Знаёмцеся: новая школьная форма

У савецкія часы ў беларускіх навучэнцаў быў не надта вялікі выбар школьнага адзення. Яно была адзіным для ўсіх, калегіяльна зацвярджалася рознымі міністэрствамі і ведамствамі краіны.
Як відаць з газетнага матэрыялу тых гадоў, пры распрацоўцы школьнай формы ўлічваліся санітарна-гігіенічныя патрабаванні, псіхалагічныя аспекты, павевы моды. Школьнікі 60-х гадоў насілі спецыяльна падабраныя камплекты адзення. Канструктары ўлічвалі ўзроставыя асаблівасці дзяцей: форма для вучняў малодшых класаў і старшакласнікаў значна адрознівалася. Пры пашыве выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны, а крой адзення імкнуліся зрабіць максімальна свабодным і лёгкім. Такім чынам, тагачасная школьная форма адпавядала ўсім стандартам. А што ж наконт сучаснага адзення для школьнікаў?
У прынцыпе, патрабаванні да яго мала змяніліся. Як і раней, адзенне павінна быць афіцыйнага дзелавога стылю, адпавядаць санітарна-гігіенічным нормам, быць камфортным. Арганізацыі швейнай галіны ўсе гэтыя патрабаванні цалкам выконваюць. Пры вытворчасці адзення для школьнікаў на фабрыках арыентуюцца на навейшыя тэхналагічныя распрацоўкі. Калекцыі ствараюцца з улікам розных інавацый, папулярных трэндаў і кірункаў сусветнай моды, з выкарыстаннем якасных па складзе тканін.
Для дзяўчынак сёння мадэльны шэраг калекцый прадстаўлены касцюмамі, камплектамі, сарафанамі, сукенкамі, спадніцамі, штанамі, жакетамi, камізэлькамі ў розным спалучэнні, якія дапаўняюцца дзелавымі блузамі. Для хлопчыкаў швейная індустрыя прадугледзела не менш шырокі выбар адзення: касцюмы, пінжакі, камплекты, камізэлькі, штаны, а ў дадатак да іх кашулі з натуральных тканін, джэмперы і разнастайныя гальштукі.Колеравая гама сучаснага школьнага адзення таксама вытрымана ў дзелавым стылі. Яна прадстаўлена класічнымі адценнямі: цёмна-сінім, шэрым, чорным. Для тых, хто любіць разнастайнасць, фабрыкі прапаноўваюць вопратку больш яркіх колераў. Напрыклад, бардовага. Менавіта ў гэтым колеры, ды яшчэ і ў спалучэнні з клеткай, выканана адна з новых калекцый ААТ “Славянка”.
Увогуле, на гэтай швейнай фабрыцы, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў адзення для дзяцей школьнага ўзросту ў краіне, імкнуцца ўлічваць пажаданні ўсіх сваіх юных пакупнікоў. Для таго каб лепш вывучыць спажывецкі попыт, дызайнеры фабрыкі прыходзяць ва ўстановы адукацыі, дзе праводзяць спецыяльнае анкетаванне, просяць дзяцей намаляваць ідэальную вопратку для школы. Усе гэтыя даныя выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых калекцый. Дарэчы, яны на фабрыцы абнаўляюцца штогод.
Сёлета “Славянка” прапаноўвае школьнікам сем асноўных калекцый, у кожнай з якой ёсць свая іскрынка. Усе мадэлі розныя, маюць пэўнае аздабленне. Ёсць камплекты, якія адпавядаюць сучасным модным трэндам, а ёсць рэтрамадэлі, выкананыя ў лепшых традыцыях савецкай школьнай формы. У дзяўчынак гэта сукенкі з карункавымі белымі і чорнымі фартухамі. У хлопчыкаў — строгія касцюмы.
Прапаноўваюць на “Славянцы” і мадэлі-трансформеры. Такое адзенне забяспечана эластычнымі стужкамі, дадатковымі гузікамі, што дазваляе павялічыць аб’ём таліі або даўжыню вопраткі, калі дзіця ў сярэдзіне навучальнага года нечакана падрасло. Прысутнічаюць у адзенні і інавацыі. Ноу-хау прадстаўлены спецыяльнымі кішэнямі для мабільных тэлефонаў, якія абараняюць дзіцячы арганізм ад шкоднага выпраменьвання, а таксама тэрмометрамі, якімі забяспечаны асобныя касцюмы для хлопчыкаў.
Такім чынам, сучаснае школьнае адзенне стыльнае, якаснае, камфортнае. Толькі вось адзінай формы ў сённяшніх вучняў няма. Але, магчыма, у хуткім часе яна зноў з’явіцца. У гэтым навучальным годзе ў асобных класах шасці агульнаадукацыйных устаноў стартуе пілотны праект “Школа будучыні”. Яго сутнасць у тым, што вучні выбраных класаў будуць насіць адзіную форму адзення. Выбіралі форму дзеці самі, сумесна з бацькамі. У выпадку паспяховасці гэтага праекта яго межы паступова будуць пашырацца за кошт павелічэння колькасці ўстаноў, што будуць прымаць у ім удзел.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.