Зноў “серабро”

- 12:19Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

З 6 па 13 ліпеня ў Інданезіі на востраве Балі праходзіла 25-я Міжнародная біялагічная алімпіяда. Яе арганізатарам выступіў Тэхналагічны інстытут горада Бандунг. Сёлета ў спаборніцтвах прымалі ўдзел 239 школьнікаў з 61 краіны. Беларуская каманда заваявала сярэбраны і бронзавы медалі, а таксама атрымала пахвальны водзыў.

Нашу краіну ў гэтым інтэлектуальным марафоне прадстаўлялі Таццяна Скугарэўская (сярэбраны медаль) і Маргарыта Курбан (пахвальны водзыў) — навучэнкі 11 класа Ліцэя БДУ (выкладчыкі — настаўнікі Ліцэя БДУ Васіль Сяргеевіч Панкратаў і Мікалай Валер’евіч Івашчанка), а таксама Кацярына Драгунава (11 клас, бронзавы медаль) — навучэнка сярэдняй школы № 15 Магілёва (настаўніца — Ю.А.Паўлава) і Таццяна Сцяпанава (10 клас) з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 (выкладчык — Н.С.Колчына). Нагадаем, што апошні раз беларусы атрымлівалі сярэбны медаль на Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе ў 2010 годзе, пасля чаго не бралі вышэй за “бронзу”.
Перадалімпіядныя зборы традыцыйна праходзілі на базе біяфака БДУ ў два этапы. Па выніках першага з іх была вылучана каманда для паездкі на міжнародную алімпіяду, у другім — ажыццяўлялася падрыхтоўка каманды да спаборніцтваў. Кіраўнікі беларускай каманды — дацэнт кафедры фізіялогіі чалавека і жывёл БДУ кандыдат біялагічных навук Дзмітрый Барысавіч Сандакоў і аспірант Інстытута генетыкі НАН Беларусі настаўнік Ліцэя БДУ Васіль Сяргеевіч Панкратаў. Яны займаліся падрыхтоўкай школьнікаў да алімпіяды, а таксама суправаджалі іх у паездцы і бралі ўдзел у рабоце міжнароднага журы.

“Перадалімпіядныя зборы маюць вялікае значэнне. У ходзе іх выпрацоўваецца гатоўнасць да эксперыментаў, якія алімпіяднікі робяць сваімі рукамі, — адзначае Васіль Сяргеевіч. — Пры гэтым кожная дробязь мае значэнне. Да аўтаматызму даводзіцца паслядоўнасць дзеянняў: што, напрыклад, падчас даследавання трэба ўзяць у левую руку, што — у правую. Тэорыя — зусім іншая справа. Тут большая частка пытанняў патрабуе не толькі ведаў, але і навыкаў пэўных лагічных аперацый і разлікаў, правільнага разумення інфармацыі, што прадстаўлена ў пытанні, якая можа быць пададзена не проста тэкстам, а ў выглядзе графікаў, схем і г.д. Таму рыхтавацца да алімпіяды трэба на працягу доўгага часу. У Ліцэі БДУ такая падрыхтоўка, лічу, наладжана на добрым узроўні. Спачатку рыхтуем ліцэістаў да рэспубліканскай алімпіяды, пасля — да міжнароднай. На працягу года я выкладаю спецкурс, падчас вывучэння якога ліцэісты вучацца правільна інтэрпрэтаваць даныя біялагічных эксперыментаў. Выкарыстоўваю пры гэтым задачы з мінулых міжнародных алімпіяд або прыдумваю ўласныя”.

Сёлетняя Міжнародная біялагічная алімпіяда, як і наша рэспубліканская, складалася з двух тураў — тэарэтычнага і эксперыментальнага. Тэарэтычныя заданні школьнікі выконвалі на працягу 6 гадзін у два этапы (кожны — па 3 гадзіны з перапынкам). Яны ўяўлялі два камплекты заданняў (раздзелы А і В). У тэарэтычным туры было 96 пытанняў. Па кожным прапаноўваліся 4 сцвярджэнні, і ўдзельнікі алімпіяды павінны былі адказаць па кожным з іх, ці правільнае яно.
Ужо з’явілася тэндэнцыя, што на міжнародных алімпіядах пытанні на простае ўзнаўленне інфармацыі па прадмеце складаюць не больш за 25 працэнтаў ад усяго даследчага матэрыялу алімпіяды. І сёлетнія выпрабаванні не выключэнне: ад навучэнцаў патрабаваліся не толькі веды, але і ўменне іх прымяняць. Напрыклад, абгрунтавана і лагічна прааналізаваць вынік эксперымента і даказаць, чаму менавіта ён з’яўляецца правільным.

Што тычыцца тэматыкі алімпіядных заданняў, то ўхіл з кожным годам робіцца на больш сучасныя кірункі біялогіі — тэорыю эвалюцыі, генетыку, малекулярную, клетачную біялогію, але не саступаюць сваё месца і традыцыйныя фізіялогія раслін, фізіялогія чалавека і жывёл, экалогія. Але нават у гэтых звыклых раздзелах многія пытанні сёлета мелі камбінаваны характар: для адказу на іх неабходна было веданне малекулярных асноў біялагічных працэсаў. Традыцыйна, хоць і ў невялікай колькасці, на алімпіядзе прысутнічалі цікавыя пытанні па эталогіі і біясістэматыцы.
Практычны ж тур у асноўным запатрабаваў ад іх навыкі, якія неабходны пры правядзенні сучаснай навуковай работы. Школьнікі павінны былі правільна зрабіць эксперымент і аргументавана інтэрпрэтаваць атрыманыя вынікі.

Яны працавалі ў 4 кабінетах (па паўтары гадзіны ў кожным): у кабінеце клетачнай і малекулярнай біялогіі трэба было зрабіць рэзекцыю і электрафарэз фрагментаў ДНК; у кабінеце фізіялогіі раслін ажыццяўлялі храматаграфію выцяжкі з лістоў раслін (храматаграфічнае раздзяленне пігментаў), а таксама спектрафотаметрычную і колькасную ацэнку пігментаў у пэўных відаў раслін; у кабінеце фізіялогіі і сістэматыкі жывёл даследавалі крэветак і адаптацыю жывёл да салёнасці вады; у кабінеце экалогіі і эталогіі праслухоўвалі спевы 9 птушак на плэеры і вызначалі, адносяцца яны да адной групы ці не, а таксама разглядалі пытанні, якія тычыліся экалагічных асаблівасцей і біялагічнай разнастайнасці астравоў Інданезійскага архіпелага.
Адметна, што незразумелых і нечаканых практычных заданняў для нашых школьнікаў не было, таму што падобныя эксперыменты яны рабілі падчас збораў на біяфаку. Але, як і заўсёды, было мала часу на выкананне заданняў — некаторыя проста не паспелі справіцца з імі.
Медалі розных вартасцей атрымалі 60 працэнтаў удзельнікаў алімпіяды. Як расказала наша сярэбраная медалістка Таццяна Скугарэўская, самае цяжкае было тое, што неабходна было рашаць “на хуткасць”, калі мела значэнне кожная секунда. Першыя крокі да сваіх алімпіядных вяршынь Таццяна зрабіла яшчэ ў 22-й гімназіі Мінска, дзе цікавасць да прадмета падтрымлівала настаўніца Ірына Нугзараўна Саковіч. Натхнялі і бацькі, Алег Аляксеевіч і Марына Міхайлаўна — урачы-псіхатэрапеўты. У планах дзяўчыны паступіць у медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт і прадоўжыць сямейную дынастыю.

Для школьнікаў Міжнародная алімпіяда па біялогіі застанецца адной з самых яркіх падзей жыцця яшчэ і таму, што яны наведалі экзатычны і вельмі любімы турыстамі востраў Балі, дзе захоплівае дух ад яго непаўторнай прыгажосці. Востраў хоць і невялікі, але на ім цудоўныя пляжы, дзе ўсе ўдзельнікі алімпіяды змаглі ў вольныя хвіліны добра адпачыць. Ім прапанавалі цікавыя экскурсіі, напрыклад, у сафары-парк, дзе дзікая прырода паўстала перад маладымі людзьмі ў сваім першабытным выглядзе, жывёлы былі не ў клетках, а гулялі зусім побач. У парку жывуць сотні відаў дзівосных звяроў і птушак, у тым ліку рэдкія і тыя, якія знікаюць. Дарэчы, у лагатыпе алімпіяды — выява рэдкай птушкі майны, якая з’яўляецца адначасова сімвалам фаўны вострава і сёння, на жаль, знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Удзельнікі алімпіяды наведалі таксама храм Улувату, які знаходзіцца над морам, на ўцёсе, дзе ўбачылі нацыянальнае інданезійскае шоу — танец кечак па матывах старажытнаіндыйскага эпасу “Рамаяна”.

Надзея ЦЕРАХАВА.