Знаёміліся з “аблокамі”

Фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на базе воблачных тэхналогій — адзін з асноўных напрамкаў Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі нашай краіны да 2020 года. Менавіта гэтаму пытанню быў прысвечаны Міжнародны семінар-трэнінг “Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 у рабоце кіраўніка ўстановы адукацыі. Стварэнне сеткавых супольнасцей удзельнікаў адукацыйнага працэсу”.

Семінар прайшоў на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Удзел у ім прынялі кіраўнікі ўстаноў сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з Калінінграда (Расійская Федэрацыя) і Кішынёва (Рэспубліка Малдова). Удзельнікі семінара сустрэліся з начальнікам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандрам Сонгіным і кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама.
Супрацоўнікі інстытута развіцця адукацыі падзяліліся вопытам кіравання працэсам інфарматызацыі адукацыі Гродзенскай вобласці з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў. На прыкладзе дзейнасці аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна і Шчучынскага райвыканкама было прадэманстравана, як можна выкарыстоўваць воблачныя тэхналогіі ў кіраўніцкай і метадычнай рабоце.
Удзельнікі семінара пабывалі ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны, у якіх вялікая ўвага ўдзяляецца інфарматызацыі адукацыі. Так, дырэктар Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна Ларыса Фяцісава расказала пра ўдзел у Рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад (1 вучань — 1 камп’ютар)”. Педагогі шчучынскай гімназіі пазнаёмілі ўдзельнікаў семінара са створанымі сеткавымі супольнасцямі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу раёна, а таксама з блогамі настаўнікаў-прадметнікаў.
Кіраўнікі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці, пераможцы розных этапаў Рэспубліканскага конкурсу “Кам’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” прадэманстравалі створаныя імі і супрацоўнікамі іх устаноў электронныя сродкі навучання.
Госці з Расіі і Малдовы пабывалі таксама ў сярэдняй школе № 38 і яслях-садзе № 101 Гродна.
На практычных занятках супрацоўнікі інстытута развіцця адукацыі Ганна Рыкава і Жанна Навуменка навучалі стварэнню апытальнікаў і тэстаў з дапамогай сэрвісаў Web 2.0, пазнаёмілі з методыкай захоўвання і апрацоўкі даных у “аблоках”.
Акрамя інфармацыйных тэхналогій, удзельнікі семінара пазнаёміліся з сістэмай грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі і мерапрыемствамі, прысвечанымі 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Святлана КАВАЛЕЎСКАЯ,
прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога ІРА.