Знаёмся. Вывучай. Выбірай 

- 13:33Абитуриент

Магчымасці, што дае прафесійная адукацыя, на мінулым тыдні абмяркоўвалі анлайн і афлайн, на маштабных прэзентацыйных пляцоўках і невялікіх анлайн-стрымах. Так праходзіла рэспубліканская акцыя “Твая прафесійная адукацыя”.

Акцыя напярэдадні ўступнай кампаніі 2022 года дазволіла ў розных фарматах раска­заць усім зацікаўленым аб тым, што дае прафесійная адукацыя, якія магчымасці адкрываюцца перад выпускнікамі каледжаў і ліцэяў, дзе можна вучыцца і працаваць пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Шэраг мерапрыемстваў праводзіўся ў фармаце анлайн на спецыяльнай платформе. Так, былі пад­рыхтаваны віртуальныя экскурсіі па каледжах і ліцэях краіны, ладзіліся анлайн-сустрэчы з маладымі спецыялістамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, прафарыентолагам. Удзельнікі акцыі ўбачылі станоўчыя прыклады выбару прафесіі і самарэалізацыі пасля атрымання прафесійнай адукацыі. Таксама ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі ладзіліся сустрэчы “Сучасная прастора навучання і самаразвіцця” і “Прафесійная адукацыя — старт у будучыню” з анлайн-стрымамі, на якіх абмяркоўваліся ўсе аспекты жыцця ў каледжы ці ліцэі: ад спорту да міжнародных конкурсаў, ад творчасці да магчымасцей заработку падчас навучання, ад практыкі да размеркавання.

Яшчэ адна магчымасць для ­ўдзельнікаў акцыі — прайсці праф­арыентацыйнае тэсціраванне на новай анлайн-платформе “Профітэст”. Комплекс анлайн-методык “Профітэст”, распрацаваны супрацоўнікамі РІПА, дапамагае ацаніць прафесійныя схільнасці і перавагі, вызначыць сферы дзейнасці, якія лепш за ўсё раскрываюць таленты і якія прапануе будучы прафесійна-адукацыйны маршрут. 

Галоўная сустрэча ўжывую адбылася ў рамках акцыі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі — тут была арганізавана маштабная прэзентацыйная пляцоўка ўстаноў прафесійнай адукацыі. Адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава звярнула ўвагу на тое, што Беларусь па праве можа ганарыцца дасягненнямі ў падрыхтоўцы прадстаўнікоў самых масавых і запатрабаваных прафесій, ад работы якіх у многім залежаць поспехі і прэстыж нашай краіны.

— Наша моладзь пачынае ра­зумець, што прафесійная адукацыя — гэта прэстыжна, цікава і перспектыўна. Штогод больш за трэць выпускнікоў школ пачынаюць свой шлях ва ўстановах прафесійнай адукацыі. І такі выбар — гэта гарантыя першага працоўнага месца, шырокія магчымасці для прафесійнага самаўдасканалення і асобаснага развіцця, для прафесійнай кар’еры, — адзначыла І.А.Старавойтава.   

На працягу двух дзён будучых абітурыентаў і іх бацькоў у Палацы дзяцей і моладзі чакалі інтэрактыўныя пляцоўкі. Тут былі прадстаўлены ўсе сталічныя ўстановы ПТА і ССА і можна было даведацца пра іх літаральна ўсё: якія прафесіі тут можна атрымаць і як ім будуць вучыць, якія ўмовы паступлення і дзе могуць працаўладкавацца выпускнікі. 

На шэрагу пляцовак можна было не проста даведацца аб прафесіі, але і паспрабаваць сябе ў ёй. Так, Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж прапанаваў ака­заць першую медыцынскую дапамогу манекену, які з дапамогай спецыяльных датчыкаў ацэньвае правільнасць дзеянняў. 

Узяцца за справу прапанаваў і Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 12 будаўніцтва. На пляцоўцы ліцэя можна было паў­дзельнічаць у майстар-класах па мантажы каркасна-абшыўных канструкцый і ўкладцы напольных пакрыццяў. 

— Мы даём магчымасць гасцям сабраць невялікую перагародку або сістэму для столі, а таксама пашліфаваць участак паркету, выразаць пэўныя драўляныя элементы, закруціць самарэзы. Канечне, цудоўна, калі ў чалавека ёсць магчы­масць не толькі па­чуць пра прафесію, але і непасрэдна паспрабаваць сябе ў ёй. Так, напрыклад, не заўсёды зразумела дзецям і іх бацькам, што за спецыяльнасць “Мантажнік каркасна-абшыўных канструкцый сухога будаўніцтва”. А сёння такія спецыялісты вельмі запатрабаваны. Тут, на пляцоўцы, госці робяць невялікі кавалак работы такога спецыяліста і ўсё становіцца зразумелым, — расказвае майстар вытворчага навучання ліцэя Аляксандр Юдчыц. 

Наша моладзь пачынае разумець, што прафесійная адукацыя — гэта прэстыжна, цікава і перспектыўна.

Прэзентацыі ўстаноў пераконвалі, што сёння каледжы і ліцэі бяруць на ўзбраенне самыя сучасныя тэхналогіі для навучання. Так, напрыклад, Індустрыяльна-педагагічны каледж (філіял РІПА) прапанаваў надзець VR-акуляры і прагуляцца па жылым комплексе “Маладзёжны”, зайсці ў віртуальныя дамы. Такія 3D-мадэлі ствараюць навучэнцы каледжа, якія атрымліваюць спецыяль­насць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Для гэтага яны асвойваюць спецыяльныя інжынерныя праграмы. У такіх мадэлях можна ўказаць усё аб будучым аб’екце — якія яго памеры і характарыстыкі, з якіх матэрыялаў ён зроблены і нават дзе і па якой цане гэтыя матэрыялы можна купіць. 

Цудоўная рэклама любой установы — дасягненні яе навучэнцаў, таму яны былі шырока прадстаўлены на мерапрыемстве. Так, Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж (філіял БНТУ) прадэманстраваў праекты, якія навучэнцы стварылі ў якасці практычнай часткі сваіх дыпломных работ. Гэта, напрыклад, сігналізацыйны стэнд, макет КАМАЗа з парктронікам, дзеючая мадэль пад’ёмнага крана. У каледжы пры навучанні эфектыўна развіваюць канструктарскае мысленне, дзякуючы гэтаму навучэнцы штогод паспяхова ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах. Так, не раз яны паспяхова выступалі на Сусветных інжынерных гульнях. Усяго каледж прапануе выпускнікам 9 і 11 класаў 9 спецыяльнасцей. Па шэрагу з іх можна прадоўжыць навучанне ў БНТУ па скарочанай праграме навучання. 

Установы рабілі ўсё магчымае, каб зацікавіць будучых абітурыентаў. У ход ішлі гульні, конкурсы, віктарыны. Так, напрыклад, Мінскі фінансава-эканамічны каледж (філіял БДЭУ) заклікаў лозунгам “Прайдзі квіз! Атрымай прыз! Выберы МФЭК!”. Нескладаны эканамічны квіз правяраў узровень эканамічных ведаў наведвальнікаў пляцоўкі, а навучэнцы кале­джа тым часам расказвалі аб установе. Дарэчы, каледж у гэтым годзе ўпершыню запрашае выпускнікоў 9 класаў і прапануе ім 4 спецыяльнасці. 

Весела правесці час можна было і на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання. Тут прапанавалі мноства розных гульняў — і ўсе яны драўляныя і зроблены рукамі навучэнцаў. Такімі майстрамі яны за кароткі час становяцца ў ліцэі — тут мноства прасторы для прафесійнага станаўлення і творчасці. 

Адзначым, што на пляцоўках каледжаў і ліцэяў гасцей сустракалі ў першую чаргу навучэнцы ўстаноў, каб школьнікі маглі ў нефармальных зносінах з практычна сваімі аднагодкамі запытацца пра ўсё, што ім сапраўды цікава. А іх баць­кі, гледзячы на тое, якіх цудоўных маладых майстроў выхавалі ўстановы прафадукацыі, пераконваюцца, што адда­юць сваіх дзяцей у надзейныя рукі. 

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.