У панядзелак увечары прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, сродкаў масавай інфармацыі, студэнты і выкладчыкі БДУФК і БДУ сустракалі ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” удзельнікаў XXVIII Сусветнай зімовай універсіяды ў Алматы. Сярод членаў зборнай і наша галоўная гераіня — уладальніца двух залатых медалёў у канькабежным спорце Марына Зуева.
Лёд зімовай універсіяды невыпадкова стаў для выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры залатым. Як адзначыла шчаслівая і прыемна ўражаная цёплай сустрэчай Марына Зуева, высокія дасягненні з’яўляюцца вынікам напружаных трэніровак і дакладна распланаванага з трэнерам Сяргеем Мініным выступлення. “Мы добра ведалі сваіх сапернікаў, ведалі, як трэба праязджаць кожнае кола, таму і разлічвалі на медаль. Я проста выканала сваю работу. А яшчэ спрыяла надвор’е. У дні маіх выступленняў не было снегападу. На катку “Медэу” хуткі лёд, хочацца яшчэ раз туды трапіць і годна прадставіць Беларусь, заваяваць яшчэ адзін залаты медаль. Нішто так не натхняе, не матывуе, як момант, калі стаіш на п’едэстале і слухаеш гімн краіны, бачыш, як падымаецца Дзяржаўны сцяг. Арганізацыя ўніверсіяды была на высокім узроўні. Нягледзячы на саперніцтва, паміж спартсменамі былі сяброўскія адносіны. Гэта было сапраўднае свята спорту. На стыдыёнах панавала цудоўная атмасфера, за Беларусь многія радасна хварэлі”, — падзялілася спартсменка.
Нагадаем, што Марына Зуева заваявала два залатыя медалі ў забегах жанчын на 3000 і 5000 м. Рэкорд катка “Медэу”, устаноўлены яшчэ ў 1986 годзе спартсменкай з ГДР Андрэа Эрыг (7 мінуты 20,99 секунды), Марына пераўзышла, заваяваўшы другое “золата” (7 мінуты 20,11 секунды). Усяго на ўніверсіядзе ў Алматы наша каманда заваявала 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы медалі і заняла 9-е агульнакаманднае месца. Паспяхова Марына Зуева выступіла і на чэмпіянаце свету па асобных дысцыплінах, які праходзіў адразу пасля завяршэння ўніверсіяды з 9 па 12 лютага ў Каныне (Паўднёвая Карэя).
Па словах намесніка міністра адукацыі Віктара Віктаравіча Якжыка, паспяховае выступленне нашай каманды на XXVIII Сусветнай зімовай універсіядзе ў Алматы з’яўляецца вынікам сістэмнага ўзаемадзеяння Міністэрства адукацыі з Міністэрствам спорту і турызму, федэрацыямі па алімпійскіх відах спорту, той вялікай увагі, якая ўдзяляецца ў краіне школьнаму і студэнцкаму спорту. Гэта таксама вынік мэтанакіраванай работы ў дзіцяча-юнацкіх школах, спартыўных секцыях ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Гэта вынік таго, што ўсё больш школьнікаў далучаюцца да спаборніцтваў па лядовых відах спорту.
— Павялічваецца колькасць удзельнікаў секцый па канькабежным спорце, створаны першыя дзіцячыя і юнацкія групы па шорт-трэку. Тая база, якая створана ў раёнах, максімальна выкарыстоўваецца, не гаворачы ўжо пра абласныя цэнтры і сталіцу. Універсіяда — гэта рэпетыцыя спорту высокіх дасягненняў. Прыемна, што ў 2018 годзе наша краіна будзе прымаць чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце. Спадзяёмся, наша каманда пакажа і на роднай зямлі высокія вынікі, — адзначыў Віктар Віктаравіч.
Як плануецца, у сакавіку ў Нацыянальным алімпійскім камітэце пройдзе ўрачыстае ўганараванне беларускіх удзельнікаў універсіяды. А потым у будучай эліты нашага спорту пачнуцца чарговыя адказныя старты. Няхай яны будуць залатымі!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.