітрый Далецкі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.