Зона прафесійнага камфорту — клас і дапытлівыя вочы вучняў

- 9:00Людзі адукацыі

У кожнага паспяховага чалавека ёсць свае прафесійныя сакрэты, якія дапамагаюць  яму быць заўсёды наперадзе. Залог поспеху настаўніка пачатковых класаў гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы Людмілы Анатольеўны Пабудзей заключаны  ў простай формуле: любоў да сваёй справы + натхненне + кампетэнтнасць + дальнабачнасць.

У Людмілы Анатольеўны ёсць усё, што характарызуе са­праўднага настаўніка: талент, душэўная цеплыня, розум, абаянне, чуласць, крэатыўнасць, цярпенне і невычэрпная энергія. Менавіта за гэтыя якасці яе любяць дзеці, паважаюць бацькі і цэняць у калектыве.

Вядома, цэнтральнае месца ў дзейнасці настаўніка займаюць яе любімыя вучні. Каб пастаянна знаходзіцца з імі на сувязі, Людміла Анатольеўна стварыла чат “Кураняты”, на YouТube-канале размяшчае яркія моманты з жыцця класнага калектыву, а таксама актыўна выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе ўрокі-канферэнцыі. Прамыя эфіры ўрокаў для дзяцей, якія не наведваюць вучэбныя заняткі, да­зваляюць педагогу працаваць адначасова з усімі вучнямі класа. Згадзіцеся, вельмі зручна!

— Мае вучні самыя разумныя, таленавітыя, мэтанакіраваныя. Яны пастаянныя ўдзельнікі інтэлектуальных і творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый. Штогод становяцца  пераможцамі конкурсаў “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Пасябруй са спортам”, “Сябруюць дзеці на планеце”, “Жывая класіка”, “Таленты Прынямоння”, “Прывітанне, свет!”. Мы рэалізуем праект “Разумныя канікулы”, а таксама запусцілі новы  — інтэлектуальны — “Школа дамашніх навук”. Без нашых выступленняў не абыходзяцца ні гімназічныя, ні раённыя канцэрты, — дзеліцца поспехамі класа Людміла Анатольеўна. — Зона майго прафесійнага камфорту — гэта клас і дапытлівыя вочы маіх вучняў. Ні з чым не параўнаная радасць усведамляць, што ад мяне залежыць такі важны працэс, як станаўленне асобы дзіцяці. У рабоце з дзецьмі кіруюся пэўнымі прынцыпамі: феерверка — усе члены калектыву зоркі; вагаў — сімвала пастаяннага пошуку; унікальнасці — у кожнага свая праграма развіцця;  поспеху — стварэнне для кожнага дзіцяці сітуацыі поспеху; гарызантальных сувязей — згуртаваная каманда аднадумцаў для дасягнення канчатковага выніку.

Людміла Пабудзей — настаўнік-інаватар. Яна выпрацавала свой індывідуальны педагагічны стыль, актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, перавернутае і праблемнае навучанне, асобасна-арыентаваны і кампетэнтнасны падыходы, валодае методыкай ментальнай арыф­метыкі, калі пры дапамозе абакуса (спецыяльнага лічыльніка) у дзяцей  выпрацоўваецца скораснае вуснае лічэнне. Педагог знаходзіцца ў пастаянным пошуку чагосьці новага і цікавага, таму з задавальненнем прымае ўдзел у розных абласных і рэспублікан­скіх семінарах, канферэнцыях, фестывалях, павышае свой метадычны ўзровень праз самаадукацыю. З пяці атрыманых спецыяльнасцей у Людмілы Пабудзей педагагічныя  тры: настаўнік пачатковых класаў, сацыяльны педагог і настаўнік-дэфектолаг. Нямала!

Людміла Анатольеўна з разраду тых людзей, якія робяць заўсёды ўсё толькі на выдатна. Па-іншаму яна і не можа. Прывыкла да такога раскладу. З залатым медалём скончыла школу, з чырвоным дыпломам  — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. І зараз вучняў сваіх прывучае да таго ж: любую пачатую справу даводзіць да канца і выконваць яе толькі на выдатна.

“Мая работа для мяне — гэта, хутчэй, не прафесія, а лад жыцця. Ступіўшы на педагагічную сцежку, я ведала, які нялёгкі і цярністы будзе гэты шлях. Але мне вельмі пашанцавала, бо са мной побач заўсёды аказваюцца людзі, якія падтрымліваюць мяне, мудрыя настаўнікі, самыя лепшыя калегі і адданыя дзіцячыя сэрцы. Я — настаўнік, я — шчаслівы чалавек”, — гаворыць Людміла Анатольеўна.

18 гадоў педагагічнага стажу сталі для Людмілы Пабудзей часам творчага пошуку і набыцця новых ведаў і вопыту. Сваю працоўную дзейнасць яна пачынала на паса­дзе выхавальніка кадэцкага класа, затым працавала сацыяльным педагогам, настаўнікам-дэфекто­лагам. З 2010 года —  настаўнік пачатковых класаў. На працягу чатырох гадоў з любоўю і клопатам яна вучыць і выхоўвае дзяцей, закладваючы трывалы падмурак неабходных ведаў, уменняў і навыкаў, а затым адпраўляе сваіх дзяцей у новае самастойнае падарожжа. І ўсё паўтараецца зноў. Вось і ў наступным навучальным годзе Людміла Анатольеўна развітаецца з трэцім выпускам вучняў, якія сталі за гэтыя гады самымі роднымі і блізкімі.

Сваімі заслугамі Людміла Анатольеўна не любіць выхваляцца. Ды і не лічыць свае педагагічныя напрацоўкі выдатнымі, а сціпла кажа, што яны прызначаны для таго, каб аблегчыць працу настаўніка. Вялікую ўвагу педагог удзяляе вывучэнню і ўкараненню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, без якіх проста не бачыць паўнацэнным адукацыйны працэс у сучаснай гімназіі. Педагога добра ведаюць не толькі  ў Свіслацкім раёне, але і ў вобласці. Вопытам педагагічнай дзейнасці яна неаднаразова дзялілася на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, майстар-класах, практычных занятках. Метадычныя матэрыялы размешчаны ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, у зборніках матэрыялаў міжнародных навукова-практычных канферэнцый.

Настаўніца з’яўляецца пераможцай абласнога агляду-конкурсу “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”, е-mail-канферэнцыі “Выкарыстанне сацыяльных сетак удзель­нікамі адукацыйнага працэсу”, дзе рэалізавала свой інтэрнэт-праект “Вучымся лёгка і цікава”. Дыпломам I ступені адзначана работа педагога ў сеткавай суполцы ў дадатку Сlass Dojo “Будзем разам у інтэрнэце”. Неаднаразова была ўдастоена грамат галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама. У 2020 годзе занесена на раённую Дошку гонару. Прафесійнае майстэрства Людмілы Анатольеўны пакарыла журы на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, дзе стала пераможцай у намінацыі “Пачатковыя класы”. Наперадзе заключны этап, таму рэалізацыя творчых ідэй і задум працягваецца.

—  Мая перамога — гэта перш за ўсё перамога ўсёй нашай дружнай каманды педагогаў гімназіі. Усе этапы конкурсу мы праходзілі разам: кожны адказваў за даручаны яму фронт работ. З самага пачатку творчая група дапамагала мне літаральна ва ўсім. Якое б конкурснае заданне ні трэба было выканаць, мы працавалі ў камандзе. Разам мы — генератар ідэй, а кожны паасобку — важная неад’емная частка гімназічнага карпаратыўнага механізма, — расказвае Людміла Пабудзей. — Не адзін раз я ўваходзіла ў склад творчай групы педагогаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, таму ведала, што перамагчы можна толькі з добрай камандай, з такой, як мая.

Людміла Анатольеўна не толькі выдатны педагог, але і самая лепшая ў свеце мама. Гэтыя словы яна чуе кожны дзень з вуснаў любімай дачкі Ганны. А яшчэ яна выдатная швачка, якая з густам абновіць свой гардэроб, парадуе стыльнымі абноўкамі родных і яркі­мі канцэртнымі ўборамі сваіх вучняў. Арыгінальныя рэчы, выкананыя рукамі майстрыхі, становяцца любімымі прадметамі адзен­ня яе мамы і дачкі.

Марына БАЛЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы Гродзенскай вобласці.