Зноў у лідарах

Рэспубліканская спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ па шахматах прайшла ў Магілёве.

Прадстаўнікі каманды Магілёўскай вобласці атрымліваюць узнагароды пераможцаў рэспубліканскай спартакіяды па шахматах.

Удзел у рэспуб­ліканскім турніры прымалі восем каманд з розных рэгіёнаў краіны. Спаборніцтва прахо­дзіла на працягу пяці дзён. Усяго па кругавой сістэме было арганізавана сем тураў. Па іх выніках трэцяе месца заваявалі навучэнцы Аршанскай СДЮ ШАР № 2. Уладальнікамі “серабра” сталі прадстаўнікі Мінскай СДЮ ШАР. А перамогу ўпэўнена атрымала каманда Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках. І гэта нягледзячы на высокую канкурэнцыю падчас спаборніцтва.

Нядаўняя перамога для выхаванцаў Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках — не разавы прарыў. У падобных першынствах, рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў апошнія гады яны стабільна зай­маюць лідзіруючыя пазіцыі. Акрамя таго, навучэнцы МАСДЮШАР па шахматах і шашках — неаднаразовыя пераможцы і прызёры міжнародных чэмпіянатаў і турніраў.

— Зараз нашу школу наведваюць амаль 400 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх якаснага навучання арганізавана эфектыўная сістэма работы. Правядзенню трэніровак на высокім узроўні спрыяе функцыянаванне філіяла ў Бабруйску, тры добра ўкамплектаваныя вучэбна-трэніровачныя залы ў Магілёве, — адзначыў дырэктар МАСДЮШАР па шахматах і шашках В.С.Багданаў.

Выдатная матэрыяльная база — важны фактар. Але галоўнае ў развіцці здольнасцей выхаванцаў школы — гэта праца трэнераў, якая праводзіцца па самых перадавых методыках, з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага вучня. Менавіта такі падыход дазваляе прыводзіць навучэнцаў да спартыўных вышынь, рыхтаваць будучых зорак беларускага шахматна-шашачнага спорту.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Рамана РУЦКАГА.