Знешняя палітыка: толькі шматвектарная!

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае курс на шматвектарнасць у развіцці супрацоўніцтва краіны з замежнымі партнёрамі. Аб гэтым ён заявіў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА.

“Я заўсёды і ўсюды, і мяне ў гэтым цяжка папракнуць, гаварыў і гавару, што мы прытрымліваемся ў знешняй палітыцы шматвектарнасці. Не я ж пасяліў беларусаў на гэтым кавалачку зямлі. Гасподзь нас тут пасяліў. Куды нам дзявацца? Нас нідзе не чакаюць. Іншай зямлі нам ніхто не дасць. У рабы мы не пойдзем (мы пахадзілі ўжо, як я гавару, пад бізуном). Гэта наш кавалак зямлі. І ён у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, зразумела, што за гэты кавалак зямлі сёння часам ідзе нябачная барацьба. “Усе хочуць уплываць. Але мой характар і мяне вы ўжо даўно ведаеце. Я не прымаю, калі пачынаюць празмерна ўплываць на шкоду нашаму народу. Гэта недапушчальна. Вось гэта галоўнае — шматвектарная палітыка. Мы павінны глядзець і на Усход, і на Захад. Дарэчы, Расіі нас няма чым папракнуць. У іх нават арол двухгаловы — ён і туды, і туды глядзіць. І нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў транзітнае значэнне Беларусі і той факт, што для Расіі яна, можна сказаць, адзіная добрасуседская краіна, праз якую ажыццяўляюцца кантакты з краінамі Захаду. Акрамя таго, Беларусь знаходзіцца на гандлёвым шляху паміж Кітаем і Заходняй Еўропай. “Павялічыўся грузапаток па чыгунцы, аўтадарогах, і перш за ўсё за кошт КНР. Для нас добра. Яны вязуць туды тавар, кантэйнеры адтуль вяртаюцца, мы грузім свой тавар. І так дыверсіфікуем рынкі. Сі Цзіньпін (дзякуй яму, вельмі вялікі сябар нашага народа), кіраўніцтва Кітая адкрылі нам свае рынкі. Вось яна — каштоўнасць гэтага кавалачка зямлі”, — растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў розныя канспіралагічныя домыслы наконт прыезду ў Беларусь саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, а таксама сваё рашэнне не еха ць у Польшчу на мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны.

“Болтан прыехаў. А чаму ён не мог прыехаць? Ён што, прыехаў у Беларусь перш за ўсё? Ды не, ён пабываў ужо і ў Сочы, і ў Маскве, і з маім сябрам, калегам Пуціным абдымаўся. Мы ж спакойна гэта ўспрымалі. Прыехаў і прыехаў. Трэба размаў­ляць. А тым больш нам — краіна, якая была столькі пад санкцыямі, яны нас нахілялі і ўлева, і ўправа. І самі прыехалі, прапанавалі сустрэцца. Думаю, правільна, мы павінны з імі наладжваць адносіны. Гэта ж імперыя. Самая моцная краіна”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што і Расія імкнецца ўстанавіць нармальныя адносіны з ЗША. “А чаму мы не павінны гэтага рабіць? І ніякіх тут рухаў на Захад, на Усход. Глядзець будзем і туды, і туды, і шукаць там, дзе выгадна. Гэтак жа, як любая дзяржава вядзе палітыку, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Па вялікім рахунку, мяне ж кіраўніцтва Расіі ў гэтым не папракае. Гэта канспіралогія вакол так званых палітолагаў, сацыёлагаў, журналістаў асобных прыкормленых. Вось яны і пачынаюць там “бамбіць” з усіх бакоў. Зразумела, нехта заказвае. Я ведаю, хто”, — сказаў прэзідэнт.

“Супакоімся, пена сыдзе, трэскі гэтыя лёгкія ветрам знясе. А мы як жылі з расіянамі, так і будзем жыць. Нягледзячы нават на тую палітыку па вуглевадародах, тармажэнні нашых прадуктаў харчавання. Для чаго мы туды ідзём і пастаўляем тавар — каб грошы ў іх зарабіць і заплаціць за нафту і газ. Усё вельмі проста. І ні ў якім разе не трэба думаць, што тут нейкая глыбіня антырасійская або анты­заходняя”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца паездкі ў Польшчу 1 верасня, Аляксандр Лукашэн ка адзна­чыў, што ён быў не супраць самога факта правесці памятныя мерапрыемствы ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. Аналагічна таму, як і ў Брэсце заўсёды прахо­дзіць жалобная цырымонія ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. “Але мы яе не ўзносім да нейкіх палітычных нябёс. Гэтага не трэба рабіць. Я супраць палітызацыі гэтай па­дзеі, — сказаў ён. — Нашы людзі былі 1 верасня там. Так, прэзідэнт туды не паехаў. Ды не я адзін не паехаў. І гэта не выпад супраць Захаду. Мы вельмі добра ставімся да польскага народа і будзем да яго так ставіцца. Таму што з гэтага, заходняга боку, як рускія, так і палякі тут у нас. Мы ў адной дзяржаве некалі жылі. У нас шмат палякаў жыве. Чаму мы павінны з імі сварыцца. Так, яны право­дзяць часам тую палітыку, якая не падабаецца. Вы ведаеце маю рэакцыю на гэта. Я ім адкрыта гавару: глядзіце, мы адкажам”.

“Гэтак жа, калі пачалі гэтыя ракеты размяшчаць розныя. Мы адказалі — стварылі свой комплекс “Паланэз”. Яны заплакалі, што мы іх там нацэлілі… Я гавару: прымайце свае ракеты. Праўда, я даў каманду — на склад палажылі свае ракеты. Думаю, адказ будзе такім жа. Мы не хочам ні з кім ваяваць. Але мы не дазволім больш з нас здзекавацца. Нікому. Ні магутным дзяржавам, ні больш слабым”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэн­ка.

Каменціруючы той факт, што на памятныя мерапрыемствы ў Польшчы не запрасілі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта справа палякаў, ды і сам расійскі лідар, хутчэй за ўсё, не асабліва імкнуўся туды па­ехаць. “Я вельмі добра ведаю Пуціна. Ён асабліва і не рваўся туды ехаць. У нас ёсць святы, дзе мы шануем памяць загінуўшых. Ну, не запрасілі… Напэўна, не фармат. Камусьці, можа, не падабаецца. Але мне не падабаецца, што не запрасілі Прэзідэнта Расіі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ваявалі разам, і перш за ўсё беларусы, рускія. Уклад асноўны ў перамогу ўнеслі менавіта рускія людзі”.

“Не трэба палітызаваць гэтыя пытанні. Яшчэ невядома, дзе мы апынёмся праз дзясятак-другі гадоў. Таму адно аднаго даймаць гэтымі праблемамі не трэба. І ў той жа час, яшчэ раз падкрэсліваю, мы ж не былі супраць. Нашы людзі там (у Польшчы. — Заўв. БелТА.) прысутнічалі на цырымоніі, наш пасол, дыпламаты былі. Не бачу тут ніякіх антызаходніх выпадаў”, — сказаў беларускі лідар.