Зніжаем разумовую стомленасць праз дынамічныя паўзы

- 14:41Адукацыйная прастора

Пытанням здароўезберажэння сучасная школа ўдзяляе вялікую ўвагу. Вучэбны дзень школьніка насычаны значнымі разумовымі і эмацыянальнымі нагрузкамі, што цягне за сабой працяглае сядзенне за партай і адсутнасць часу для актыўнага адпачынку. Акрамя таго, сучасныя школьнікі шмат часу праводзяць перад маніторам камп’ютара, з мабільнымі тэлефонамі і іншымі гаджэтамі, ігнаруючы рухавыя гульні і прагулкі.

У даследаваннях апошніх гадоў адзначаецца, што рухальная актыўнасць у школьнікаў на працягу навучальнага года ніжэйшая за біялагічную норму. Зыходзячы з гэтага, асноўнай прыярытэтнай задачай школы павінна быць захаванне і ўмацаванне здароўя школьнікаў.

Кожнаму настаўніку неабходна на сваіх уроках дазіраваць дзейнасць так, каб разумовая стомле­насць, якая ўзнікла, цалкам знікала падчас адпачынку пасля работы. Калі гэтага не адбываецца, стомленасць назапашваецца і пераходзіць у ператамленне ці набывае характар хранічнай.

Знізіць стомленасць дзяцей можна, аптымізаваўшы фізічную, разумовую і эмацыянальную актыўнасць. Для гэтага неабходна выкарыстоўваць разнастайныя сродкі аднаўлення працаздольнасці на ўроках. У значнай ступені гэтаму садзейнічаюць дынамічныя паўзы ў выглядзе фізкультхвілінак і рухавых гульняў, якія праводзяцца на ўроках.

У сваёй рабоце я прымяняю розныя сродкі рэлаксацыі, якія, вядома, залежаць ад узроставых асаблівасцей і відаў дзейнасці на ўроку. Яны не толькі падабаюцца навучэнцам, але і даюць магчы­масць чаргаваць работу і адпачынак, павышаюць якасць урока, садзейнічаюць зніжэнню стомленасці і трываламу засваенню вучэбнага матэрыялу.

Я працую настаўніцай нямецкай мовы, а гэта значыць, што мае падапечныя — гэта і пачатковае, і сярэдняе, і старшае звяно. У малодшай школе асабліва важна праводзіць як рухавыя фізкультхвілінкі, так і зарадку для вачэй, бо канцэнтрацыя ўвагі на матэрыяле ў іх яшчэ невялікая, а стомленасць настае хутчэй, чым у старшакласнікаў. Рацыянальна выкарыстоў­ваць пальчыкавыя практыкаванні, якія садзейні­чаюць не толькі развіццю дробнай маторыкі, але і замацаванню лексічнага матэрыялу.

Напрыклад, Meine Familie (вялікі пальчык кожнай рукі датыкаецца некалькі разоў да ўказальнага, потым да сярэдняга, безыменнага і мезенца, суправаджаючы граматычную рыфмоўку):

Meine Mutti, guten Tag!

Meine Oma, guten Tag!

Mein Vati, guten Tag!

Mein Opa, guten Tag!

Ti-ta-tag, tita-tita-ta Guten Tag!

Практыкаванне Lustige Zahlen — дзеці па чарзе згінаюць пальчыкі і лічаць па-нямецку ад 1 да 10, потым на лік 11—12 раскрываюць далоні.

Рухавыя фізкультхвілінкі могуць быць рознымі, але я звычайна праводжу іх толькі ў 3—5 класах.

Wir sind brave Kameraden

Turnen gern und wollen sagen:

“Macht Gymnastik jeden Tag —

Werdet ihr gesund und stark!”

Eins, zwei, drei, vier — alle, alle turnen wir!

Eins, zwei, drei, vier — alle, alle schwimmen wir!

Eins, zwei, drei, vier — alle, alle laufen wir!

Eins, zwei, drei, vier — alle, alle springen wir!

Усе гэтыя фізкультхвілінкі разлічаны на выкананне пэўных рухаў, аб якіх гаворыцца ў рыфмоўках. Спачатку іх выконвае настаўнік разам з дзецьмі, а потым дзеці выконваюць іх самастойна пад кіраўніцтвам дзяжурнага.

Практыкаванне Mein Hut, der hat drei Ecken развівае ў дзяцей увагу. Усе разам яны спяваюць хорам ці прамаўляюць словы вядомай нямецкай песенькі:

Mein Hut, der hat drei Ecken,

drei Ecken hat mein Hut,

Und hätt er nicht drei Ecken

So wär er nicht mein Hut.

Пры паўторным выкананні слова Hut замяняецца жэстам: лёгкі дотык рукой да галавы, потым замяняюцца два словы: Hut, mein (дзеці паказваюць рукой на сябе), слова drei (паказваюць тры пальцы), а замест слова Ecken паказваюць рукамі востры вугал — “трохвугольны каўпак”.

Падобных песенек і вершаў можна знайсці шмат, таму што такія зарадкі вельмі эфектыўныя ў плане рэлаксацыі і прадукцыйныя падчас засвойвання нейкіх моўных клішэ, лексікі і інтанацыі ў нямецкіх сказах.

У 5 класе, пасля вывучэння тэмы “Загадны лад”, я люблю наладжваць фізкультхвілінку Roboter (“Робаты”). Даю дзецям устаноўкі, якія яны павінны выканаць хутка і дакладна. Такім чынам, мы не толькі рухаемся, але і паўтараем граматыку. Напрыклад, Marschiert! Setzt euch! Steht auf! Malt! Singt! і г.д.

На ўроках часта праводжу і такія фізкультхвілінкі: называю словы па пройдзенай тэме, напрыклад, “Адзен­не”, і дадаю словы, якія не тычацца гэтай тэмы. Навучэнцы павінны ўстаць, калі настаўнік назваў слова па тэме. Той, хто памыляецца, выбывае з гульні.

Таксама праводжу рухавыя размінкі, выкарыстоўваючы мяч. Яны дазваляюць не толькі размяцца на ўроку, але і паўтарыць неабходную лексіку: дзеці перакідваюць адно аднаму мяч, называючы зада­дзенае настаўнікам слова або правільны азначальны і неазначальны артыклі ці замяняючы назоўнікі асабовымі займеннікамі.

Калі дзеці зусім стаміліся, то можна правесці зарадку Ein kleiner Hase. Дзеці разам з настаўнікам трымаюцца за рукі, утвараючы кола, унутры якога сядзіць “зайчык” (гэта можа быць дзяжурны або любы жадаючы). Дзеці хо­дзяць карагодам, увесь час паскараючы рух і паўтараючы: Ein kleiner Häschen sass und schlief, armes Häschen bist du krank, wenn du nicht mehr hüpfen kannst. Häschen — hüpf! На гэтых словах “зайчык” прачынаецца і даганяе каго-небудзь, і той становіцца “зайчыкам”.

Існуе цэлы шэраг простых практыкаванняў, якія мэтазгодна праводзіць у сярэднім і старшым звяне. Так, пасля працяглага зрокавага напружання вельмі добрае, напрыклад, наступнае практыкаванне. У руцэ перад вачыма трымаем аловак ці ручку (блізкі аб’ект). У якасці аддаленага аб’екта можа с­таць настаўнік. На працягу адной хвіліны па камандзе настаўніка (Seht bitte auf mich, jetzt — auf den Kugelschreiber) дзеці хутка пераводзяць позірк з блізкага аб’екта на аддалены.Гэтае практыкаванне садзейнічае паляпшэнню функцыянальнага стану зроку, вельмі спрыяльна дзейнічае на вочы пры блізарукасці слабай ступені. Устаноўкі можа пада­ваць на замежнай мове спачатку настаўнік, а ў далейшым дзяжурны.

Можна дадаць і такое практыкаванне для вачэй. Дзеці выконваюць наступныя рухі вачыма: спачатку ўверх, уніз, потым — направа, налева, зрабіць круг вачыма ў адзін бок, потым у другі. Вельмі важна, каб усе ўстаноўкі падаваліся на нямецкай мове.

Расслабіць мышцы шыі дапаможа практыкаванне Neugierige Barbara. Дзеці паварочваюць галаву направа, стараючыся зрабіць гэта так, каб убачыць як мага далей: Schaut nach rechts und zurück. Потым вяртаюцца ў зыходнае становішча. Зноў паварот галавы, але ўжо ў другі бок. Удых — паўза. Выдых — паўза.

Вельмі любімае дзецьмі вясёлае, але даволі складанае практыкаванне Ohr — Nase: левай рукой дзеці бяруцца за кончык носа, а правай — за левае вуха. Адначасова адпускаюць вуха і нос, пляскаюць у далоні і мяняюць становішча рук. Акрамя зняцця стомленасці, гэтае практыкаванне дапаможа паўтарыць лічэбнікі. Напрыклад, можна лічыць хорам услых да таго часу, пакуль у групе (пры павелічэнні тэмпу выканання задання) не застанецца адзін самы лепшы ў выкананні гэтага практыкавання вучань.

Практыкаванне Stille дапамагае развіваць уменне навучэнцаў слухаць. З заплюшчанымі вачыма яны прыслухоўваюцца да гукаў на вуліцы, потым у класе, у калідоры. Навучэнцы часта асацыіруюць гэтае практыкаванне з гульнёй у маўчанку. Для настаўніка і дзяцей з’яўляецца хвілінка лёгкага адпачынку, якая іншы раз бывае вельмі неабходнай. Значэнне слова Stille настаўнік тлумачыць пры дапамозе жэста “палец на губы”. Для парушальнікаў цішыні можна загадзя абгаварыць форму “пакарання”. Strafe — вывучыць больш слоў ці зрабіць дадатковае практыкаванне.

Пры правядзенні фізкультхвілінак важна ўліч­ваць і від дзейнасці на ўроку. Калі пераважнае чытанне, то падыходзяць зарадкі для вачэй, аб якіх гаворка ішла вышэй. Калі пераважны від дзейнасці на ўроку — пісьмо, дарэчы будзе практыкаванне “Часткі цела” (Körperteile). Для яго выканання навучэнцам неабходна ўстаць з-за парт, павярнуцца тварам адно да аднаго і правесці невялікую размінку на расслабленне ўсіх частак цела.

— Hallo, mein Freund! Gib mir deine rechte Hand! (пляскач далонямі правай рукі ўверсе);

— Hallo, mein Freund! Gib mir deine linke Hand! (пляскач далонямі левай рукі ўнізе);

— Und wo ist dein rechtes Bein? — Hier! (тупаюць правай нагой);

— Und wo ist dein linkes Bein? — Hier! (тупаюць левай нагой);

— Wie fühlt sich dein Körper? — Gut! (выконваюць кругавыя рухі тулавам);

— Und dein Kopf? Mein Kopf macht so:

Hänge den Kopf locker nach vorne und rolle ihn langsam halbkreisförmig hin und her. Mach das Nackenrollen zuerst mit geschlossenen Augen, dann mit offenen. (Апусці галаву ўперад і рабі паўкругавыя рухі справа налева спачатку з заплюшчанымі вачыма, потым з расплюшчанымі.)

Калі пераважны від дзейнасці на ўроку — слуханне і гаварэнне, то рацыянальна правесці гімнастыку для слыху. Для выканання комплексу практыкаванняў навучэнцы дзеляцца на дзве групы, якім настаўнік раздае карткі з выявамі левага і правага вуха. Сабраўшыся разам, навучэнцы складаюць два вухі. Становяцца ў два рады адзін за адным, згодна са сваёй карткай, і выконваюць наступныя заданні:

— Nehmt eure Ohrläppchen mit Fingern und drücken schwach, dann massiert sie. (Масаж мочкі вуха.)

— Massiere energisch Ohrmuscheln. (Энергічны масаж вушных ракавін.)

— Nehmt linkes Ohr mit rechten Hand und rechtes Ohr mit linken Hand. Zieht sie zuerst nach unten, dann nach oben 20 Mal. (Бяруць левае вуха правай рукой, правае вуха левай, цягаюць сябе за вушкі — спачатку 20 разоў уніз, потым бяруцца за сярэдзінку і цягнуць сябе ўверх таксама 20 разоў.)

Дыхальныя практыкаванні дапамагаюць павысіць узбуджальнасць кары вялікіх паўшар’яў мозгу, актывізаваць дзяцей на ўроку.

Настаўнікам не варта пагарджаць здароўезберагальнымі тэхналогіямі. Некаторыя ду­маюць: “Шкада траціць на зарадку час, можам столькі ўсяго паспець замест яе”. Памятайце: скупы плаціць двойчы! У гэтым выпадку мы плацім здароўем нашых дзяцей, якога ў іх і так недастаткова. Адпачыўшы, дзеці змогуць больш эфектыўна і плённа працаваць.

Вераніка КРЭЧЫК,
настаўніца нямецкай мовы Вялікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.