Няма сумненняў, што ў сталіцы сотні нязведаных месцаў, якія дзіця проста не паспявае ўбачыць, седзячы 24/7 у гаджэтах. Выправіць гэтую сітуацыю дапамагае спартыўнаадукацыйны праект “ВЕЛАквест”.
На базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” адбылося ўрачыстае адкрыццё V сезона спартыўна-адукацыйнага праекта “Велаквест”. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках Года гістарычнай памяці, таму яго тэма — “Гісторыя. Памяць. Асоба”.
Юная актывістка і навучэнка сталічнай гімназіі № 74 Настасся Свічко ўдзельнічае ў велаквесце другі раз і з задавальненнем адзначае, што ў гэтым годзе праграма яшчэ больш насычаная і кіламетраў трэба праехаць яшчэ больш.
— Многія дзеці сапраўды не ведаюць, чым заняцца на канікулах: вольнага часу шмат, а забаў мала. Таму велаквест — выдатны варыянт, каб заняць свой дзень і паглядзець на Мінск з іншага боку, — кажа дзяўчынка.
У гэтым сезоне ўдзельнікаў чакаюць экскурсіі па знакавых месцах сталіцы, знаёмства з гісторыяй краіны і ўрачыстае закрыццё з барбекю на прыродзе. Па выніках гэтых пяці дзён будзе створана дакументальная кінастужка “Па маршрутах Беларусі”, якую дзеці прадставяць на свяце-ўзнагароджанні 15 ліпеня.
— Гэты праект ужо 5 гадоў вучыць дзяцей таму, што час можна праводзіць цікава і з карысцю. Велаквест дапамагае дзецям аздараўляцца, асвойваць культурныя і духоўныя каштоўнасці нашага народа. Яны далучаюцца да спорту і актыўнага ладу жыцця, знаёмяцца з цікавымі людзьмі і, галоўнае, знаходзяцца ў спрыяльнай абстаноўцы без негатыўнага ўплыву, — падагульніла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дзяцей і моладзі Алена Іванаўна Грыцэнка.
Са складанасцей у арганізацыі праекта: не ва ўсіх ёсць веласіпеды. Але супрацоўнікі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” робяць усё для таго, каб гэты фактар не перашкаджаў дзецям далучыцца да іх ініцыятывы. Галоўнае — шчаслівыя ўсмешкі на тварах хлопчыкаў і дзяўчынак. І гэты праект паспяхова спраўляецца са сваёй задачай.
Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота аўтара.